Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Каб дэбютаваць у НХЛ, гэты беларус нават не паляцеў летам у адпачынак на Радзіму, а застаўся трэнавацца за акіянам

Каб дэбютаваць у НХЛ, гэты беларус нават не паляцеў летам у адпачынак на Радзіму, а застаўся трэнавацца за акіянам

Хто такі Ілля Салаўёў, які мінулай ноччу ўпершыню згуляў у хакейнай топ-лізе.

Аўтар — Tribuna.com
27 кастрычніка, 18:33
1
Каб дэбютаваць у НХЛ, гэты беларус нават не паляцеў летам у адпачынак на Радзіму, а застаўся трэнавацца за акіянам

У ноч на 27 кастрычніка ў НХЛ дэбютаваў 23-гадовы беларускі абаронца «Калагары» Ілля Салаўёў. Ён стаў 15-м беларусам у найлепшай хакейнай лізе свету. Ураджэнец Магілёва ў матчы супраць «Сэнт-Луіса» правёў на лёдзе 16:34, нанёс адзін кідок, заблакаваў адну спробу суперніка, атрымаў дзве хвіліны штрафу за ўдар клюшкай і зарабіў паказнік карыснасці «0». Галоўны трэнер «Калгары» Раян Хуска свайго гульца пахваліў.

- Ён мне спадабаўся. Ілля быў бы адным з нашых найлепшых гульцоў, калі б мы ацанілі іх усіх. Лічу, для свайго першага разу ён правёў дастаткова добрую гульню, – сказаў Хуска.

Праўда, «Флэймз» гэта не дапамагло: пры 17 тысячаў заўзятараў яны саступілі на сваёй пляцоўцы 0:3.

Ды і ў цэлым справы клуба на старце «рэгуляркі» ідуць не найлепшым чынам: «агеньчыкі» перамаглі толькі ў двух матчах з васьмі, а іх серыя паразаў ужо дасягнула чатырох гульняў. З 5 пунктамі «Калгары» ідзе 13-м на Захадзе – горай з наборам балаў толькі ў «Чыкага» (4), «Эдмантана» (3) і «Сан-Хасэ» (1), але пры гэтым усе пералічаныя каманды правялі на матч менш, чым «Калгары». Не цешыць пакуль сваёй гульнёй і іншы беларускі хакеіст «Флэймз» Ягор Шаранговіч, які прыйшоў з «Нью-Джэрсі» мінулым летам. У 8 матчах у 25-гадовага форварда сціплыя 1+1. З «Сэнт-Луісам» гулец правёў на пляцоўцы 14:21, зрабіў два кідкі і зарабіў дзве хвіліны штрафу за падножку.

Пра Салаўёва мы падрабязна расказвалі летам 2020-га, калі ён перайшоў з «Сагіна Спірыт» з OHL (адна з трох вядучых юніёрскіх ліг Канады) у мінскае «Дынама». Да таго моманту малады абаронца ўжо меў у актыве гульні за нацыянальную зборную: у 2019-м ездзіў у Казахстан на чэмпіянат свету ў дывізіёне 1 і прывёз адтуль срэбныя медалі і пуцёўку ў эліту.

- Ілля падае вялікія надзеі. Крэатыўны абаронца. Пры правільным выкарыстанні сябе, спадзяюся, вырасце і перарасце Ніка Бэйлена, на якога раўняецца. У плане дзеянняў у атацы Ілля вельмі добры. Абарону, вядома, трэба крыху падцягваць. Але ў такім узросце ўсе абаронцы ледзь-ледзь прасядаюць у гэтым кампаненце. Бракуе досведу. Хлопцы маладыя, таму абʼектыўна ім складана часам дакладна дзейнічаць у пэўных эпізодах, – характарызаваў гульню абаронцы тагачасны трэнер моладзевай зборнай Дзмітрый Дудзік.

На ўзроўні КХЛ Салаўёў загуляў не адразу. Крэйг Вудкрафт на першую пару не асабліва давяраў хакеісту і нават адпраўляў яго ў «Дынама-Маладзечна». Змяніць меркаванне канадца прымусілі два галы ў фінале чатырох Кубка Салея і шайба ўжо ў першым матчы экстралігі.

У пачатку верасня-2020 Вудкрафт падняў Салаўёва з фарму. А той ужо ў дэбютнай сустрэчы ў КХЛ супраць «Ак Барса» (4:5) адзначыўся выніковым дзеяннем: у трэцім перыядзе дапамог Максіму Сушко скараціць адставанне ў ліку да мінімальнага.

Неўзабаве пасля гэтага быў драфт НХЛ-2020 (праз каранавірус працэдура ссунулася на верасень), дзе магілёвец і быў абраны «Калгары» ў сёмым раўндзе пад агульным 205-м нумарам. Сезон Салаўёў дагуляў у «Дынама» і дапамог камандзе патрапіць у плэй-оф (у 41 матчы «рэгуляркі» набраў 2+7). Там мінчукі традыцыйна вылецелі ў першым раўндзе, з агульным лікам 1:4 саступіўшы СКА з расійскага Санкт-Пецярбурга – гулец удзельнічаў ва ўсіх пяці матчах, але выніковымі дзеяннямі не адзначыўся.

Далей заставацца з «зубрамі» Салаўёў не стаў і адправіўся назад у Канаду заваёўваць месца ў НХЛ, але перад гэтым яшчэ ў складзе зборнай зʼездзіў на дарослы ЧС у Латвію. Там правёў чатыры матчы: супраць Вялікабрытаніі (3:4), Даніі (2:5), Швейцарыі (0:6) і Расіі (0:6). У сярэднім на пляцоўцы меў 12 хвілін, галявымі дзеяннямі не вызначыўся, скончыў турнір з каэфіцыентам карыснасці «0», што не так ужо дрэнна з улікам вынікаў.

Два гады запар Салаўёў спрабаваў прабіцца ў аснову «Калгары» праз летнія кэмпы, але і ў 2021-м, і ў 2022-м, нягледзячы на галявыя дзеянні ў матчах, яго адсейвалі ў ліку першых, адпраўляючы ў АХЛ. У сезоне-2021/22 ён з фармам «Флэймз» паказаў другі вынік у рэгулярным чэмпіянаце (меў 3+5 у 51 матчы) і дайшоў да паўфіналу плэй-оф (0+1 у 6 матчах), дзе мацнейшым быў «Чыкага» ( 2:4 у серыі), будучы пераможца турніру. У сезоне-2022/23 фарм «Калгары» ўвогуле стаў найлепшым у «рэгулярцы» (у беларуса 4+14 у 68 матчах), але вылецеў ужо ў чвэрцьфінале накаўт-раўнда (1+1 у 9 матчах) ад «Каачэлы» (2 :3 у серыі).

Перад стартам цяперашняга сезону Салаўёў ізноў патрапіў у летні кэмп клуба НХЛ: мінулая перадсезонка была важнай для абаронцы, і таму што ягоны кантракт з клубам заканчваецца пасля сезона-2023/24. Беларус нават спецыяльна не паляцеў у адпачынак на Радзіму, а застаўся ў Калгары, дзе працягваў трэнавацца. Як вынік, Салаўёў аж да пачатку сезону трэнаваўся з камандай, перажыўшы тры адсевы.

У таварыскім матчы з «Сіэтлам» Салаўёў выбіў 1+1, пасля чаго атрымаў добрую прэсу ад заакіянскіх экспертаў. Тыя адзначалі, што хакеіст варты месца ў трэцяй пары абаронцаў з расіянінам Мікітам Задоравым.

Але перад самым стартам сезону гульца ўсё ж спусцілі ў АХЛ, праўда, гэтым разам ненадоўга: у другой па значнасці лізе Паўночнай Амерыкі ён да дэбюту ў НХЛ паспеў правесці чатыры матчы, у якіх вызначыўся адной шайбай і адным асістам (адзнака 0:33 ).

Іншыя пасты блога

Усе пасты