Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Перад адстаўкай Кандрацьева зборнiкi верылi, што яе дакладна не будзе – Шарснёў нават абяцаў падумаць пра двайныя прэміяльныя за Косава

Перад адстаўкай Кандрацьева зборнiкi верылi, што яе дакладна не будзе – Шарснёў нават абяцаў падумаць пра двайныя прэміяльныя за Косава

А потым сам вырашыў звольніць штаб.

Аўтар — bytribuna com
5 ліпеня, 19:30
1
Перад адстаўкай Кандрацьева зборнiкi верылi, што яе дакладна не будзе – Шарснёў нават абяцаў падумаць пра двайныя прэміяльныя за Косава

19 чэрвеня зборная Беларусі ўпершыню за 17 афіцыйных матчаў выйграла – у Косава (2:1) у адборы да ЧЕ-2024. А 29 чэрвеня галоўны трэнер каманды Георгій Кандрацьеў разам са сваім штабам быў адпраўлены ў адстаўку. Коуч заявіў, што для яго гэта стала поўнай нечаканасцю, шокам, і, маўляў, нічога такога развіцця падзей не прадвяшчала (падумаеш, у 16 афіцыйных матчах яго каманда набрала шэсць ачкоў). Федэрацыя ж ніякіх падрабязнасцей рашэння не дала.

«Трыбуна» раскрывае некаторыя дэталі адстаўкі Кандрацьева.

У Венгрыi ўсе паверылі, што Кандрацьеў застаецца

11 чэрвеня зборная адбыла ў Будапешт, дзе прымала каманды Ізраіля і Косава. З камандай у Венгрыю адправіліся старшыня АБФФ Мікалай Шарснёў і яго першы намеснік Андрэй Васілевіч.

Настрой у калектыве быў бадзёры. Каманда настройвалася на перамогі. Як адзначаюць нашы суразмоўцы, і сам Кандрацьеў стаў больш пазітыўным, чым звычайна – шмат жартаваў, падтрымліваў у камандзе прыемную атмасферу.

Дадатковую ўстаноўку зборнай напярэдадні сустрэчы з ізраільцянамі правёў асабіста Шарснёў. Як нам удалося даведацца, кіраўнік АБФФ на вячэрнім камандным сходзе 14 чэрвеня казаў «матывацыйную прамову» з тыповым наборам штампаў – кшталту «за вамі Радзіма», «заўзятары чакаюць перамогі», «трэба выкласціся цалкам» і гэтак далей.

Выніку гэта не прынесла – 16 чэрвеня Ізраіль перамог 2:1, Беларусь паўтарыла «вечны» антырэкорд (16 афіцыйных матчаў запар без перамог). Шарснёў і Васілевіч за матчам назіралі з VIP-ложы, а пасля сустрэліся з калектывам на каманднай вячэры. Па сведчанні нашых суразмоўцаў, нягледзячы на паражэнне, Шарснёў ніякага разносу не рабiў, жорстка не крытыкаваў – спакойна выказаў незадавальненне вынікам, асобна адзначыў некаторых гульцоў і на гэтым скончыў. Пра лёс Кандрацьева не было сказана ні слова.

Зборная працягнула падрыхтоўку да матчу з Косавам. Настрой у калектыве пагоршыўся, але ўпадніцтва не было. Кандрацьеў і яго памочнiкi імкнуліся захоўваць бадзёрасць духу, усяляць у гульцоў упэўненасць, што з Косавам ўсё будзе добра.

19 чэрвеня Беларусь выйграла ў супернікаў 2:1. Падчас і пасля матча звычайна пахмурны Кандрацьеў нават, здавалася, усміхаўся.

У раздзявальні каманда зрабіла агульнае фота, але Кандрацьева на ім не было. Сам трэнер пазней тлумачыў сваю адсутнасць на здымку тым, што, «напэўна, у гэты час быў у душы».

Па нашай інфармацыі, у раздзявальню пасля паядынку заходзілі і Шарснёў з Васілевічам. Яны таксама радаваліся, былі ў цудоўным настроі. Ну а футбалісты, заўважыўшы гэта, паспрабавалі скарыстаць сітуацыю. Справа ў тым, што за перамогі над Ізраілем і Косавам гульцам абяцалі да пяці тысяч долараў. Убачыўшы задаволенага Шарснёва, гульцы пачалі прасіць за выйгрыш двайныя прэміяльныя. Кіраўнік АБФФ пагаджацца не стаў, але сказаў, што падумае пра гэта ў Мiнску. Спойлер: больш за абяцанае першапачаткова футбалістам не далi.

Шарснёў прыйшоў і на вячэру. Як расказалі нашы крыніцы, каманда заставалася ў выдатным настроі і была практычна ўпэўненая, што і да наступных паядынкаў еўраадбору будзе рыхтавацца з трэнерскім штабам Кандрацьева.

Шарснёў сам вырашыў прыбраць штаб зборнай

26 чэрвеня адбылася сустрэча кіраўніцтва АБФФ з галоўнымі трэнерамі асноўнай, маладзёжнай і юнацкіх зборных Беларусі. На сустрэчы прысутнічаў Кандрацьеў, а таксама яго памочнікі Алег Радушка, Дзмітрый Раўнейка і Павел Яўсеенка. Па нашых даных, ім былі выказаныя некаторыя прэтэнзіі з боку Шарснёва наконт вынікаў, але ніякіх намёкаў на магчымую адстаўку Кандрацьева не было. На той сустрэчы трэнеру даручылі падрыхтавацца да выканкаму АБФФ: скласці справаздачу наконт праведзенай работы за чэрвеньскі цыкл і сфармуляваць планы на будучыню.

Выканкам быў прызначаны на 11 раніцы 29 чэрвеня. Аднак за паўгадзіны да паседжання Кандрацьева і памочнікаў да сябе ў кабінет запрасіў Шарснёў. Ён быў адзін і выказаў жаданне вывучыць даклад Кандрацьева, але коўч нічога не падаў (па якіх прычынах – нам невядома). А потым аказалася, што Шарснёў меў намер абвясціць трэнерам пра адстаўку, а адсутнасць даклада толькі ўмацавала кіраўніка АБФФ у яго рашэнні.

Па нашых даных, кіраўнік АБФФ не раіўся са сваімі намеснiкамі, адстаўка – яго асабістае рашэнне. Па словах спецыялістаў са свету футбола, з якімі пагутарыла «Трыбуна», Шарснёў такім чынам хоча паказаць, што, заступіўшы на сваю пасаду, мае намер мяняць становішча спраў у футболе, адрозніваць сваё кіраванне ад часу пад кіраўніцтвам Уладзіміра Базанава. Звальненне Кандрацьева – адно з «радыкальных» дзеянняў.

Размова пра адстаўку ў кабінеце Шарснёва праходзіла спакойна. Па расказах нашых суразмоўцаў, кіраўнік АБФФ у прынцыпе не любіць павышаць голас – усе дыялогі, нават з выказваннем прэтэнзій, праходзяць у размераным рэчышчы. А пасля абвяшчення Кандрацьева запрасілі ўсё ж наведаць выканкам. Але трэнер адмовіўся і разам з памочнікамi пакінуў Дом футбола, знаходзячыся ў шчырым неразуменні наконт рашэння Шарснёва.

Тым часам члены выканкама чакалі Кандрацьева з памочнікамі і дакладам на паседжанні, і іх адсутнасць у многіх выклікала здзіўленне. Са справаздачай выступіў толькі галоўны трэнер маладзёжнай зборнай Сяргей Ясінскі. А ў канцы збору Шарснёў абвясціў, што кіраўніцтва федэрацыі вырашыла скасаваць кантракты са штабам зборнай у сувязі з нездавальняючымі вынікамі. Асаблiвай рэакцыі ў зале гэта не выклікала, нейкіх абмеркаванняў кадравых пераменаў паміж функцыянерамі не было.

Затое, паводле нашых звестак, рашэнне прыбраць Кандрацьева здзівіла гульцоў зборнай. Па словах нашых крыніц, дабрадушны настрой Шарснёва пасля перамогі над Косавам наладжваў на тое, што ніякіх перастановак не будзе. Але здарылася тое, што здарылася.

Фота: abff.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты