Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Брала тытулы, працавала ў падвалах, атакавала футбол, давала адпор імперцу, маўчала. Якой мы запомнім Аліну Талай

Брала тытулы, працавала ў падвалах, атакавала футбол, давала адпор імперцу, маўчала. Якой мы запомнім Аліну Талай

Упершыню публічна выступіла з 2020-га – і адразу такая навіна.

Аўтар — bytribuna com
24 лістапада, 14:04
Брала тытулы, працавала ў падвалах, атакавала футбол, давала адпор імперцу, маўчала. Якой мы запомнім Аліну Талай

23 лістапада Аліна Талай, якая з 2020-га ўвогуле ні пра што ніяк не выказвалася, у сваім Instagram абвясціла пра завяршэнне карʼеры, якая і так асабліва не ішла ўжо некалькі гадоў. 34-гадовая рэкардсменка Беларусі ў барʼерным бегу распавяла, што ў апошнія гады кожнае трэнаванне суправаджалася болем, таму «настаў час ставіць новыя мэты і ісці насустрач іншым марам». Пасля гэтага Талай запрасіла ўсіх ахвочых да сябе на спартыўныя заняткі.

Мы ж расказваем самыя яскравыя факты з біяграфіі бягухі – як яна зняпраўдзіла раннія прагнозы, працавала на жудаснай пасадзе, наязджала на футбол, паказвала веды беларускай гісторыі і не толькі.

Зняпраўдзіла песімістычныя прагнозы дактароў

Карʼера Талай пачалася толькі ў 14 гадоў, калі спартыўны талент у роднай Воршы заўважыў трэнер Аляксандр Гуцін. На школьных спаборніцтвах падлетак добра скокнула ў даўжыню, прыняла прапанову коўча прыйсці на трэнаванне па барʼерным бегу і адразу паказала там выдатны вынік. Вось толькі для заняткаў трэба было рэгулярна праходзіць медычныя агляды – адзін з іх выявіў праблемы з сэрцам.

- Да мяне прыйшоў ейны тата і задуменна пачаў: «Хачу вас засмуціць». Я ўжо думаю: усё, не будзе болей трэнавацца. А ён: «У Віцебску нам сказалі, што Аліна можа займацца, але толькі пры ўмераных нагрузках. Чэмпіёнкай яна ніколі не стане». У мяне нібы камень з сэрца ўпаў – галоўнае, што не кідае, – успамінаў Гуцін.

Ну а Талай, нягледзячы на абмежаванні ў нагрузках, пасароміла прагнозы лекараў – на ейным рахунку не толькі мноства ўнутрыбеларускіх тытулаў, але і золата ЧЕ-2012, перамогі на ЧЕ ў памяшканнях у 2013-м і 2015-м, а яшчэ бронза ЧС-2015. і шэраг узнагарод ніжэйшага ўзроўню.

Дэ-факта даўно скончыла праз траўмы

Абвясціла пра завяршэнне карʼеры Талай цяпер, але не выступала на афіцыйных спаборніцтвах даўно. Статыстыка World Athletics (якая запісвае нават беларускія спаборніцтвы, нягледзячы на бан) апошні раз які-небудзь вынік Талай фіксавала 17 лютага 2021-га на турніры ў польскай Торуні – і тое гэта быў зімовы сезон і дыстанцыя 60 м з барʼерамі. На звыклых 100 метрах з барʼерамі варшанка апошні раз выступіла ў залік увогуле 3 верасня 2019-га ў харвацкім Заграбе.

Віной таму пандэмія і траўмы, якія апошнія гады даймалі спартсменку. Яшчэ ў 2018-м Талай прапусціла некалькі месяцаў праз стомлеснага пералому ступні. У 2020-м, паводле ейных словаў, была ў выдатнай форме, але каранавірус скасаваў усе важныя старты. Ну а ў траўні 2021-га Талай парвала ахілава сухажылле на левай назе, пасля чаго аднаўлялася год і вярнулася да паўнавартасных трэнаванняў толькі ў чэрвені 2022-га. Але план ізноў набраць форму і прадоўжыць карʼеру так і не спраўдзіўся.

Не змагла раскрыцца на АГ

У Талай ёсць поспехі на ЧЕ і ЧС, але ў яе фактычна нічога не атрымалася на галоўных для атлетаў спаборніцтвах – Алімпійскіх гульнях. На АГ-2012, якія былі першым сурʼёзным дарослым турнірам у карʼеры, варшанка пасля асабістага рэкорду ў кваліфікацыі ў паўфінале прабегла крыху павольней – і адну сотую секунды не дацягнула да прахаднога месца. На АГ-2016 спартсменка цэліла на кватэру за высокі вынік – але запнулася аб барʼер у паўфінале, пасля чаго на эмоцыях ледзь не завяршыла карʼеру, але вярнулася пасля невялікай паўзы. Ну а АГ у Токіа былі перанесеныя з 2020-га на 2021-ы праз каранавірус – і ў выніку туды Талай не патрапіла па прычыне траўмы.

Трэнавала сябе сама

Галоўныя поспехі ў карʼеры прыйшлі да Талай пад кіраўніцтвам двух трэнераў – беларускага Віктара Мяснікова і аўстрыйскага Філіпа Унфрыда. Пасля АГ-2016 ад апошняга варшанка сышла і пераехала ў ЗША, дзе стала працаваць з трэнерам хуткасці Ларэнам Сігрэйвам і нават сама паспела атрымаць трэнерскі сертыфікат. А з 2018-га, вярнуўшыся ў Беларусь, уласна, трэнавала сябе сама.

- З Унфрыдам цяжка было знайсці агульную мову. Ды і ў пэўны момант стала складана катацца па ўсім свеце, падоўгу не бываць удома. Я набралася досведу і зразумела, што гатова яго ўжыць самастойна. З самадысцыплінай у мяне праблем няма, – тлумачыла гэтае рашэнне Талай.

Сама з сабой спартсменка ў 2018-м абнавіла рэкорд Беларусі да 12,41 (трымаецца дагэтуль), а ў 2019-м паказала кваліфікацыйны вынік для пуцёўкі на АГ. Вынікаў сусветнага ўзроўню не дасягнула – зрэшты, тут трэба помніць і пра траўмы.

На працы бачыла мёртвых катоў у падвалах

У юнацтве Талай не ўспрымала спорт як тое, чаму прысвяціць жыццё, і хацела атрымаць сурʼёзную вышэйшую адукацыю – паступіць у Мінск на хімічны факультэт. Аднак у апошні момант раздумалася і падала дакументы ў педагагічны. Аднак пры атэстаце з сярэднім балам 8,9 неяк праляцела міма бюджэтных месцаў. Пасля гэтага паступіла ў медычны каледж, але праз тыдзень вучобы забрала дакументы, зразумеўшы, што гэта «не ейнае». Ну а ў Воршы, каб не сядзець без справы, уладкавалася на своеасаблівую працу.

- Трэнер мне «падагнаў» месца ў ЖЭС. У падвале кожнага дому ёсць лічыльнікі вады і тэмпературы – мая праца была заносіць паказанні ў журнал уліку і казаць слесарам, калі нешта дзесьці не ў парадку. Часцяком у падвалах не было святла, я ўздрыгвала ад кожнага шолаху і часта ўцякала з усіх сілаў. Наглядзелася на бамжоў, пацукоў, блох, мёртвых катоў... Хапіла мяне на пяць месяцаў, – успамінала Талай.

Неўзабаве яна ўсё ж паступіла ў БДУФК, дзе ў выніку атрымала дыплом менеджэра ў сферы турызму.

Размаўляла па-беларуску і хацела бачыць яго ў трэндах

У 2014-м у чарговым інтэрвʼю Талай паказала добрае валоданне беларускай мовай. Тады яна прызналася, што яшчэ за паўгода да таго з цяжкасцю падбірала словы, але потым пачала размаўляць па-беларуску стала з адным з калегаў. Паслухаць крыху роднай мовы ад бягухі можна ў відэа ніжэй.

У 2015-м Талай таксама прызнавалася, што ўпершыню сутыкнулася з сучаснай беларускай прозай, пазітыўна ацаніўшы раман Віктара Марціновіча «Мова». А яшчэ скардзілася на стэрэатып, што «чамусьці лічыцца, што беларуская мова – не для «нармальнай публікі», нібыта «мужыцкая», «вясковая», і прапаноўвала «на дзяржузроўні ператварыць беларускую ў трэнд».

Не раз наязджала на футбол

Талай не бянтэжылася крытыкаваць тое, што ёй не падабалася ў беларускім спорце. І рэгулярнай тэмай быў футбол – барʼерыстцы не падабалася, што заробкі ў ім значна вышэйшыя, чым у лёгкай атлетыцы. У 2016-м яна ў цэлым наракала, што «нават Усэйну Болту плацяць за рэкорд столькі, колькі дастаткова сярэдні еўрапейскі футбаліст атрымлівае за пару месяцаў», а потым лаялася больш канкрэтна: пасля аднай з параз зборнай Беларусі задалася пытаннем «Яшчэ больш грошай на футбол?» Заяўляла, што на ейную падрыхтоўку да ЧС за год патрацілі ўсяго месячны заробак гульца БАТЭ, а таксама яскрава адказала на меркаванне, што так адбываецца праз нізкую цікавасць да ейнага віду.

- А каму цікава чытаць пра беларускі футбол? Каму цікава ведаць пра які-небудзь магілёўскі «Дняпро»? Ну, выступаюць нейкія там хлопцы, окей, – сказала тады Талай.

Любіла матацыклы і ўступіла ў байкерскі клуб

З юнацтва Талай марыла купіць матацыкл – для яе «ад язды на ім зусім іншыя адчуванні: апранаеш скураную куртку, шлем і адчуваеш свабоду». А ў 2015-м, здолеўшы вылучыць на гэта грошы, купіла Harley Davidson – і толькі пасля гэтага папрасіла бацьку запісаць яе на рэшту на правы ў Воршы. Зрэшты, Талай хутка прайшла патрэбны экзамен і села за руль байка, які называла сваёй «адзінай аддушынай у шчыльным графіку».

У 2016-м Талай засвяцілася на закрыцці мотасезона, якое ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка. Тады ж яна стала першай дзяўчынай, прынятай у байкерскі клуб Minsk Chapter Belarus.

Мае рэжымнае званне капітана

Практычна ўсю карʼеру Талай лічылася спартоўцам-інструктарам спартовага камітэта рэжымных Узброеных сіл. І паступова расла ў званні: у 2013-м яе прадстаўлялі як прапаршчыка, у 2016-м называлі лейтэнантам, а сёння на сайце «ВС» яна пазначаная капітанам. У 2011-м жа спартсменка ад свайго «ведамства» выйграла Сусветныя ваенныя гульні.

Калісьці выбірала бел-чырвона-белы, але ў момант ягонага росквіту прамаўчала

У 2013-м Талай дала рэзананснае інтэрвʼю «Прэсболу». Там у спартсменкі пацікавіліся яе кругаглядам – тады выявілася, яна шмат чытае і, што яшчэ цікавей, захапляецца вывучэннем гісторыі. Нават распавяла, як прасвяціла расейскага калегу, які «сунуў гэты імперыялізм», наконт гісторыі ВКЛ. А ў інтэрвʼю яскрава выказалася пра Беларусь і ейныя спрадвечныя сімвалы.

- Куды падзець гісторыю дзяржавы да 1917 года? Трэба забыцца на тое, што нашыя прадзеды стагоддзямі палівалі гэтую зямлю сваёй крывёю? Чаго мы тады вартыя? Раней проста не магла зразумець: ну няўжо людзям так напляваць, што яны не знаходзяць час прачытаць пару кніжак пра гісторыю краіны? Але, мне падаецца, мы паступова вяртаемся да вытокаў сваёй дзяржаўнасці. Маё асяроддзе складаюць людзі, якія мараць пра сапраўднае нацыянальнае адраджэнне Беларусі. Вядома, я вырасла пад чырвона-зялёным сцягам і мне падабаецца, калі ён паднімаецца ў мой гонар – але наш колер бел-чырвона-белы, – заявіла Талай.

Аднак Талай прамаўчала ў 2020-м, калі бел-чырвона-белы сцяг (хай, хутчэй, дзякуючы не гісторыі, а нянавісці да яго з боку рэжыму) перажываў пік папулярнасці і масава выкарыстоўваўся на мірных пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту «сілавікоў». Тады Талай проста не выказала ніякай пазіцыі, адмовіўшы ў любых каментарах нават дзяржТБ. Праз такое ўпартае маўчанне некаторыя калегі бягухі перасталі з ёй кантактаваць.

Праігнаравала мужа Ціманоўскай у складаны час

Не так даўно пра Талай успамінаў Арсеній Зданевіч – таксама былы бягун-барʼерыст з Беларусі. Як аказалася, тытулаванай спартсмена фактычна трэнавала атлета, хоць па дакументах коўчам быў іншы чалавек – але «ў той момант часта выступала за мяжой», таму ў яе не было часу прасоўваць «свайго» спартсмена ў зборную, і ён скончыў са спортам, бо лічыў несправядлівым «праштурхванне» канкурэнтаў іх трэнерамі. Але яшчэ цікавейшым успамінам Зданевіча стаў аповед пра спробы звязацца з Талай улетку 2021-го. Тады мужчына тэрмінова зʼехаў у Кіеў – пасля таго, як ягоную тады жонку Крысціну Ціманоўскую знялі з забегу на АГ і паспрабавалі выслаць у Беларусь за крытыку памылак спортчыноўнікаў, а яна здолела вырвацца ў аэрапорце і накіравалася ў Польшчу.

- Калі пачаўся ўвесь гэты скандал з Крысцінай, то мне патэлефанавала Аліна. Ужо быў тады ў Кіеве. Потым з ёй спрабаваў звязацца, але Талай не адказвала на паведамленні і не паднімала слухаўку. Хоць мы сябравалі і камунікавалі і па-за спортам, – сказаў Зданевіч.

Падпісана на аднаго чалавека – «памяшанага на ягадзіцах»

Свежы пост з абʼявай аб завяршэнні карʼеры стаў для Талай першым у Instagram з 19 сакавіка 2020-га – маўчала яна гэтыя гады па ўсіх кірунках. Тым не менш у падпісантах акаўнта атлеткі застаецца 16,9 тысяч акаўнтаў. А вось у Талай падпіска роўна адна. Абраным чалавекам стаў амерыканскі блогер-мільённік Брэт Кантрэрас. Яго называюць «памяшаным на ягадзіцах» – ён вучыць развіваць гэтую групу цягліц: вывучаў тэму навуковымі метадамі і нават вынайшаў асобную прыладу для ўмацавання. Таксама Кантрэрас – аўтар кнігі «Анатомія сілавых практыкаванняў з выкарыстаннем у якасці абцяжарвання ўласнай вагі».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты