Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Каго з афрыканцаў праглядае Скрыпчанка і што ён хоча ў іх адшукаць, нягледзячы на промахі мінулага года

Каго з афрыканцаў праглядае Скрыпчанка і што ён хоча ў іх адшукаць, нягледзячы на промахі мінулага года

Замена бразільцу і варыянты на флангах.

Аўтар — bytribuna com
31 студзеня, 20:00
Каго з афрыканцаў праглядае Скрыпчанка і што ён хоча ў іх адшукаць, нягледзячы на промахі мінулага года

У мінулым годзе вопыты мінскага «Дынама» з легіянерамі з Афрыкі былі не вельмі ўдалымі. У студзені-2023 каманда Вадзіма Скрыпчанкі падпісала буркінійскага апорніка Адбулу Бандааго і нігерыйскага вінгера Джозэфа Ада. Абодва пакінулі калектыў падчас сезона, на дваіх правёўшы ў вышэйшай лізе ўсяго тры матчы. Бандааго цяпер гуляе ў іспанскім Д3, а Ада выступае ў ізраільскім Д2.

Аднак тыя промахі не пазбавіла Скрыпчанкі надзеі – проста цяпер ён праглядае траіх афрыканцаў. Мінчукі не раскрываюць імёнаў патэнцыйных навічкоў, уносячы іх у пратаколы на нядаўнім Mogilev Cup-2024 як ГНП (гулец на праглядзе). Аднак асобы футбалістаў сакрэтам не зʼяўляюцца, як і функцыянал, які яны здольныя паказаць.

Кінгу Ялет, 26 гадоў, абаронца

Левы абаронца з ДР Конга раней гуляў толькі ў Афрыцы. Прафесійную карʼеру пачынаў у чэмпіянаце Эсваціні (новая назва Свазіленда), дзе двойчы браў золата. Летам-2020 леваногі футбаліст з пышнай шавялюрай вярнуўся на Радзіму, дзе і заставаўся да апошняга часу, паспеўшы змяніць тры клубы.

Ёсць у карʼеры Ялета і міжнародны досвед. Ён выклікаўся ў зборную ДР Конга U-23, а таксама двойчы выходзіў у групу Кубка Канфедэрацыі КАФ – другога па статусе клубнага турніру Афрыкі. Апошні раз Ялет у афракубках гуляў у шэрагах кангалезскага «Матэма Пембе». За тры матчы крайняму абаронцу ўдалося забіць два мячы. У гульні супраць івуарыйскага АСЕК (1:2) Кінгу выдатна падключыўся ў атаку па сваім флангу і расстраляў вароты суперніка.

На ўсе тры магілёўскія матчы Mogilev Cup («Гомель» – 3:1, «Дняпро» – 1:0, «Нёман» – 1:0) Ялет выходзіў у стартавым складзе і гуляў да перапынку злева ў абароне, што намякае на спробу знайсці замену Арыньё.

Афрыканец, як і бразілец, выконваў стандарты, дзе была неабходная левая нага. Ялет не баіцца ісці ў атаку, аднак робіць гэта не так рызыкоўна, як папярэднік па тым жа дынамаўскім краі. Пры гэтым кідаецца ў вочы жаданне Кінгу гуляць на партнёраў, чаго часам не хапала Арыньё.

У заключным матчы магілёўскага турніру Ялет дапамог «Дынама» захаваць вароты ў недатыкальнасці своечасовай падстрахоўкай Фёдара Лапавухава з вынасам мяча са стужачкі (адзнака 0:19).

Марцін Ако Асамо, 24 гады, паўабаронца

Досвед гэтага вінгера, здольнага згуляць на любым флангу, уражвае куды больш. Да сакавіка 2021-га Ако Асамо выступаў у родным камерунскім чэмпіянаце, а затым падпісаўся з «Рыгай». Праўда, у чэмпіянаце Латвіі чамусьці так і не дэбютаваў і хутка вярнуўся ў Камерун, дзе гуляў да гэтай зімы. Мінулай восенню паўабаронца мог правесці свой першы матч у афракубках, аднак трэнеры «Катон Спорту» не далі яму шанцу ў двух матчах Лігі чэмпіёнаў КАФ.

Затое ў карʼеры Ако Асамо дзевяць матчаў за зборную Камеруна. Тры (усе па 90 хвілін) прыйшліся на фінальную стадыю чэмпіянату афрыканскіх нацый-2021 – турнір, дзе выступаюць зборныя, складзеныя з гульцоў афрыканскіх ліг. Камерунцы занялі чацвёртае выніковае месца, а вінгера двойчы прызнавалі найлепшым гульцом матча.

У мінулым годзе афрыканец прыязджаў на прагляд у «Шахцёр», але ў яго ўзніклі праблемы са здароўем.

У Магілёве Скрыпчанка спрабаваў Ако Асамо на розных флангах. У папярэдніх клубах афрыканец больш гуляў злева, пры гэтым зʼяўляючыся праваногім футбалістам. Першы тайм з «Гомелем» камерунец выйшаў справа, а ў двух іншых матчах зʼяўляўся на супрацьлеглым краі (у першым тайме з «Дняпром» і 29 хвілін другога тайма з «Нёманам»).

Не без дапамогі футбаліста на праглядзе дынамаўцы забілі адзіны мяч у вароты «Дняпра». Ако Асамо дапамагла працоўная правая нага пасля ссоўвання з левага фланга. Легіянер падхапіў мяч на лініі штрафной, абыграў магілёўца і аддаў перадачу, якая стала галявой, на Уладзіміра Хвашчынскага. Праўда, на дынамаўскім сайце Ако Асамо асістэнцкі бал чамусьці не запісалі (адзнака 0:19).

У Магілёве было заўважна, што вінгер валодае нядрэннай хуткасцю і дрыблінгам, а таксама не баіцца ісці ў вобыгрыш і біць з розных пазіцый. Каб застацца ў «Дынама», Ако Асамо давядзецца вытрымаць сурʼёзную канкурэнцыю, бо кадравых праблем на флангах у мінскай каманды не назіраецца. Злева ёсць Глеб Жэрдзеў і Павел Сядзько, справа – Дзмітрый Падстрэлаў і Андрэй Рылач.

Ібраіма Ба, 25 гадоў, нападаючы

У сярэдзіне студзеня-2024 клуб бельгійскага Д3 «Тэс» абвясціў пра пераход свайго гвінейскага футбаліста ў «Дынама». Пазней аказалася, што Ба яшчэ не падпісаўся з мінчукамі, а прыехаў усяго толькі на прагляд. У выніку з сайта «Тэса» навіна пра пераход знікла – яе замянілі на інфармацыю пра расстанне з гульцом.

Карʼера Ба стартавала вельмі шматабяцальна. Футбаліст, здольны згуляць як правага вінгера, так і нападаючага, засвяціўся ў зборных Бельгіі U-15 і U-16. Затым выхаванца акадэміі «Стандарда» пачалі падключаць да трэнінгаў першай каманды. У сезоне-2016/17 Ба дэбютаваў у наймацнейшым дывізіёне Бельгіі. У наступным годзе правёў яшчэ адзін матч у эліце, але ўжо за «Остэндэ». Гэтым досвед выступаў форварда ў Д1 вычарпаны.

Футбаліст пагрузіўся ў бельгійскі і іспанскі мінор, дзе вялікай рэзультатыўнасцю не вылучаўся. У сезоне-2023/24 адгуляў за «Тэс» 13 матчаў (сем у старце) і забіў адзін мяч. Некалькімі гадамі раней нападаючы дэбютаваў за зборную Гвінеі – у кастрычніку 2020-га правёў 90 хвілін у таварняку з Каба-Вэрдэ (2:1).

Мяркуючы па матчах у Магілёве, Скрыпчанка не бачыць у Ба нападаючага, хоць гэтая пазіцыя правісла ў «Дынама» пасля сыходу Уладзіслава Марозава ў «Аруку».

Дынамаўскі коўч у кожнай гульні спрабаваў гвінейца на неўласцівай яму пазіцыі левага вінгера (першы тайм з «Гомелем», частка другога тайма з «Дняпром» і першы тайм з «Нёманам»). Толькі некаторы час Ба дзейнічаў супраць «Дняпра» на куды больш знаёмым правым краі.

У матчы з «Гомелем» камерунец, адабраўшы мяч на левым флангу, дапамог Хвашчынскаму адкрыць лік. І тут дынамаўскі сайт заціснуў для легіянера асіст (адзнака 0:53).

Праўда, да канца першага тайма праз левы фланг Ба і Ялета прыйшоў гол гамельчукоў. Гвінеец не ўсачыў за крайнім абаронцам суперніка (адзнака 2:04).

Прыкметна, што Ба лепш адукаваны тактычна, чым Ака Асама. Пры гэтым гвінеец не такі актыўны ў нападзе, як камерунец.

Іншыя пасты блога

Усе пасты