Усе навіны

Андрэй Краўчанка: «Прыйшлося адмовіцца ад кар'еры. Міжнародныя спартыўныя арганізацыі ніякай падтрымкі не аказалі»

24 траўня 2023, 14:30

Беларускі дзесяціборац Андрэй Краўчанка распавёў пра тое, як у яго і яго жонкі-лёгкаатлеткі Яны Максімавай складаецца спартыўная кар'ера пасля вымушанага пераезду з Беларусі ў Германію.

– Міжнародныя спартыўныя арганізацыі ніякай падтрымкі не аказалі. Я павінен быў карміць сям'ю, таму мне прыйшлося адмовіцца ад планаў працягваць кар'еру.

Яна не гатовая развітацца з марай і спадзяецца прыняць удзел у Алімпіядзе 2024 года. Праўда, у яе таксама не атрымоўваецца на новым месцы вырашыць пытанне з дакументамі. Усё залежыць ад міжнародных федэрацый, а мы куды толькі ні пісалі – ніхто не адказвае.

МАК ніяк не дапамагае спартсменам, якія змагаліся з рэжымам, але так заўзята клапоціцца пра беларусаў і расіян, якія нічога не робяць. Я ўжо наогул перастаў разумець, у чым сэнс, – сказаў Краўчанка.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.