Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Закрылі філіял у вёсцы Лукашэнкi, заявілі каманду ў Д3, гульцоў клічуць у зборныя. Чым жыве акадэмія рэжымнага махінатара

Закрылі філіял у вёсцы Лукашэнкi, заявілі каманду ў Д3, гульцоў клічуць у зборныя. Чым жыве акадэмія рэжымнага махінатара

Зайцаў працягвае ўтрымліваць «апошнюю цытадэль».

Аўтар — bytribuna com
9 ліпеня, 18:00
2
Закрылі філіял у вёсцы Лукашэнкi, заявілі каманду ў Д3, гульцоў клічуць у зборныя. Чым жыве акадэмія рэжымнага махінатара

Лукашэнкаўскі алігарх Аляксандр Зайцаў (знаходзіцца пад санкцыямі Еўрапейскага саюза) у свой час нагуляўся з брэсцкім «Дынама», якое прывёў да чэмпіёнства, і не змог утрымаць на прафесійным узроўні «Рух» з-за фінансавых праблем. Цяпер з футболам яго звязвае ўсяго адзін праект – так званая дзіцяча-юнацкая акадэмія, якая была адкрыта ў 2016 годзе з вялікімі планамі. Яна базіравалася ў Брэсце, мела філіялы ў Ашмянах, Александрыі, Астраўцы і Оршы. Планавала пашырацца і ў іншыя гарады. Для кіраўніцтва акадэміяй выпісалі спецыяліста з Іспаніі, а ў навучанні збіраліся выкарыстоўваць нідэрландскія, сербскія і іспанскія методыкі. Сярод трэнераў былі заўважныя ў беларускім спорце фігуры, у тым ліку алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка (яе задачай было ставіць футбалістам тэхніку бегу).

Акадэмія адносілася то да брэсцкага «Дынама», то да «Руха», але ў выніку стала самастойным праектам пад назвай «Цэнтр развіцця футбола». Зайцаў яшчэ да выбараў-2020 абяцаў, што будзе ўтрымлiваць акадэмію, як бы цяжка яму ні было (сваім дарослым пачынанням ніякіх гарантый ён не даваў).

У выніку акадэмія па-ранейшаму жыве, хаця прыдворны бізнесмен, чыёй асноўнай дзейнасцю з'яўляецца арганізацыя розных трансгранічных махінацый у інтарэсах Лукашэнкі, сутыкаўся з вялікімі праблемамі з-за санкцый і пасля прымусовай пасадкі самалёта з Раманам Пратасевічам у 2021 годзе, і з-за саўдзелу свайго патрона ў вайне супраць Украіны з лютага 2022-га. Усе гэтыя падзеі адбіваліся на фінансаванні акадэміі – узнікалі і запазычанасці перад трэнерамі, і прэтэнзіі з боку рэжымных органаў кантролю.

Але Зайцаў не пакінуў сваю «апошнюю цытадэль». Акадэмія нават займела сваю каманду ў чэмпіянаце Беларусі.

Закрылі філіял на малой радзіме Лукашэнкі, адмовіліся ад Астраўца і Мядзеля

Дзіцяча-юнацкі праект лукашэнкаўскага алігарха працягвае існаваць, хоць і ў крыху абноўленым выглядзе. У пачатку 2023-га быў праведзены рэбрэндынг: Цэнтр развіцця футбола перайменавалі ў Цэнтр футбола (ЦФ), змяніўшы лагатып, але захаваўшы ранейшую юрыдычную асобу.

Змянілася геаграфія праекта. Летась прыйшлося закрыць філіял у Александрыі – на малой радзіме Лукашэнкі. Дзяцей адтуль перавялі ў аршанскае аддзяленне, якое Зайцаў працягвае ўтрымліваць. Таксама было вырашана адмовіцца ад школы ў Астраўцы – яна па-ранейшаму існуе, але да праекту Зайцава гэта ўжо ніякага дачынення не мае. У Ашмянах філіял таксама быў зачынены, а выхаванцы перайшлі ў прыватную школу Fair Play. Тым больш няма думак аб стварэнні філіяла ў Мядзелі. Затое ў 2022 годзе з“явіўся філіял у Тамашоўцы, што за 70 км ад Брэста.

У брэсцкім аддзяленні Цэнтра займаюцца юнакі 2013, 2014 і 2015 гадоў нараджэння. У кожнай групе – па 30 чалавек. У Тамашоўцы – гульцы з 2007 па 2009 гады нараджэння, таксама каля 30 чалавек у групе. Аднагодкі рабят з Тамашоўкі праходзяць навучанне і ў Оршы. З кожным узростам працуюць два-тры трэнеры, уключаючы асобнага спецыяліста па варатарах, урач – адзін на ўвесь філіял.

Сярод трэнераў па-ранейшаму можна сустрэць вядомыя прозвішчы. У Брэсце з камандай 2013 года нараджэння займаецца прызёр ЧБ, уладальнік Кубка Беларусі Андрэй Цэван. Праўда, з трэнерскага складу Цэнтра зніклі Юлія Несцярэнка і яе муж. Спецыяліста, які б адказваў за тэхніку бегу, ва ўстанове больш няма.

Як нам удалося высветліць, Зайцаў па-ранейшаму прыкладае намаганні, каб стварыць камфортныя ўмовы для юных футбалістаў. У Тамашоўцы і Оршы дзеці забяспечаны трохразовым харчаваннем, пражываннем у інтэрнаце, за трэніроўкі ніхто не плаціць. Экіпіроўка таксама прадастаўляецца. У Брэсце хоць і ўведзеная плата за заняткі, аднак далёка не самая вялікая – шэсць рублёў з чалавека за паўтарагадзінную трэніроўку. Аплату выездаў на спаборніцтвы і ўдзел у іх Цэнтр бярэ на сябе.

Што да вынікаў, каманда зайцаўскага праекта U-13 у пачатку ліпеня стала пераможцам турніру «Наша будучыня-2023». Раней там збіралася мноства каманд з Украіны, краін Балтыі, іншых дзяржаў былога СССР. Аднак сёлета ўдзельнічалі прадстаўнікі толькі ад Беларусі і Расіі. Брэсцкія 13-годкі занялі першае месца сярод шасці калектываў, у фінале абыграўшы «Балтыку» з Калінінграда.

Каманда U-14 узяла там жа срэбра сярод чатырох каманд.

Каманда 2007 года нараджэння заняла ў нядаўна скончаным чэмпіянаце вышэйшай лігі U-16 сёмае месца. Дзеці на год маладзейшыя таксама фінішавалі сёмымі ў першынстве свайго ўзросту. 15-годкі сталі пятымі ў зоне «Захад» вышэйшай лігі і не патрапілі ў фінальны этап. Пры гэтым гульцы Цэнтра працягваюць выклікацца ў зборныя сваіх узростаў, у тым ліку на матчы адборачных этапаў чэмпіянату Еўропы.

Праект алігарха мае і жаночы кірунак. Праўда, вынікі пакуль гнятуць. Гульцы не старэйшыя за 15 гадоў з адным балам занялі апошняе, шостае месца на рэгіянальным этапе чэмпіянату Беларусі ў групе «В» з розніцай мячоў 1:31.

Цэнтр працягвае набіраць новыя групы. У розных гарадах для гэтага ладзяцца футбольныя фестывалі для дзяцей 2009-2013 гадоў нараджэння. 2 ліпеня такі адбор прайшоў у Рэчыцы, 8-га – у Івацэвічах, 9-га – у Оршы.

Як стала вядома «Трыбуне», у ЦФ няма ніякіх фінансавых праблем. Трэнеры і персанал своечасова атрымліваюць грошы. Праўда, сумы не дацягваюць да сярэдняга заробку па краіне (сёння складае 1861 рубель да выплаты падаткаў). Напрыклад, трэнеры цэнтра ў Брэсце атрымліваюць паўтары тысячы рублёў за месяц. Спецыялісты ў філіялах маюць крыху больш за тысячу рублёў.

Заявілі каманду ў другую лігу і ўжо прэтэндуюць на павышэнне ў класе

Напэўна, галоўная змена ў жыцці праекта Зайцава за апошні год – заяўка ў Д3 чэмпіянату Беларусі каманды пад назвай «Цэнтр футбола».

Актыўна рыхтавацца да такога кроку пачалі ў снежні 2022 года – паўставала пытанне, што рабіць з групай старэйшага ўзросту (U-18), якую вёў Вячаслаў Грыгараў, экс-галоўны трэнер «Руха». Выпуск павінен быў адбыцца ўлетку 2023-га. Вядома, можна было проста распусціць выхаванцаў пасля заканчэння навучання, каб кожны самастойна далей прабіваўся ў футболе. Аднак у ЦФ вырашылі заявіць выпускную каманду ў Д3, умацаваўшы яе больш узроставымі гульцамі з боку.

Узімку каманда Грыгарава ўдзельнічала ў чэмпіянаце ліцэнзавання, але турнір яна не дагуляла, пераключыўшыся на падрыхтоўку да другой лігі.

І тут Зайцаў узяў усё фінансаванне на сябе – аплаціў заявачны ўзнос у памеры 1500 рублёў, забяспечыў экіпіроўку, харчаванне, выезды, зарплаты і гэтак далей. Праводзіць дамашнія матчы калектыў на стадыёне ў Маларыце, а базіруецца ў Тамашоўцы.

Ёсць адзін нюанс: паводле нашай інфармацыі, заробкі ў «Цэнтры футбола» плацяцца толькі гульцам, якія прыйшлі з боку, а выхаванцы цэнтра, якія складаюць касцяк каманды, выступаюць бясплатна. У асноўным гэта падлеткі школьнага ўзросту, якія паралельна з футболам працягваюць вучобу. Аднак усім без выключэння выдзяляюцца грошы на харчаванне – у раёне 30-40 рублёў у дзень. Трэнеры маюць даволі сціплыя зарплаты – каля паўтары тысячы рублёў у месяц.

За каманду ў Д3 адказваюць 41-гадовы Грыгараў, які стаў галоўным трэнерам, яго памочнік Аляксей Міхайлаў, які ў свой час працаваў са «Смалявічамі», трэнер варатароў Юрый Петухоў (раней працаваў у БАТЭ, брэсцкім «Дынама», расійскіх «Маскве», «Хімках», «Лакаматыве» і жаночым ЦСКА , уваходзіў у трэнерскі штаб беларускай зборнай). Галоўная па фізічнай падрыхтоўцы – Анастасія Шлойда, дачка экс-кіраўніка «Мінска» Ігара Шлойды.

Узімку каманда правяла паўнавартасную перадсезонку, а затым паспяхова стартавала ў зоне «Захад» Брэсцкага дывізіёна – пасля 11 матчаў лідзіруе сярод дзесяці каманд. «Цэнтр футбола» атрымаў 10 перамог і аднойчы згуляў унічыю. Розніца забітых і прапушчаных мячоў – 84:2. Упершыню каманда страціла ачкі толькі 2 ліпеня, згуляўшы 1:1 з «Івацэвічамі». Да гэтага было здабыта дзевяць перамог запар, прычым некаторыя – з двухзначным лікам.

А вось з Кубка Беларусі калектыў ужо вылецеў. У першым папярэднім раўндзе «Цэнтр футбола» лёгка разрабіўся з камандай «Ляхавiцкi волат» (17:0), але ў наступнай стадыi мацнейшым (2:2, 4:3 пен.) аказаўся таксама другалігавы «Фармат» з вёскі Памежная Камянецкага раёна.

На каго звярнуць увагу?

Сярэдні ўзрост зайцаўскай каманды ў Д3 – 17,5 года. Найстарэйшаму гульцу 28 – гэта абаронца Філіп Палякоў, які ў 2022-м паспеў пабыць галоўным трэнерам «Макслайна», але потым аднавіў кар“еру ў «Жодзіна-Паўднёвым». З боку былі таксама запрошаныя варатар Павел Прышывалка (гуляў за «Мінск»), абаронца Аляксей Сямёнаў («Энергетык-БДУ»), паўабаронцы Канстанцін Канчаленка і Данііл Нарчук (абодва – «Тарпеда-БелАЗ»), абаронца Ягор Гаўрылаў (акадэмія АБФФ) . З іх вопыт выступлення ў вышэйшай лізе мае толькі Прышывалка: 39 матчаў, 67 прапушчаных мячоў, 11 «сухароў».

У астатнім жа «Цэнтр футбола» абыходзіцца выключна сваімі выхаванцамі. Згодна з заяўкай, самымі юнымі ў калектыве з“яўляюцца абаронца Уладзіслаў Кібак, паўабаронца Артур Заблоцкі і нападаючы Мікіта Мястоўскі, ім усяго па 15 гадоў. Ёсць некалькі цікавых выканаўцаў – праўда, спецыялісты, з якімі мы пагутарылі, нагадваюць, што сёння феерыць у Д3 на фактычна аматарскім узроўні нескладана, але ўсё ж перакананыя, што калі лідары ЦФ своечасова зробяць крок наверх, то змогуць праявіць сябе.

Мацвей Міхайрын у чэмпіянаце-2023 правёў ужо 10 матчаў (дзевяць – у старце) і забіў чатыры мячы. У канцы чэрвеня 17-гадовы абаронца, якога выклікаюць у юнацкую зборную Беларусі, браў удзел у селекцыйным праглядзе маладзёжнай каманды «Краснадара». Толькі днямі футбаліст вярнуўся ў «Цэнтр футбола». Чым завяршыўся прагляд, пакажа час. Перспектыўныя таксама 17-гадовыя нападаючыя Мікіта Чуйко (11 галоў у 10 сустрэчах чэмпіянату) і Ягор Юшчанка (восем дакладных удараў у дзевяці матчах, у шасці з якіх форвард выйшаў на замену).

Галоўнай «зоркай» каманды з Брэста лічыцца 18-гадовы нападаючы Ілля Цішураў. У свой час хлопец гуляў за дублі брэсцкага «Дынама», «Руха» і «Энергетыка-БДУ», а зараз эфектыўны ў другой лізе. Ураджэнец Круглага, які чамусьці не прыцягнуў увагу трэнераў каманд «вышкі», прыняў запрашэнне Грыгарава і ўжо правёў у Д3 11 матчаў (усе – у старце), у якіх забіў 27 мячоў, аформіўшы адзін пента-трык і чатыры покеры. Яшчэ адзін покер футбаліст зрабіў у Кубку Беларусі. На яго рахунку і больш за 15 вынiковых перадач.

Іншыя пасты блога

Усе пасты