Tribuna/Тэніс/Блогі/Пинта-Шминта/Мексіканскі Канкун, які так крытыкуе Сабаленка, маглі выбраць праз яе. На гэта намякае польская тэнісістка

Мексіканскі Канкун, які так крытыкуе Сабаленка, маглі выбраць праз яе. На гэта намякае польская тэнісістка

WTA таксама перапынілі маўчанне.

Аўтар — KentYara98
1 лістапада, 15:22
Мексіканскі Канкун, які так крытыкуе Сабаленка, маглі выбраць праз яе. На гэта намякае польская тэнісістка

Жаночы Выніковы турнір у Канкуне працягваецца, а разам з ім расце і незадаволенасць арганізацыяй турніра. Удзельніцы абураліся ўмовамі для падрыхтоўкі, а цяпер увесь час скардзяцца на якасць кортаў.

Дэталямі пра тое, як абіралася месца для выніковага турніру, падзялілася 23-я ракетка свету Магда Лінэт. Па словах дзяўчыны, гэта Рада тэнісістак прагаласавала за Канкун, хоць і была магчымасць зрабіць выбар на карысць чэшскай Астравы. WTA нібыта прыслухалася да рашэння Рады.

«Мінусам у Астраве было тое, што ў нас не было стоадсоткавай гарантыі, што ўсе дзяўчы змогуць згуляць. Калі хаця б адну не пусцілі ў краіну, турнір бы не адбыўся. Гэта пацягнула б за сабой велізарны штраф», – прыводзіць цытату Лінэт польскае выданне Interia Sport.

Тэнісістка расказала, што найбольшая занепакоенасць была наконт удзелу беларускі, якую яна не стала называць, але акрамя Сабаленкі шанцаў трапіць на выніковы турнір ад Беларусі ніхто не меў. Але сярод парных гульцоў ёсць і расіянка Вера Званарова, прыклад якой — адказ на тое, адкуль бяруцца ўсе боязі. Гэтым летам Званарову не пусцілі на турнір WTА-250 у Варшаву. Тады МУС Польшчы заявіла, што тэнісістка ўключаная ў спіс асоб, чыё знаходжанне на тэрыторыі краіны з'яўляецца непажаданым.

Праз тыдзень тое самае зрабілі чэхі перад турнірам WTA-250 у Празе – у пралёце засталася Анастасія Паўлючэнкава.

Не менш важным фактарам сталі ўмовы, якія прапанавалі арганізатар, і прызавыя, якія ў Мексіцы былі значна большыя за чэшскі варыянт.

«Нам хацелася, каб у фінале сезона дзяўчынкі апынуліся ў маляўнічым месцы, каб гэта быў унікальны курорт. А не ў трох- ці чатырохзоркавым гатэлі, у шэрым месцы», - кажа полька.

Лінэт расказвае гэта ўсе не па чутках, бо сама ўваходзіла ў тую самую Раду тэнісістак, якая абірала Канкун. Акрамя яе там былі Вікторыя Азаранка, Ёхана Конта, Слоан Стывенс, Дона Векіч, Крысціна Младэнавіч і Габрыэла Даброўскі. У кастрычніку склад Рады абнавіўся, польскую тэнісістку змяніла аўстралійка Дар'я Савіл.

На трэці дзень выніковага турніру ў Канкуне перапыніла маўчанне і WTA. Прадстаўнікі арганізацыі адказалі на скаргі тэнісістак:

«Мы радыя ўпершыню правесці Выніковы турнір у Канкуне. Мы рупліва працавалі над уладкаваннем стадыёна, дзе згуляюць восем найлепшых тэнісістак і восем жаночых пар. Каманда сумленна працавала ў сціснутыя тэрміны, нягледзячы на дрэнныя пагодныя ўмовы, каб забяспечыць адпаведнасць стадыёна і корта нашым строгім стандартам».

Іншыя пасты блога

Усе пасты