Tribuna/Хакей на траве/Блогі/Пинта-Шминта/Цырк касмічнага ўзроўню: расіяне думалі, што розніца мячоў +78 гарантуе ім золата ў хакеі на траве на Гульнях СНД, але беларусы раскаталі армян 66:1 – і абышлі суседзяў. Як вам?

Цырк касмічнага ўзроўню: расіяне думалі, што розніца мячоў +78 гарантуе ім золата ў хакеі на траве на Гульнях СНД, але беларусы раскаталі армян 66:1 – і абышлі суседзяў. Як вам?

Звышнапружаная спартыўная барацьба.

Аўтар — bytribuna com
14 жніўня, 13:52
1
Цырк касмічнага ўзроўню: расіяне думалі, што розніца мячоў +78 гарантуе ім золата ў хакеі на траве на Гульнях СНД, але беларусы раскаталі армян 66:1 – і абышлі суседзяў. Як вам?

У нядзелю ў «Мінск-Арэне» адбылася цырымонія закрыцця Гульняў краін СНД. Больш за ўсё яны запомніліся прапагандысцкім трызненнем, што гэта спаборніцтвы ледзь не ўзроўню Алімпіяды, за якімі сачылі мільёны.

Яшчэ было хатняе судзейства, як на фінальнай гульні турніру па пляжным футболе.

Месцамі адсутнічала канкурэнтная барацьба – напрыклад, у матчы юнацкіх каманд Расіі і Кыргызстана па гандболе. А ў цяжкай атлетыцы можна было патрапіць на пʼедэстал, заняўшы апошнія месцы – гэтай опцыяй і скарысталіся беларусы.

Ну а, мабыць, галоўную гісторыю пра канкурэнтнасць і хатняе судзейства на Гульнях постсаўка мы назіралі ў апошні дзень на мужчынскім турніры па хакеі на траве ў фармаце 5 на 5 (у класічным выглядзе гуляюць 11 на 11), дзе па кругавой сістэме спаборнічала шэсць каманд: Беларусь-1 і Беларусь-2, Расія, Казахстан, Таджыкістан і Арменія.

Да апошняга тура Беларусь-1 і Расія падыходзілі з аднолькавай колькасцю пунктаў: каманды выйгралі па тры матчы, а вочную сустрэчу скончылі нічыёй 4:4. Пры гэтым розніца мячоў у расіян была прыкметна лепшая: 44:6 (+38) супраць 29:11 (+18).

Заключны гульнявы дзень адкрывала зборная Расіі матчам супраць Таджыкістана – перадапошняй каманды турніру. Расіяне адарваліся на суперніку, за 30 хвілін гульнявога часу забіўшы 41 (!) мяч – на гэта таджыкістанцы адказалі адным узяццем варот.

Такім чынам, розніца мячоў у прадстаўнікоў РФ стала +78, што ставіла выніковую перамогу гаспадароў у турніры за мяжу логікі і ўвогуле якіх-небудзь спартыўных прынцыпаў: беларусам трэба было выйграць з розніцай у 60 мячоў і больш.

Супернікам па апошнім матчы быў галоўны аўтсайдар турніру Арменія, якая прайграла чатыры папярэднія матчы з агульным лікам 2:76. Асабліва здзекаваліся з іх расіяне (25:0) і казахстанцы (26:0).

Гаспадары пачалі з месца ў карʼер: ужо за першую хвіліну аформілі чатыры (!) галы ў вароты суперніка.

Да перапынку на табло гарэў лік 42:0 (у сярэднім амаль тры галы ў хвіліну!), а неабходнай адзнакі ў 60 галоў беларуская каманда дасягнула за 6 хвілін да канца другога тайма.

Армяне пры ліку 0:64 нават спадобіліся на гол у адказ, пасля якога на стадыёне ў Гродне пачулася гучнае «малайцы!», а лаўка зборнай Беларусі ўзнагародзіла суперніка апладысментамі. Праўда, ужо ў наступнай атацы госці зноў прапусцілі. Яны ўвогуле амаль увесь час прапускалі.

Па выніку матч скончыўся перамогай Беларусі 66:1 і залатымі медалямі для яе пры розніцы мячоў +83.

Але, здаецца, нават тут не абышлося без судзейскай дапамогі. Падчас матчу Расіі і Таджыкістана, таймер пасля ўзяцця варот не спыняўся, пры гэтым на матчы Беларусі і Арменіі час спынялі пасля кожнага ўзяцця варот, пакуль беларусы не дасягнулі патрэбнай розніцы. Нам не ўдалося знайсці рэгламент правядзення матчаў па хакеі на траве на Гульнях краін СНД, але такая розніца ў адліку давала відавочную перавагу зборнай Беларусі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты