Агент Шкурына зарабіў на перамозе зборнай Беларусi (кажа, глядзелi як на iдыёта) – грошы аддаў аматарам і хоча, каб гульцы зрабілi гэтак жа
Годная iнiцыятыва.
Агент Валерый Ісаеў спрабуе ствараць пазiтыў у змрочным царстве белфутбола. Напрыклад, знайшоў i адзначыў заўзятара «Славіі» з Мазыра, які крэатыўна падтрымліваў сваю каманду.
Цяпер ён шукае яшчэ аднаго хлопчыка з гэтага горада.
А яшчэ агент Іллі Шкурына зрабiў гiсторыю з першай за 17 афiцыйных матчаў перамогi зборнай Беларусi (2:1 з Косавам). Усё пачалося з таго, што Дзмітрый Молаш даў шыкоўны каментарый наконт выступу зборнай Георгiя Кандрацьева.
Упэўненасць трэнера «Тарпеда-БелАЗ» так уразіла Ісаева, што пайшоў да букмекераў ставіць на Беларусь. «Усе прысутныя ў канторы, у тым ліку дзяўчынка на касе, паглядзелі на мяне як на ідыёта: паставіць сёння $100 на зборную – трэба быць адважным гульцом», – пiсаў агент. Жартавалі са стаўкі і ў інтэрнэце.
Аднак зборная перамагла – і дапамагла агенту зарабіць на гэтым чыстыя 1410 рублёў. Гэтыя грошы Валерый паабяцаў аддаць на новыя мячы для аматарскай лігі IFC. А калi прыйшоў на матч лiгi, то прыдумаў флэшмоб.
«Звяртаюся да гульцоў нашай зборнай, прафесійных футбалістаў. Хлопцы, давайце рэальна, паціху ствараць і падтрымліваць дух салідарнасці паміж элітным і масавым футболам. Менавіта гэта марна дэкларуе ФІФА і рэтранслюе наша федэрацыя, не кажучы ўжо пра гультаёў у федэрацыях рэгіянальных.
1. Знайшоў турнір.
2. Папрасіў арганізатара замовіць мяч.
3. Прыйшоў на матч і аддаў грошы.
4. Грошы дастаў са сваёй кішэні, не з прэміяльных ад клуба ці яшчэ нейкай падобнай старонняй дапамогі.
5. Аддаў грошы, паказаў мяч, зняў відэа.
6. Усміхнуўся, атрымаў задавальненне.
7. Свабодны», – напiсаў Iсаеў.
Застаецца чакаць: ці прыме ў такім чэленджы ўдзел хаця б адзін прафесійны футбаліст?