Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Кандрацьеў лічыць, што федэрацыя не дала яму вывесці зборную на Еўра, а таму хоча амаль 100 тысяч еўра кампенсацыі

Кандрацьеў лічыць, што федэрацыя не дала яму вывесці зборную на Еўра, а таму хоча амаль 100 тысяч еўра кампенсацыі

Задача, якой няма.

Автор — bytribuna com
13 лістапада, 23:59
8
Кандрацьеў лічыць, што федэрацыя не дала яму вывесці зборную на Еўра, а таму хоча амаль 100 тысяч еўра кампенсацыі

12 лістапада стала вядома, што былы галоўны трэнер зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў падаў у суд рэжыму Лукашэнкі па Цэнтральным раёне Мінска на Беларускую федэрацыю футбола. Там спецыялісту адмовілі ў разглядзе справы, аднак Кандрацьеў абскардзіў вердыкт у судзе рэжыму Лукашэнкі па горадзе Мінску. Разгляд апеляцыі адбудзецца 20 лістапада. Крыніцы «Позiрка» мяркуюць, што пазоў звязаны з кампенсацый трэнеру за датэрміновае скасаванне кантракту па ініцыятыве АБФФ.

«Трыбуна» паспрабавала даведацца падрабязнасці сітуацыі.

Хоча адсудзіць дзясяткі тысяч долараў

На пасадзе галоўнага трэнера зборнай Беларусі Кандрацьеў пратрымаўся 701 дзень (з 28 ліпеня 2021-га па 29 чэрвеня 2023-га) і паспеў за гэты час правесці 21 матч усіх узроўняў (афіцыйных і таварыскіх). Пры гэтым толькі ў адной з 17 афіцыйных сустрэч «нацыяналка» здолела перамагчы – як раз у апошняй пад кіраўніцтвам Кандрацьева – 19 чэрвеня 2023-га была абыграная зборная Косава 2:1.

Праз 10 дзён пасля гэтага матча адбыўся выканкам АБФФ. На ім мусіў прысутнічаць і Кандрацьеў, аднак да залы паседжанняў спецыяліст так і не дайшоў. Як пазней стала вядома, за паўгадзіны да пачатку выканкама Кандрацьева і ягоных памочнікаў да сябе ў кабінет выклікаў старшыня федэрацыі Мікалай Шарснёў і абʼявіў, што АБФФ спыняе з імі працоўныя адносіны. Сам Кандрацьеў потым казаў, што для яго гэта быў шок і што ён увогуле нічога не зразумеў.

Пазней першы намеснік Шарснёва Андрэй Васілевіч казаў, што ў АБФФ «палічылі, што трэба, каб чалавек сышоў годна і, магчыма, пасля творчай паўзы прынёс яшчэ карысць нашаму футболу». Вось толькі годным расстанне сёння назваць наўрад ці можна.

Кандрацьеў вырашыў судзіцца з федэрацыяй футбола праз некалькі месяцаў пасля расстання. Пры гэтым падрабязнасці сітуацыі вельмі скупыя. Як высветліла «Трыбуна», прадмет спрэчкі паміж настаўнікам і АБФФ сапраўды ў грошах. Кандрацьеў некаторы час таму падаў у суд рэжыму Лукашэнкі па Цэнтральным раёне Мінску пазоў да былога працадаўцы. Як удалося даведацца, трэнер мае намер адсудзіць у федэрацыі заробак, які належала атрымаць па кантракце да канца тэрміну ягонага дзеяння.

У лістападзе 2022-га на выканкаме АБФФ было зацверджана, што супраца з Кандрацьевым працягнецца, а таму, паводле нашых звестак, пагадненне, якое заканчвалася ў снежні 2022-га, працягнулі да канца 2023-га.

Цяпер жа спецыяліст лічыць, што яму належыць кампенсацыя за тыя месяцы, якія ён недапрацаваў па кантракце па рашэнні АБФФ. А гэта, між іншым, паўгода.

