Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/БАТЭ падпісаў ветэрана, які гуляў за клуб 8 гадоў таму: адразу стаў самым узроставым у камандзе, прапускаў сезон праз траўму

БАТЭ падпісаў ветэрана, які гуляў за клуб 8 гадоў таму: адразу стаў самым узроставым у камандзе, прапускаў сезон праз траўму

Любімчык Кубарава, якому давяраў і Ганчарэнка.

Аўтар — bytribuna com
29 студзеня, 18:22
БАТЭ падпісаў ветэрана, які гуляў за клуб 8 гадоў таму: адразу стаў самым узроставым у камандзе, прапускаў сезон праз траўму

Перабудоўваючы склад, БАТЭ не толькі робіць стаўку на моладзь...

...але і хоча падпісаць «мінімум два-тры вопытныя футбалісты», якія «і сцэментуюць, і павядуць за сабой, у патрэбны момант паказаўшы гэта словам і справай». Неўзабаве пасля гэтых слоў Ігара Крывушэнка Барысаў падпісаў Іллю Алексіевіча. У свае 32 апорнік адразу стаў самым узроставым гульцом у калектыве. БАТЭ запрасіў дасведчанага паўабаронцу з «Гомеля», каб кампенсаваць страты ў цэнтры поля пасля расстання з Валерыем Бачаровым, Сяргеем Волкавым і Сеадам Ісламавічам.

Алексіевіч ужо гуляў за БАТЭ, але даўнавата – у сезонах-2013-2015. Сурʼёзны попыт на выхаванца школы «Тарпеда-БелАЗ» склаўся пасля ўдарнага 2012-га. У той год 21-гадовы футбаліст паўдзельнічаў ва ўсіх трох матчах на Алімпіядзе, дэбютаваў за дарослую зборную Беларусі, гуляў супраць «Ліверпуля» ў Лізе Еўропы і дапамог «Гомелю» фінішаваць на высокім чацвёртым месцы. Алексіевіч быў уключаны ў спіс 22 найлепшых футбалістаў вышэйшай лігі.

У лістападзе-2012 зʼявілася інфармацыя пра магчымы пераход гульца ў мінскае «Дынама», аднак Анатолю Капскаму ўдалося раней дамовіцца з «Гомелем» (трансфер у выніку каштаваў 75 тысяч еўра). Бос БАТЭ хацеў забраць Алексіевіча ў Барысаў яшчэ за два гады да таго, аднак той даў слова Алегу Кубараву перайсці да яго ў «Гомель» з «Тарпеда-БелАЗ».

Алексіевіч дэбютаваў за БАТЭ ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Калі на першую гульню з «Фенербахчэ» (0:0) навічок не патрапіў нават у заяўку, то ў матчы ў адказ Віктар Ганчарэнка (0:1) выпусціў яго на 75-й хвіліне.

Наступныя тры гады ў Барысаве па большай частцы Алексіевіч быў гульцом стартавага складу БАТЭ ў чэмпіянаце Беларусі: вельмі рэдка заставаўся ў запасе, а ў заяўку не трапляў толькі праз траўмы. Іх у паўабаронцы было нямала за барысаўскі перыяд карʼеры. Старт чэмпіянату-2013 выпаў праз надрыў звязкі і разрыў капсулы правага галенастопа. Апорнік аднавіўся да траўня і заслупаваў за сабой месца ў цэнтры поля. Хаця тады ў «жоўта-сініх» была сурʼёзная канкурэнцыя ў гэтай лініі – Аляксандр Глеб, Сяргей Крывец, Філіп Рудзік, Эдгар Аляхновіч, Аляксандр Валадзько, Аляксандр Паўлаў, Дзмітрый Бага і Дзмітрый Ліхтаровіч. У Ганчарэнкі Алексіевіч дзейнічаў у апорнай зоне, дзе адказваў не толькі за разбурэнне, але і за пачатак атак. На думку трэнера, з гэтымі задачамі ён спраўляўся лепш за ўсіх у камандзе.

У верасні 2013-га Алексіевіч зноў трапіў у лазарэт, атрымаўшы ў гульні з «Гомелем» разрыў унутранай бакавой звязкі правага каленнага сустава. Далей у паўабаронцы часам здараліся невялікія пашкоджанні, праз якія ён мог прапусціць матч-другі, але была і траўма, якая выбіла з абоймы на ўсю першую палову сезона-2015. У клубе не раскрывалі, што канкрэтна здарылася з футбалістам, – паведамлялася толькі пра рэабілітацыю ў Мюнхене.

Пры даверы ў чэмпіянаце Беларусі за тры барысаўскія гады Алексіевіч так толкам і не пагуляў у групах еўракубкаў, хаця ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў актыўна выкарыстоўваўся. Разам з БАТЭ Алексіевіч перажыў «карагандзец» у ліпені 2013-га, калі барысаўцы двойчы прайгралі казахстанскаму «Шахцёру» па 0:1. Наступныя два сезоны «жоўта-сінія» дабіраліся да групавога этапу ЛЧ. У тых кваліфікацыях Алексіевіч зʼяўляўся ў стартавым складзе ў васьмі матчах з 12 і яшчэ раз выходзіў на замену. Зусім іншая сітуацыя была ў групавых стадыях. У 2014-м Алексіевіч спатрэбіўся ў трох матчах з шасці (адзін у старце), уступаючы месца ў цэнтры поля Яўгену Яблонскаму. У наступным годзе Алексіевіч увогуле толькі раз выйшаў у групе ЛЧ.

Разам з БАТЭ Алексіевіч выйграў Кубак і Суперкубак (тое ж рабіў з «Гомелем»), а таксама тройчы станавіўся чэмпіёнам. Ва ўсіх турнірах апорнік правёў за Барысаў 81 матч, у якіх набраў 4+2.

У канцы 2015-га ў Алексіевіча заканчваўся кантракт з БАТЭ. Капскі прапаноўваў футбалісту заключыць новую дамову, але той зацягваў з адказам. Гаспадар клуба паставіў дэдлайн (канчатак навагодніх свят), пасля якога збіраўся шукаць на пазіцыю іншага выканаўцу. Тады ж Алексіевічам цікавіўся «Шахцёр». На той момант дырэктар «гарнякоў» Юры Вяргейчык прызнаўся, што спробы перавабіць футбаліста аказаліся марнымі, бо той меў прапановы з замежных ліг.

У выніку Алексіевіч у пачатку 2016-га падпісаўся з грэчаскім «Панэталікасам», які на той момант змагаўся за выжыванне ў элітным дывізіёне. Кантракт быў разлічаны на два гады, аднак легіянер яго і блізка не адпрацаваў да канца: выйшаў на поле ў трох матчах (у суме 74 хвілін) і ў траўні таго ж года скасаваў пагадненне. Прычынай стала сурʼёзнае пашкоджанне – надрыў вяртлюжнай губы ў тазасцегнавым суставе. Футбалісту зрабілі аперацыю ў Рыме, пасля чаго ён некалькі месяцаў аднаўляўся.

Наступным разам Алексіевіч выйшаў на поле ў афіцыйным матчы больш, чым праз год – у красавіку 2017-га. Тады апорнік падпісаўся з «Шахцёрам», куды яго запрасіў Кубараў. Сувязь паміж гульцом і трэнерам была настолькі моцнай, што калі па ходзе таго сезона ў Салігорску звольнілі Кубарава, і ён перабраўся ў «Тарпеда-БелАЗ», то за ім рушыў і Алексіевіч. У родным Жодзіне ён правёў наступныя паўтара гады, пакуль там працаваў трэнер.

Пасля звальнення Кубарава футбаліст у лютым 2019-га падпісаўся з «Мінскам». Там у Алексіевіча таксама было не ўсё добра са здароўем, з-за чаго ён прапусціў амаль увесь другі круг-2019. Улетку наступнага сезона паўабаронца растаўся з «гараджанамі».

Застаўшыся без працы, гулец амаль год папраўляў здароўе, а ў футбол вярнуўся дзякуючы ўсё таму ж Кубараву, які ў ліпені 2021-га ўзначаліў «Крумкачы» замест Алега Дулуба. Алексіевіч стаў адным з першых навічкоў трэнера. У тым сезоне «вораны» змагаліся за права выступаць у вышэйшай лізе, але ўпусцілі яго, прайграўшы пераходныя матчы, а таксама з-за федэрацыі, якая відавочна не хацела бачыць клуб у Д1.

Тады Кубараў пакінуў каманду, і Алексіевіч сышоў разам з ім. Неўзабаве гулец падпісаўся з «Гомелем», за які правёў два апошнія сезоны. Гуляў у асноўным без траўм, а чэмпіянат-2023 стаў для футбаліста самым выніковым карʼеры (5+1). З «рысямі» паўабаронца ў траўні 2022-га трэці раз за карʼеру ўзяў Кубак Беларусі. Абгуляць тады якраз удалося БАТЭ.

Іншыя пасты блога

Усе пасты