Tribuna/Біятлон/Блогі/Пинта-Шминта/Чарговы біатлонны сезон без беларусаў. Як прайшоў першы старт у нарвежскім Шушэне

Чарговы біатлонны сезон без беларусаў. Як прайшоў першы старт у нарвежскім Шушэне

Татальная перавага гаспадароў.

Аўтар — KentYara98
13 лістапада, 18:00
Чарговы біатлонны сезон без беларусаў. Як прайшоў першы старт у нарвежскім Шушэне

Пакуль беларускія біятланісты здавольваюцца паездкамі спаборніцтвам у Расіі, у нарвежскім Шушэне адкрылі міжнародны сезон.

Праграму турніру, які з'яўляецца «аператывам» да старту Кубка Свету, пачалі спрынтарскія гонкі.

У жанчын першынствавала італьянка Ліза Вітоцы, якая апярэдзіла нарвежку Інгрыд Ландмарк Тандрэвольд на 3.1 секунды. Апошняя ходам хоць і была хутчэй за ўсіх саперніц, але два промахі на рубяжах пазбавілі яе шанцаў на золата. Трэцяе месца дасталася чэшцы Маркеце Давыдавай, якая адстала ад лідара на 4.9 секунды.

А вось у немак сітуацыя складваецца не самай лепшым чынам. Лепшая з іх – Яніна Хэціх-Вальц – паказала толькі 10-ы вынік. Францыска Пройс фінішавала на 22-м месцы.

Прыбыла ў Нарвегію і італьянка Даратэя Вірэр, але з-за хваробы яна на старты не выйшла.

У мужчын у спрынце ўвесь подыум застаўся за нарвежцамі. Перамогу святкаваў Ёханэс Бо, які прайшоў гонку з адным промахам на стойцы. На другі радок ускочыў Стурла Холм Лагрэйд, які адстраляў 10 з 10. А замкнуў тройку Вэбʼёрн Серум з адставаннем у 22.5 секунды пры двух промахах на стральбе стоячы.

Лепшым сярод гасцей стаў немец – Бенедыкт Доль – ён толькі на сёмым месцы і ў хвіліне ад Бо.

Праграму спаборніцкіх выхадных прадоўжылі гонкі з агульнага старту. І тут не абышлося без нечаканасцяў.

У дзяўчат хутчэй і дакладней за ўсіх была нарвежка Юні Арнеклейв. На фінішы 1.9 секунды ёй прайграла суайчынніца Мартэ Ёхансан. Ліза Вітоцы прайшла гэтую гонку з чыстай стральбой, але не хапіла хуткасці, таму яна засталася з бронзай. Пры гэтым да другога агнявога рубяжа лідзіравала 1-ы нумар нарвежскай каманды Тандрэвольд, але дапусціла дзве асечкі на апошняй стойцы і пазбавіла сябе шанцаў на перамогу. У выніку нарвежка стала чацвёртай.

Завяршаў турнірную праграму ў Шушэне мужчынскі мас-старт. І на першых жа метрах дыстанцыі не ўтрымаўся на нагах нарвежац Эндру Стромсхейм. Разам з сабой ён ледзь не паваліў на снег і Ёханэса Бо, але лідар сусветнага біятлона выстаяў, хоць і пададстаў. Бо-малодшы паспяхова выбіраўся з канца пелатона і з двума промахамі на агнявых рубяжах прыйшоў на фініш першым. Следам фінішную рысу перасек Тарʼей Бо, а трэцім ізноў стаў 25-гадовы Вэбʼёрн Серум.

І калі вы думаеце, што ў дзясятку нарвежскім біятланістам хоць хтосьці навязаў барацьбу, – вы памыляецеся. Лепшым з гасцей турніру ў гонцы з агульнага старту стаў італьянец Дзідзье Біёна, які заняў толькі 13-е месца.

Працягвае звяртаць на сябе ўвагу 24-гадовы нарвежац Ёхан-Олаў Ботн. У мас-старце ён паказаў лепшы ход на дыстанцыі, апярэдзіўшы Ёханэса Бо на 3.9 секунды! Калі яму ўдасца справіцца са стральбой, то ён можа навесці шоргат у пелатоне.

Нягледзячы на татальнае дамінаванне нарвежцаў, варта адзначыць, што ў Шушэн не прыехалі асноўныя іх канкурэнты – французы. Але ўсё роўна Бо і яго кампанія зрабілі гучную заяўку на новы сезон.

Іншыя пасты блога

Усе пасты