Tribuna/Біятлон/Блогі/Лыжня Лукашэнкі страціла голас – аматарка Расіі з дзяржТБ паехала за мужам-трэнерам у Ізраіль

Лыжня Лукашэнкі страціла голас – аматарка Расіі з дзяржТБ паехала за мужам-трэнерам у Ізраіль

Вы дакладна глядзелі з ёй біятлон.

Аўтар — bytribuna com
17 траўня, 19:16
1
Лыжня Лукашэнкі страціла голас – аматарка Расіі з дзяржТБ паехала за мужам-трэнерам у Ізраіль

16 мая Tochka.by паведаміла, што заўважыла ў закрытым акаўнце Instagram каментатаркі «Беларусь 5» Ганны Любянковай фота з працоўнай кніжкай. Любянкова пацвердзіла выданню, што звольнілася з дзяржТБ, дапрацаваўшы сезон у замацаваным за ёй біятлоне. Прычына – пераезд у Ізраіль з мужам, у якога, як аказалася, ёсць габрэйскія карані і знайшлася працоўная прапанова на новым месцы жыхарства. Муж, дарэчы, хацеў выправіцца ў Ізраіль яшчэ ў канцы 2023-га, але Любянкова адмовілася праз «аўтарскую праграму [пра біятлон] «Агнявы рубеж», абавязанняў перад тэлеканалам, федэрацыяй».

Любянкова, якой нядаўна споўнілася 34 гады, у новай для сябе краіне хоча займацца звыклай для сябе справай – паслала рэзюмэ на рускамоўнае радыё і ТБ, дзе гатовая адысці ад спорту. Хоць гэта цікавае пытанне – ці возьмуць яе на працу ў Ізраілі. Усё ж Любянкова (падрабязнасці ніжэй) шмат гадоў была часткай беларускай прапаганды – у якой з Ізраілем, мякка скажам, недружалюбныя стасункі: не так даўно дыктатар Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Ізраіль нібыта «бамбіць мірнае насельніцтва», а ў канцы красавіка рэжымны « міністр абароны» Віктар Хрэнін назваў «мудрай» атаку на Ізраіль з боку Ірана, калегу з якога прымаў.

Наогул Любянкова з дзяцінства займалася плаваннем, захаплялася і іншымі відамі спорту, але вучыцца пайшла на менеджарку ва ўніверсітэт культуры. Па словах ужо экс-супроцаўніцы дзяржТБ, яна разважала пра тое, каб паступіць на журфак, але падумала, што там «трэба пісаць шмат і па патрабаванні» і давядзецца «працаваць з рознымі нецікавымі тэмамі, акрамя спорту». Але і «культурнай» менеджаркай дзяўчына ў выніку стала толькі па адукацыі – спачатку працавала ў страхаванні, а затым «у сферы асвятляльнага абсталявання – свяцільні, лямпачкі, люстры».

Але ў 2013-м на БТРК вылучылі спорту асобны канал, і на «Беларусь 5» зладзілі кастынг – Любянкова адзінай адправіла заяўку з жаданнем каментаваць біятлон, была заўважаная і ў выніку прайшла адбор. Праўда, спачатку рабіла флэш-інтэрвʼю ў хакеі – казала, што «ўражанні ад камунікацыі са зборнымі Расіі і Беларусі на ЧС-2014 застануцца назаўжды». Але ўсё ж пачалася і каментатарская праца. У выніку, па падліках самой Любянковай, яна каментавала як мінімум 19 відаў спорту – праўда, у гэты пералік уключаны такі своеасаблівы «від», як танкавы біятлон.

Таксама Любянкова была карэспандэнткай і аўтаркай сюжэтаў у самых розных праграмах «Беларусь 5». А асноўным для супрацоўніцы стаў біятлон – яна ўвесь час каментавала яго, прычым хутка пачала працаваць у адзіночку. У 2016-м Любянкова падалася на кастынг каментатараў на расійскім федэральным «Матч ТБ» – трэба сказаць, і гэты прапагандысцкі канал высока ацаніў дзяўчыну: яна выйшла ў фінал, але там усё ж не ўвайшла ў лік двух пераможцаў.

Любянкова працягнула зʼяўляцца ў эфірах на БТРК, а ў 2018-м упершыню для сябе паехала на Алімпіяду – паводле яе слоў, то быў «момант, да якога ішла ўсё жыццё, дзеля чаго працавала». Голас Любянковай суправаджаў срэбра Дарʼі Домрачавай у алімпійскім мас-старце і сенсацыйнае золата беларускай каманды ў эстафеце. Як успамінала каментатарка, яна, «загарнуўшыся ў наш [чырвона-зялёны] сцяг, уся ў слязах ляцела праз трыбуну ў мікст-зону, а ўсе абдымалі і віншавалі». А вось на канькабежным спорце Любянкова прызнавалася, што ёй практычна нічога незразумела.

Ездзіла Любянкова і на наступныя Алімпіяды ў Токіа і Пекіне – на апошняй выдавала срэбра падпісанта за рэжым Антона Смольскага за «народны» поспех.

Ад 2017-га да звальнення Любянкова – гэта была яшчэ «і аўтарка, і рэдактарка, і памочніца рэжысёра, і аўтарка сцэнарыя, і вядоўца» праграмы «Агнявы рубеж». Перадача на паўгадзіны эфірнага часу расказвала пра беларускіх і не толькі біятланістаў – адзначым, што пасля бана ў адказ на вайну ва Украіне ў праграме працягнулі асобным блокам асвятляць Кубак свету. У сваім апошнім эфіры Любянкова ў «найлепшых традыцыях» прапаганды на роўным месцы паспрабавала зачапіць нарвежцаў, якія дамінавалі ў сезоне-2023/24 у мужчынскім біятлоне – вядоўца заявіла, што яны «выдатныя, прынамсі, пакуль існуюць тэрапеўтычныя выключэнні».

Наогул праца Любянковай нярэдка здзіўляла. У прыватнасці, каментатарка магла ўжыць у эфіры на Беларусь слова «Белоруссия». А ў 2015-м патрапіла ў вельмі недарэчную сітуацыю. Напярэдадні чарговай гонкі ў Францыі расстралялі журналістаў выдання Charlie Hebdo – у памяць аб гэтым французскія біятланісты паднялі плакат Je Suis Charlie (Я – «Шарлі»). Любянкова відавочна была не ў курсе – і заявіла: «Французы падтрымліваюць нейкага Чарлі. Даведаюся падрабязнасці гэтай гісторыі – раскажу». За такое яе ледзь не адхілілі ад эфіраў, але ў выніку гэтага не здарылася.

У 2020-м экс-выкладчык журфака БДУ Яўген Раманцэвіч аналізаваў працу Любянковай і прыйшоў да высновы, што яе галоўная праблема – частыя штампы і клішэ ў гаворцы, а таксама не зразумеў, чаму каментатарка кажа «Францы» або «Дора» замест поўных імёнаў біятланістак, і адзначыў, што Любянкова «часам адкрыта выказвае сваю падтрымку расійскім біятланістам», у чым яе нярэдка абвінавачвалі і гледачы – але сама дзяўчына тлумачыла гэта арыгінальна.

А яшчэ Любянкова заставалася прамой удзельніцай прапагандысцкіх мерапрыемстваў – у 2020-х гэта не змянілася. Любянкова традыцыйна працавала голасам на «Мінскай лыжні» – аматарскім турніры рэжымных ведамстваў, дзе звычайна ходзіць на лыжах і страляе асабіста Лукашэнка. Жывым каментатарам там традыцыйна выступаў Уладзімір Навіцкі, Любянковай заставалася роля «канферансье», якую яна, зрэшты, выконвала спраўна і гучна называла Лукашэнку «прэзідэнтам» (адзнака 4:48).

У канцы 2022-га дзейнасць Любянковай ацанілі граматай ад «НАК» Лукашэнка.

А ў 2023-м Любянкова ў пары з запрошаным расійскім каментатарам Віктарам Гусевым выступіла вядоўцай шоў «Героі. Перазагрузка», арганізаваным спартыўным клубам Лукашэнка. Там розныя рэжымнікі, у тым ліку з белспорту, змагаліся ў выпрабаваннях з пажарна-ратавальнага спорту, які культывуецца сістэмай, а суддзёй-інфарматаркай у своеасаблівым вобразе выступала ўнучка дыктатара Дарʼя Лукашэнка.

Што да мужа Любянковай, 31-гадовы Ягор Додалеў – прафесійны плывец, сябра зборнай Беларусі амаль усе 2010-я. У адкрытым Instagram Додалева няма ніякіх згадак пра вяселле, але рамантычныя фота з Любянковай зʼяўляюцца рэгулярна з 2022-га. Судзячы па акаўнце, сёння пара жыве ў горадзе Хадэра – прыбярэжным 100-тысячніку ў 45 км на поўнач ад Тэль-Авіва, то бок у процілеглым кірунку ад неспакойнага Сектара Газа. Год таму Додалеў пісаў, што яго «жыццё змяняецца пакуль толькі ў лепшы бок» – магчыма, пераезд уваходзіць у гэтае вызначэнне.

Додалеў звычайна плаваў батэрфляем, галоўны міжнародны поспех застаўся ў 2011-м – спартсмен стаў чацвёртым на дыстанцыі ў 100 метраў на юніёрскім ЧЕ. На дарослым узроўні найлепшы вынік – 10-е месца на ЧЕ на кароткай вадзе (дыстанцыя 50 метраў). На сваім адзіным ЧС, у 2017-м, Додалеў стаў 15-м на 50-метроўцы, у тым жа годзе плывец заняў 6-е месца на адным з этапаў Кубка свету. З 2020-га спартсмен перастаў удзельнічаць у спаборніцтвах за межамі Беларусі, але ўнутры краіны на сваіх любімых дыстанцыях працягваў увесь час трапляць у медалі. У 2023-м на 50 м узяў бронзу ЧБ у красавіку і срэбра ЧБ на кароткай вадзе ў лістападзе. Апошні поспех спартсмен пракаментаваў прызнаннем, што нават асабліва не трэнаваўся, чым выклікаў іранічную рэакцыю ў калегі Яўгена Цуркіна.

Трэнуе Додалеў даўно – праводзіў заняткі і ў Мінску, пазіцыянуючы сябе як «шматразовага рэкардсмена РБ». За разавы трэнінг з мужам Любянковай хацелі 70 рублёў (23 долары па сярэднегадавым курсе за 2023-ы), пры куплі абанемента на восем заняткаў цана за адзін зніжалася да 62,5 рубля (21 долар).

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты