Усе навіны

Кацярына Сныціна: «Ні разу не было думкі, што паспяшалася абвясціць пра завяршэнне кар'еры»

20 траўня, 09:24

Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна ў інтэрв'ю парталу «Зеркало» расказала аб завяршэнні кар'еры.

– Яшчэ ў верасні мінулага года вы абвясцілі, што маючы адбыцца сезон будзе апошнім у кар'еры. Думалі хаця б раз, што, магчыма, паспяшаліся?

–- Ведаеце, я патрапіла ў такі ідэальны момант – ні разу не было думкі, што паспяшалася ці, наадварот, занадта позна вырашыла скончыць. Можа, год таму і закрадалася думка, што яшчэ магла б пайграць. Але ў гэтым сезоне і фізічна, і эмацыйна была гатова, што гэта фініш.

– І якія зараз адчуванні ад таго, што кропка ўжо пастаўлена?

– Сапраўды не сумавала. Можа, сум з'явіцца пазней, калі ўбачу трэніроўкі дзяўчынак, падрыхтоўку баскетбалістак да турніраў – сачу за сацсеткамі некаторых гульцоў.

А зараз я б параўнала свае адчуванні з дзіцячым лагерам. Падчас змены было класна, весяла, але апошнія пару дзён ты ўжо чакаеш прыезду бацькоў. Так і я чакала заканчэння сезона пасля шматгадовай кар'еры. Найгралася.

– Вы ўвайшлі ў топ-3 па набраных ачках у Еўракубку, прычым адставанне ад лідараў зусім невялікае. Гэта не было нагодай яшчэ пагуляць?

– Пра гэтую статыстыку даведалася ў сярэдзіне мінулага сезона. Але ніколі на працягу кар'еры не думала, што вось трэба абавязкова набраць столькі ачкоў і абысці ўсіх.

Баскетбол – камандная гульня. І мае найлепшыя матчы былі, калі перамагала каманда. Таму, даведаўшыся пра свае паказчыкі ў Еўракубку, вырашыла проста гуляць, а там як складзецца.

Не стала першай – і добра. Але быў, прынамсі, невялікі ажыятаж вакол маёй статыстыкі. Прышпільна атрымалася, – сказала Сныціна.