Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Макслайн» закрэслiў Рагачоў на афiшах – экс-дырэктар кажа, што гэта не ўсё, i чакае заўзення за «Вiцебск» у «дэрбi»

«Макслайн» закрэслiў Рагачоў на афiшах – экс-дырэктар кажа, што гэта не ўсё, i чакае заўзення за «Вiцебск» у «дэрбi»

Здаецца, у АБФФ мелi рацыю.

Аўтар — Alex Zagorski
29 верасня, 15:50
1
«Макслайн» закрэслiў Рагачоў на афiшах – экс-дырэктар кажа, што гэта не ўсё, i чакае заўзення за «Вiцебск» у «дэрбi»

У мінулым сезоне «Макслайн» стаў першым рагачоўскім клубам у гісторыі, які здолеў выйсці ў вышэйшую лігу, абыграўшы ў стыкавых матчах дзяржынскі «Арсенал». Але АБФФ з фармальных прычын не дазволіла павышэння, а ў афiцыйным паведамленнi пра гэта таксама заявiла, што «каманда, па сутнасці, не мае трывалых каранёў у Рагачове – прыязджае толькі на матчы».

Што ж, у гэтым федэрацыя мела рацыю. Зiмою клуб змяніў Рагачоў на Віцебск, адкуль паходзіць аднайменны букмекер. Гэта стала нечаканасцю для заўзятараў «Макслайна», але некаторыя з iх паспелі палюбiць клуб настолькі, што 262 кіламетры паміж гарадамі не былі перашкодай, каб наведваць гульні.

Але ж разрыў з Рагачовам летам аформiўся канчаткова. Тады клуб пакінуў дырэктар Андрэй Іваненка, а пазней распавёў, што «інвестары вырашылі ўскласці стратэгічнае кіраванне ўсёй футбольнай гаспадаркай на больш вопытнага і тытулаванага Юрыя Пунтуса», якi вярнуўся ў клуб пасля няўдалага старту сезона-2023 у «Нафтане». А ў канцы жнiўня ў сацсетках «Макслайна» нечакана стала публiкавацца графiка, на якой была перакрэсленая назва мiнулага горада (раз, два).

Цяпер Iваненка заяўляе, што ў «Макслайне» ўсё ж хацяць дапамогi з Рагачова. Цяпер «зялёна-жоўтыя» ідуць пятымі ў табліцы лігі, а 7 кастрычнiка гуляюць у «дэрбi» з «Вiцебскам», у якога на пяць балаў больш. У важным матчы патрэбная падтрымка – i вось што пра гэта напiсаў экс-дырэктар:

«Многім рагачоўскім хлопцам і дзяўчатам пішуць з фэйкавых старонак і прапануюць паехаць падтрымаць «Макслайн» у матчы з «Віцебскам», таму нагадаю наступнае.

«Макслайн» цынічна і дэманстратыўна закрэсліваў горад Рагачоў на афішах і ўсяляк адрываў апошнія месяцы ўсё, што звязана з Рагачовам. Разагнаў дзве дзіцячыя каманды і работнікаў, звязаных з Рагачовам. А зараз – давайце, рагачоўскія заўзятары, дапамажыце.

Гэта не той клуб, за які вы заўзелі. Вас хочуць выкарыстаць для гульні супраць «Віцебска», альбо вы проста не ў курсе таго, што адбылося. Ніякага стаўлення гэта [каманда] да Рагачова і да кожнага з вас пасля падобных публікацый не мае.

Ведаю, што хлопцы з фанкі хочуць паехаць і прынцыпова заўзець за «Віцебск». Будзе моцна з іх боку, калі яны рэальна гэта рэалізуюць».

Іншыя пасты блога

Усе пасты