Tribuna/Біятлон/Блогі/Героямі 2019-га на TUT.BY стаў 6 «А». Клас, простыя беларусы і Домрачава ратавалі юнага спартсмена – вось што стала з удзельнікамі гісторыі

Героямі 2019-га на TUT.BY стаў 6 «А». Клас, простыя беларусы і Домрачава ратавалі юнага спартсмена – вось што стала з удзельнікамі гісторыі

Без хэпі-энду.

Аўтар — bytribuna com
18 студзеня, 15:46
Героямі 2019-га на TUT.BY стаў 6 «А». Клас, простыя беларусы і Домрачава ратавалі юнага спартсмена – вось што стала з удзельнікамі гісторыі

Беларусы за апошнія гады не раз паказвалі, што ўмеюць абʼядноўваць намаганні, каб дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Самаарганізацыя ў пандэмію каранавіруса, пакуль сістэма не рэагавала на сітуацыю, зборы для пацярпелых ад гвалту з боку «сілавікоў» Лукашэнкі, які працягваецца ўсе 2020-я – прыкладаў шмат, і рэжым не спыняецца ў сваёй празе адпомсціць за іх.

Але ёсць і гісторыі дапамогі, якія абʼядноўваюць нават тых, каго сёння ідэалогія нібыта развяла ў зусім розныя бакі. Гісторыі, у якіх і абсалютныя маўчуны парушаюць свае «абяцанні». Год таму такім прыкладам стаў збіты машынай у Беластоку 6-гадовы беларус Міхаіл Грынкевіч, якому ў найкарацейшыя тэрміны сабралі 300 тысяч еўра на лячэнне. У кастрычніку 2023-га паведамлялася, што хлопчык аднаўляецца ад траўм у Нямеччыне.

Мы ж успомнім гісторыю салідарнасці, якая здарылася больш за чатыры гады таму. Тады бяда здарылася ў сямʼі трэнера па плаванні Дзмітрыя Кашаля. Калісьці ён быў спартсменам зборнай Беларусі, чэмпіёнам краіны і ўладальнікам яе рэкорду на 50 метраў батэрфляем, потым як коўч даводзіў падапечных да Алімпійскіх гульняў, а паралельна стаў займацца з параплыўцамі – рыхтаваў да першай для яго Паралімпіяды Ігара Бокага (у Лондане-2012 той узяў пяць залатых і адзін срэбны медалі) і далей таксама ўваходзіў у трэнерскі штаб паралімпійскай каманды.

У жніўні 2019-га 12 гадоў споўнілася сыну жонкі Кашаля Дзіяны. Ілля Давідовіч таксама быў у спорце – займаўся пентатлонам, у пачатку восені 2019-га выйграў адзін з турніраў. Але ў кастрычніку таго года ў хлопчыка раптам моцна забалела галава. Неўзабаве боль мінуў, і юны спартовец нават схадзіў на чарговае трэнаванне, але назаўтра ўсё паўтарылася. На трэці раз дзіця павезлі да медыкаў – і адкрылася страшнае: у юнага спартоўца знайшлі вялікую пухліну галаўнога мозгу. Іллю прааперавалі, але беларускія анколагі давалі дзіцяці прагноз усяго на некалькі гадоў жыцця.

Сямʼя з гэтым не змірылася і стала шукаць лекараў за мяжой. Лячэнне пагадзіліся правесці ў Швейцарыі, але на яго патрабавалася каля 100 тысяч долараў. Маці Іллі адкрыла дабрачынны рахунак, першымі дапамаглі спартсмены – знаёмыя мужа; адна са спартыўных арганізацый перавяла адразу 15 тысяч долараў, але ўсяго гэтага было мала.

Але ў дапамогу свайму таварышу ўключыліся вучні 6 «А» класа мінскай школы № 161, дзе вучыўся Ілля. З дапамогай бацькоў і настаўнікаў надрукавалі 10 тысяч улётак з заклікам перавесці грошы – а дзеці, якіх у школе лічылі не самымі адказнымі, у свой вольны час арганізавана збіраліся, каб раздаваць улёткі на вуліцы, у падземных пераходах і крамах. Далучыліся да раздачы і іншыя вучні школы, і настаўнікі. Дырэктар школы Валерый Стружко ўзгадніў размяшчэнне інфармацыі аб зборы на сайце і ў сацсетках школы і па тэлефоне пацвярджаў гісторыю тым, хто тэлефанаваў праверыць інфармацыю, баючыся махлярства.

Пра ўсё гэта многія беларусы даведаліся ў канцы снежня 2019-га – тады на самым папулярным медыяпартале краіны TUT.BY выйшла гісторыя пра Давідовіча і яго класа. Матэрыял зрабіла журналістка Кацярына Барысевіч. І здарыўся калядны цуд: за шэсць дзён беларусы, якіх кранула сітуацыя, сабралі для Іллі 80 тысяч долараў. А калі TUT.BY запусціў сваё традыцыйнае апытанне «Герой года», 27% з амаль 17 тысяч удзельнікаў галасавання выбралі школьнікаў з 6 «А». Яны абагналі ў тым ліку Арыну Сабаленку, якую намінавалі за тэнісныя поспехі, і рэжысёра Аляксандра Вавілава, адзначанага парталам за выкарыстанне ў пастаноўцы цырымоній Еўрагульняў у Мінску нацыянальнага каларыту – там былі і «Пагоня», і рыцары ВКЛ, і шырокае асвятленне, скажам так, дасавецкай беларускай спадчыны.

17 студзеня 2020-га TUT.BY правёў для Іллі і аднакласнікаў цырымонію ўзнагароджання. Памятную статуэтку і дыплом уручала галоўная рэдактарка партала Марына Золатава. Дзецям таксама падарылі пропуск на ўсіх у аквапарк, для іх накрылі салодкі стол. Вучні расказвалі, як не здаваліся, калі нехта адмаўляўся браць у іх улёткі, а дырэктар Стружко казаў, што «першы творца» такой згуртаванасці дзяцей – не школа, а выхаванне ў семʼях (што можна толькі яшчэ раз нагадаць усім бацькам).

Як аказалася, TUT.BY здзейсніў і мару Іллі – ён быў фанатам шматразовай алімпійскай чэмпіёнкі па біятлоне Дарʼі Домрачавай. На цырымоніі дзецям паказалі відэазварот Домрачавай, якая тады трэнавала зборную Кітая і была з ёй у Нямеччыне.

– Усе мы былі вельмі ўражаныя гісторыяй, на якую ты, Ілля, падштурхнуў сваіх аднакласнікаў. Вядома, гэта вялікі прыклад для ўсіх нас, як трэба ўмець гуртавацца ў цяжкай сітуацыі і прыходзіць на дапамогу адзін да аднаго, – сказала былая спартоўка.

А ў канцы студзеня Домрачава, прыехаўшы ў Беларусь, асабіста сустрэлася з Давідовічам і яго класам, паразмаўляла з рабятамі і перадала ім падарункавы сертыфікат на палёт у аэратрубе. Ілля атрымаў ад экс-спартсменкі заплечнік АГ-2018 і быў шчаслівы. Верылася, што ўсё гэта дапаможа перамагчы анкалогію.

Аднак рэальнасць, на жаль, не заўсёды дае нам добрыя канцоўкі. Праз чатыры гады яна склалася зусім не так, як думалася тады.

Партал TUT.BY у 2020-м працягнуў сумленна працаваць – асвятляць згаданыя бяздзейнасць сістэмы ў пандэмію, фальсіфікацыі выбараў, гвалт «сілавікоў».

Журналістка Барысевіч у лістападзе 2020-га асвятляла забойства Рамана Бандарэнкі – абаронцу бел-чырвона-белых стужак нанеслі смяротныя траўмы сябры «банды» зразальнікаў сімволікі, куды ўваходзілі экс-баец Дзмітрый Шакута (біў) і трэнер Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў (глядзеў на гэта). У выніку рэжым адправіў Барысевіч на паўгода за краты за «падбухторванне да разгалашэння медычнай таямніцы» – таму што журналістка апублікавала праўдзівую інфармацыю, што аналізы Бандарэнкі паказалі адсутнасць алкаголю, у той час як прапаганда спрабавала вылепіць з забітага «пʼянага».

18 траўня 2021-га рэжым разграміў TUT.BY у цэлым – не толькі знішчыў партал у інтэрнэце на ўзроўні сервераў, але і кінуў за краты 15 супрацоўнікаў медыя. Сярод іх была і Золатава – ёй і гендырэктарцы TUT.BY Людміле Чэкінай выдумалі першапачаткова «падатковыя» «абвінавачванні», а затым і «распальванне варожасці» з «заклікамі да дзеянняў супраць бяспекі» рэжыму. У выніку Золатаву і Чэкіну адправілі ў калонію на 12 гадоў.

Дырэктар школы Стружко ў 2020-м стаў намеснікам старшыні «выбарчай камісіі», якая так і не выдала выбаршчыкам вынікаў сваіх падлікаў. Больш за тое, у адной з крыніц паведамляецца, што Стружко выклікаў «сілавікоў» Лукашэнкі для разгону тых, хто чакаў вынікаў каля ўчастка. На сайце школы, якую Стружко па-ранейшаму ўзначальвае, цяпер галоўная навіна – пра «галасаванне» за «дэпутатаў», прычым адразу з лагатыпам прарэжымнай партыі «Белая Русь» (няма нават бачнасці раўнапраўя «кандыдатаў»). Напэўна дырэктар ізноў будзе «лічыць» галасы.

Сабаленка ў 2020-м падпісалася за Лукашэнку і піла з ім на запісы навагодняга «віншавання». Рэжысёр Вавілаў у 2021-м атрымаў ад Лукашэнкі медаль, а ў 2023-м адказваў за цырымоніі на Гульнях краін СНД.

Домрачава яшчэ некалькі разоў сустракалася з Іллём Давідовічам – у ліпені 2020-га і ў жніўні 2022-га, падарыўшы хлопчыку камеру GoPro.

Але ўменне «згуртоўвацца ў цяжкай сітуацыі», пра якое казала экс-біятланістка, у яе аказалася выбарчым. Гневацца на збіццё беларусаў «сілавікамі» рэжыму Домрачава адмовілася, нават калі пад раздачу патрапіў родны брат. У пачатку 2023-га экс-спартсменка не ўпершыню абцякальна заявіла, што «ў здзіўленні ад таго, што ў нашыя дні вядуцца рэальныя ваенныя дзеянні», і адразу пераклала тэму на тое, што хоча «бачыць спорт свабодным ад палітыкі».

Коўч Дзмітрый Кошаль у 2021-м быў на Паралімпіядзе ў трэнерскім складзе беларускай зборнай, дзе Бокій, які падпісаўся за рэжым, аформіў чарговы пачак перамог. У 2022-м Кошаль прайшоў працэдуру прызнання ў ЗША чалавекам з «экстраардынарнымі дасягненнямі», дзякуючы чаму стаў рэзідэнтам у Штатах і цяпер трэнуе ў Каліфорніі, дзе імкнецца стварыць уласную школу.

Маці Іллі Давідовіча Дыяна Кошаль стала валанцёрам арганізацыі, якая дапамагае семʼям з хворымі дзецьмі. У верасні 2022-га Кошаль распавяла блогу «Адлюстраванне», што пасля лячэння ў Швейцарыі ў 2020-м у сына пабочным эфектам узніклі вялікія праблемы са зрокам, але іх змаглі зменшыць новай аперацыяй, на якую грошы таксама сабралі неабыякавыя беларусы, а ў снежні 2021 -га лекары абвясцілі, што ў Іллі рэмісія.

Аднак у кастрычніку 2022-га выявілася, што ракавыя клеткі ў арганізме Давідовіча прачнуліся. Праз гэта ў 2023-м у Іллі зʼявіліся праблемы з рухальнымі функцыямі. Аднак згаданая легалізацыя Дзмітрыя Кошаля распаўсюдзілася на ўсю сямʼю, і ў чэрвені 2023-га Дыяна Кошаль паведаміла, што Іллю прынялі ў перадавой дзіцячай анкалогіі ў Лос-Анджэлесе па страхоўцы штата Каліфорнія. Але, на жаль, і там не змаглі спыніць хваробу. 31 кастрычніка 2023-га Ілля памёр ва ўзросце 16 гадоў.

«Гэтая гісторыя – адна з самых складаных, назіральнікам якой я стала. Ілля быў для мяне прыкладам. У ім жыццё біла ключом. Ён проста хацеў займацца спортам і злаваў на хваробу. Не сумаваў, а злаваў. Ведаю, што можна казаць, што былі выйграныя месяцы, а то і гады для Іллі, што мы адпрацавалі навыкі салідарнасці, што абʼядналіся тыя, хто, можа б, не абʼяднаўся б у іншай сітуацыі. Але цяпер я ведаю напэўна, што нават калі ты перавернеш свет, у цябе можа не атрымацца», – падсумавала сітуацыю былая менеджарка TUT.BY Саша Пушкіна.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты