Усе навіны

Кудзеліч пра пераезд у Казахстан: «Мяне як атлета-прафесіянала для спартовага кіраўніцтва не існуе. У Беларусі не ведаеш, калі за табой прыйдуць, а жыць з маленькім дзіцём і глядзець у вочка – так сабе ідэя»

28 красавіка 2023, 15:34

Беларуская бягуха Святлана Кудзеліч у інтэрв'ю блогу «Людзі» распавяла пра прычыны пераезду ў Казахстан разам з мужам і маленькім сынам.

– Чаму для пераезду выбралі Алматы?

– У нас з Ігарам ёсць візы, а ў дзіцяці няма. Платон [сын Кудзеліч] – наш якар (смяецца). Пакуль не ўдалося вырашыць гэтае пытанне. Атабарыліся ў Казахстане. Беларусам тут прасцей легалізавацца, чым у Еўропе.

– А па якіх прычынах вырашылі пакінуць Беларусь?

– Перш за ўсё на радзіме мяне беспадстаўна выкраслілі з усіх спісаў і, адпаведна, знялі з усіх ставак. Не бачыла ніякіх спартыўных перспектыў, няхай і да апошняга хацела жыць у Беларусі. Атлета-прафесіянала Кудзеліч для спартыўнага кіраўніцтва ўжо не існуе. Было ў прынцыпе складана маральна знаходзіцца ў тых месцах, якія раней надавалі сіл: лёгкаатлетычны манеж на Каліноўскага, лес, дзе столькі трэніравалася… Людзі, з якімі быццам бы добра размаўляла, цяпер сталі часцей адварочвацца ці кідаць дзіўныя погляды. І я не разумею, чаму. Бо кожны можа мець свой пункт зроку. Наадварот, добра, калі ў чалавека ёсць пазіцыя. Але мне стала непрыемна быць сярод гэтых людзей.

– У Казахстане адчуваеце сябе ў бяспецы?

– Так, тут спакайней. А ў Беларусі сёння не ведаеш, калі і дзе за табой прыйдуць, хаця нічога дрэннага не зрабілі. Жыць з маленькім дзіцем і глядзець у вочка – так сабе ідэя. Так што вырашылі паехаць у Алматы. Наладзілі побыт, нас атачаюць добрыя людзі, ёсць цікавая праца – усё нармальна. Не загадваем, колькі прабудзем у Казахстане. Жыццё ў нас адна і трэба шанаваць кожнае імгненне.

– Чым займаецца ваш муж?

– Ён трэніруе аматараў і прафесіяналаў у адным з мясцовых клубаў – Jrun. У Алматы да Ігара ставяцца значна лепш, чым у Беларусі. Чамусьці. Бачу, муж ажыў, пачаў усміхацца, а то да гэтага маркоціўся, – распавяла Кудзеліч.