Tribuna/Фехтаванне/Блогі/Пинта-Шминта/Акупант ад «НАК» Расіі ўстае на шляху сваiх жа атлетаў на АГ – яго самога там спыняў беларус, а Лукашэнка перашкаджаў у Еўропе

Акупант ад «НАК» Расіі ўстае на шляху сваiх жа атлетаў на АГ – яго самога там спыняў беларус, а Лукашэнка перашкаджаў у Еўропе

Цяпер супрацоўнiчае з iншым.

Аўтар — KentYara98
23 снежня, 11:00
Акупант ад «НАК» Расіі ўстае на шляху сваiх жа атлетаў на АГ – яго самога там спыняў беларус, а Лукашэнка перашкаджаў у Еўропе

З траўня 2018-га Алімпійскі камітэт Расіі (АКР) узначальвае Станіслаў Пазднякоў. 5 кастрычніка 2023-га ён праявіў сябе акупантам – падпісаў дакумент аб «прыняцці» ў склад АКР «рэгіянальных алімпійскіх саветаў», створаных расійскімі сіламі на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны. У адказ на гэта МАК 12 кастрычніка прыпыніў дзейнасць АКР – гэта значыць, што расiйскі камітэт для міжнароднага цяпер не мае статусу «НАК».

Зрэшты, санкцыі МАК наўрад ці моцна хвалююць Пазднякова. Прынамсі, яны ніяк не перашкаджалі яму размаўляць з Віктарам Лукашэнкам. Беларускі рэжымны бок у 2021-м абвясціў яго кіраўніком свайго «алімпійскага камітэта», МАК гэтае «прызначэнне» прызнаваць адмовіўся – там Віктар папросту нелегітымны. Аднак Пазднякоў успрымаў Лукашэнку як роўнага сабе па статусе – падпісваў з ім разнастайныя «пагадненні аб супрацоўніцтве» і нават ездзіў у Беларусь, заяўляючы, што іх «узаемаадносіны ўжо даўно выйшлі за афіцыйныя рамкі і знаходзяцца ў стадыі актыўнага развіцця ў сяброўскім ключы».

Аднак па пытанні АГ-2024 Пазднякоў з Лукашэнкам відавочна не сыходзяцца. Беларускі рэжымны «НАК», канешне, называе ўмовы МАК «дыскрымінацыйнымі», аднак, па ўсіх прыкметах, гатовы дапамагчы сваім дапушчаным атлетам трапіць у Парыж.

Пазднякоў жа называе выкананне крытэрыяў допуску «нейтралізацыяй» і заяўляе, што спартсмены, згодныя на яе, «не могуць разлічваць на які-небудзь удзел федэрацый, АКР і дзяржавы ў звыклай усебаковай падрыхтоўцы да Алімпійскіх гульняў». Расіянін кажа, што прычына нібыта ў забароне МАК – аднак яе няма: спартсменам забаронена «прадстаўляць» арганізацыі са сваёй краіны, насіць іх сімволіку і таму падобнае – але аказанне дапамогі ніхто не баніў. Так што Пазнякоў проста ўстае на шляху тых расійскіх атлетаў, якім асабісты ўдзел у найлепшым турніры планеты важнейшы за «квасны патрыятызм» з «малітвамі» на дзяржсімволіку.

Пазднякова мала хвалюе і тое, што абмежаванні ад МАК на АГ-2024 уведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Функцыянер цынічна называе ўкраінскія землі, на якіх яго краіна ўчыніла зацяжную бойню, «гарачай кропкай», і заяўляе, што «мноства іншых такіх у МАК ігнаруюць, падмяніўшы ўсеагульныя ідэалы прыватным заказам на вытраўліванне Расіі і Беларусі». Злая іронія: сваю першую вялікую ўзнагароду ў кар'еры тады 18-гадовы Пазднякоў атрымаў, выступаючы пад нейтральным сцягам, на АГ-1992 дзякуючы камандзе, важнейшай часткай якой быў Вадзім Гутцайт, цяперашні кіраўнік НАК Украіны.

Наогул Пазнякоў у мінулым быў вельмі паспяховым спартсменам – фехтавальшчыкам на шаблях. Чатыры золата і бронза АГ, 17 медалёў ЧС (10 з іх залатыя) – па колькасці ўзнагарод расіянін далёка наперадзе былога рапірыста, цяпер кіраўніка МАК Томаса Баха.

Аднак былі свае няўдачы і ў Пазднякова. Асабліва балючая – на АГ-2004, дзе ад дасведчанага фехтавальшчыка чакалi чарговага медаля. Але ў iндывiдуальным турнiры на шляху расiянiна да подыума нечакана ўстаў беларускі шабліст Дзмітрый Лапкес – у чвэрцьфiнале наш суайчыннiк выйграў 15:9. На жаль, медаля самому Лапкесу таксама ўзяць не давялося – астатнiя два паядынкi беларус прайграў i застаўся на чацвёртым месцы.

Маці Пазднякова так апісвала тое паражэнне сына: «У «Навінах» сказалі, што перамог яго нейкі Лапкес… Вядома, ад Стаса ўсё чакалі толькі перамогі, але Алімпіяда – гэта латарэйны білет». Сам Пазднякоў апраўдваў сваё паражэнне недаацэнкай суперніка. «Вельмі прыкра, але страляцца з-за гэтага пройгрышу я не стану. Наперадзе ў нас камандны турнір. Трэба забыцца на ўсе крыўды і пастарацца не ўпусціць апошні шанц. Я хачу з'ехаць з Афін пераможцам», – гаварыў расiянiн. Але ж не здолеў – зборнай Расіі ўдалося ўхапіць толькі бронзу.

Яшчэ адным цiкавым фіяска ў спартыўнай карʼеры Пазднякова стала паражэнне ў 1/4 фіналу чэмпіянату Еўропы-2006 ад… Лукашэнкi. Канешне, не цяперашняга калегi Вiктара цi каго з яго сваякоў, а ўкраінскага фехтавальшчыка Уладзіміра Лукашэнкі. Далей украiнец мог сустрэцца з Лапкесам, калi б той выйграў свой чвэрцьфiнал, але беларус зрабiць гэтага не здолеў. Лукашэнка ж у вынiку стаў вiцэ-чэмпiёнам турнiру.

Цяпер справу бацькi працягвае сын Уладзiмiра (той i трэнiруе хлопца). Дарый Лукашэнка стаў шпажыстам i заваёўвае медалі на розных турнірах – у 2023-м нават узяў срэбра на юнiёрскiм ЧЕ.

Думаецца, гэтыя Лукашэнкi i цяпер пацiснулi б руку Лапкесу. Беларус, самым моцным дасягненнем якога стала срэбра ЧС-2011, у 2020-м падпісаў ліст за сумленныя выбары на Радзiме, а пазней асудзіў вайну ва Украіне.

Іншыя пасты блога

Усе пасты