Што да памеру кампенсацыі, то яна падлічваецца дзясяткамі тысяч долараў. Як паведамляла раней «Трыбуна», заробак у Кандрацьева ў зборнай быў 15 тысяч долараў да сплаты падаткаў. Адпаведна, цяпер трэнер хоча спагнаць з АБФФ 90 тысяч долараў «бруднымі».

Пры гэтым, паводле нашых звестак, пасля звальнення Кандрацьеў судом АБФФ не пагражаў. Як пазней расказваў сам спецыяліст, ён 4 ліпеня спачатку зʼехаў у Польшчу, дзе сустрэўся з дачкой, а пасля адправіўся на адпачынак у Балгарыю. Вярнуўся трэнер у Беларусь у верасні. Ну а неўзабаве, відаць, запусціў разбіранне з АБФФ.

Федэрацыю пра намер ісці ў так званы суд Кандрацьеў, наколькі нам вядома, не папярэджваў. Больш за тое, ніякіх дакументаў з лукашэнкаўскага суда ці ад Кандрацьева з патрабаваннямі ў АБФФ таксама не прыходзіла. Пакуль што ўсе працэсы ідуць у плоскасці так званай судовай сістэмы.

Тут адзначым пару цікавых дэталяў. Па нашых звестках, трэнер дагэтуль не падпісаў дакументы аб згодзе спыніць супрацу з АБФФ.

Таксама, наколькі нам вядома, Кандрацьеў лічыць, што яму не далі выканаць быццам бы пастаўленую задачу – заваяваць пуцёўку на чэмпіянат Еўропы-2024. Перамога над Косавам пакідала тэарэтычныя шанцы на такі вынік. Логіка ў спецыяліста такая: раз не далі выканаць задачу і скасавалі кантракт – калі ласка, плаціце. Пры гэтым па нашых звеськах афіцыйна такая задача ў кантракце Кандрацьева прапісана не была.

Ад АБФФ ужо спрабавалі атрымаць кампенсацыю. Няўдала

Для беларускай федэрацыі футбола атрымліваць фінансавыя прэтэнзіі ад былога галоўнага трэнера зборнай – не навіна. АБФФ ужо праходзіла такі шлях з Аляксандрам Хацкевічам. Двухразовы ўладальнік звання «Футбаліст года Беларусі» трэнаваў «нацыяналку» з 2014-га па 2016-ы. З ім таксама кантракт быў скасаваны ў аднабаковым парадку па ініцыятыве АБФФ.

Пры гэтым кантракт трэнера быў разлічаны да лістапада-2017. Старшыня АБФФ Сяргей Румас тлумачыў, што рашэнне аб разрыве было прынятае пасля таго, як трэнер адмовіўся пайсці на памяншэнне зарплаты, «паколькі па якасці гульні і выніках каманда не здзейсніла прасоўвання наперад» (калектыў тады правалам стартаваў у адборы на ЧС-2018). Па звестках Tribuna.com, заробак спецыяліста складала 240 тысяч еўра ў год.

Агент Вадзім Шаблій быў перакананы, што АБФФ не мела падставаў разрываць пагадненне ў аднабаковым парадку.

У выніку спрэчка зацягнулася да кастрычніка 2017 года. За гэты час пазоў спачатку не задаволіў футбольны арбітраж АБФФ. Хацкевіч і ягоныя прадстаўнікі падалі апеляцыю ў Спартыўны арбітражны суд у Лазане, аднак і там даказаць сваю праўду не атрымалася.

Як кажуць функцыянеры з беларускага футбола, з якімі мы пагутарылі на ўмовах ананімнасці, сітуацыя Кандрацьева вельмі падобная да той, што была ў Хацкевіча. І шанцаў на тое, што зараз удасца спагнаць з АБФФ якую-небудзь кампенсацыю, практычна няма.

Фота: abff.by

Лучшее в блогахБольше интересных постов

Другие посты блога

Все посты