Усе навіны

Крысціна Ціманоўская: «Дзякуючы маім сторыс многія прымаюць важныя жыццёвыя рашэнні. Адчуваю місію»

10 лістапада, 18:21

Беларуская лёгкаатлетка з польскім пашпартам Крысціна Ціманоўская ў інтэрв'ю nashaniva.com расказала пра сваё разуменне прыватнага жыцця.

З'ехаўшы ад мужа, вы практычна адразу паляцелі ў Грэцыю, а там сустрэлі маладога чалавека. Ці не страшна было так хутка пасля разрыву ісці ў новыя адносіны?

– Адпачынак быў запланаваны ўжо даўно. Здаецца, што лёс сам адправіў мяне ў Грэцыю, таму што ў планах была Італія ці Харватыя, але ў апошні момант усё змянілася. Я веру ў знакі і прытрымліваюся іх. Яны прывялі мяне ў Грэцыю, дзе я пазнаёмілася з маладым чалавекам. Для мяне гэта не проста курортны раман ці момант помсты. Я абсалютна не думала пра гэта, а проста жыла сэрцам. І адчула, што ў чалавеку, з якім я пазнаёмілася, ёсць усё тое, што я хацела б бачыць у сваім партнёры. У моманце я адчула, што знайшла свайго чалавека, з якім добра

Дарэчы, у былога мужа такая ж сітуацыя. Ён у новых адносінах і падзяліўся са мной тым, што таксама адчуў, што знайшоў свайго чалавека. Магчыма, мы ўжо даўно не адчувалі тых пачуццяў, як на пачатку адносін, і таму так хутка адпусцілі адно аднога і ўпусцілі ў сваё жыццё іншых людзей. Не бачу ў гэтым нічога дрэннага. Кожны павінен жыць гэтае жыццё і быць шчаслівым. Мы шчаслівыя, але з іншымі партнёрамі. І я шчыра рада.

– Вы даволі адкрыта ў інстаграме расказваеце пра сваё жыццё. А навошта? Многія лічаць, што «шчасце любіць цішыню» і «смецце з хаты выносіць не варта».

– Мне падабаецца весці інстаграм, падабаецца дзяліцца момантамі свайго жыцця, падабаецца размаўляць з людзьмі і падабаецца паказваць праўду якая яна ёсць. Нягледзячы на тое, ці гэта шчаслівыя адносіны, ці распад моцнага шлюбу.

Я сумленная перад аўдыторыяй і падпісчыцы гэта шануюць. Таксама шмат з таго, што я кажу і паказваю, адгукаецца людзям, дзякуючы маім сторыс многія таксама прымаюць важныя жыццёвыя рашэнні і потым распавядаюць мне свае гісторыі са словамі падзякі. Я ў гэты момант адчуваю, што выконваю пэўную місію і з'яўляюся моцным матыватарам для іх. Гэта прыемна і гэта зараджае.

У будучыні мне б вельмі хацелася паказаць сапраўднае каханне, бо здаецца, што ў гэтым свеце адносіны, каханне і сям'я вельмі абясцэніліся. Таму хочацца паказаць адваротнае. Мне самой прыемна падпісвацца на сямейныя акаўнты і назіраць за шчаслівымі парамі.

Пакуль, на жаль, мне не ўдалося гэтага паказаць, таму што шмат чаго я ідэалізавала і прыхарошвала, але я веру, што змагу пабудаваць моцныя, шчырыя адносіны са сваім чалавекам, – распавяла Ціманаўская.