Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Сына беларуса з футбола затрымалі за рэпост, далей быў тэрміновы ад'езд з краіны. Але гэта не гісторыя з Радзімы бацькі – а здарылася вось што

Сына беларуса з футбола затрымалі за рэпост, далей быў тэрміновы ад'езд з краіны. Але гэта не гісторыя з Радзімы бацькі – а здарылася вось што

Не першыя прыгоды Эдэна Карцава з арэндай (мінулыя былі ў Расіі).

Аўтар — KentYara98
19 студзеня, 07:00
Сына беларуса з футбола затрымалі за рэпост, далей быў тэрміновы ад'езд з краіны. Але гэта не гісторыя з Радзімы бацькі – а здарылася вось што

7 кастрычніка 2023 года адбылося чарговае абвастрэнне перманентных баявых дзеянняў паміж палестынскім Сектарам Газа і Ізраілем. Тэрарыстычны рух ХАМАС у той дзень здзейсніў масавую атаку з найбольшай у іх гісторыі колькасцю ахвяр сярод мірных жыхароў, у адказ Ізраіль аб'явіў вайну і пачаў як наземную аперацыю, так і масіраваныя ракетныя атакі (на якія ХАМАС адказвае сваімі). Гінуць мірныя жыхары і ў Сектары Газа – аднак у Ізраілі гэта тлумачаць тым, што ХАМАС выкарыстоўвае «жывыя шчыты» прыкрыцця.

Праўда ў кожнага боку свая, а падтрымка з іншых краін у шэрагу выпадкаў вызначаецца не аналізам рэальнай сітуацыі, а проста рэлігійнай прыналежнасцю: палестынцаў падтрымліваюць у асноўным такія ж мусульмане. Напрыклад, Турцыя – у канцы кастрычніка мясцовы прэзідэнт-аўтакрат Рэджэп Эрдаган сабраў на антыізраільскім мітынгу некалькі сотняў тысяч чалавек, заяўляючы, што Ізраіль, маўляў, «адкрыта здзяйсняе ваенныя злачынствы» і «прыгнятае палестынцаў». Ужо ў 2024-м Эрдаган заявіў пра надзею на суд ААН над ізраільскай дзяржавай. Ізраіль у адказ нагадаў, як туркі прыгнятаюць курдаў, а яшчэ да гэтага параіў сваім грамадзянам пакінуць Турцыю.

Аднак гэта зрабілі не ўсе – а цяпер на глебе рознага стаўлення да сітуацыі здарыліся скандалы ў турэцкім футболе. 14 студзеня другі бамбардзір «Антальяспора», 28-гадовы ізраільскі форвард Сагіў Ехезкель сваім чарговым голам прынёс клубу нічыю з «Трабзанспорам» (1:1), а пры святкаванні паказаў на бінт на руцэ – там была яўрэйская зорка Давіда і тэкст «100 дзён. 7.10» (з даты пачатку згаданага нападу ХАМАС сапраўды спаўнялася 100 дзён). Неўзабаве кіраўніцтва «Антальяспора» абвясціла пра скасаванне кантракту, абвінаваціўшы гульца ў нiбыта выступе супраць «нацыянальных каштоўнасцяў», а самога Ехезкеля затрымалi турэцкiя сiлавiкi па абвiнавачваннi ў «публічным распальванні нянавісці і варожасці». Асабicта міністр юстыцыі Йылмаз Тунч назваў святкаванне «агідным» (заадно абвiнавацiўшы Iзраiль у «генацыдзе ў Газе»). У вынiку гiсторыя, ад якой вее рэжымнай Беларуссю, скончылася дэпартацыяй Ехезкеля ў Iзраiль.

А яшчэ адзін гулец, які патрапіў пад раздачу, звязаны з Беларуссю наўпрост. Эдэн Карцаў – сын беларускага футбаліста Вадзіма Карцава, які на пачатку 1990-х у якасьці трывалага гульца асновы ўзяў два срэбра і бронзу ЧБ з «Віцебскам» (называўся ён тады КІМ і «Дзвіна»), а ў 1996-м пераехаў у Ізраіль. Там жа ў 2000-м нарадзіўся Эдэн Карцаў, які стаў гуляць за сістэму ізраільскіх зборных, а ў 2020-м дэбютаваў за першую каманду Ізраіля.

У Турцыю Карцаў пераехаў у пачатку 2023-га – з «Макабі» Нетання быў прададзены ў «Істанбул», які ў цяперашнім сезоне ідзе на 9-м месцы ў Д1 Турцыі. У камандзе футбаліст быў не асноўным выбарам – з 20 матчаў бягучай лігі правёў 11, у сярэднім выходзячы на 45 хвілін. А «правінаваціўся» Карцаў не на полі, а ў сацсетках – падзяліўся прысвечанай 100 дням з атакi ХАМАС публікацыяй Сіяністскай федэрацыі Аўстраліі з выявай жоўтых стужак (знак вызвалення закладнікаў) і хэштэгам «Вярніце іх дадому зараз».

Кіраўніцтва «Істанбула» адразу заявiла, што заводзiць дысцыплiнарную справу, бо публiкацыя Карцава «супрацьстаiць каштоўнасцям Турцыi». А неўзабаве Карцава затрымала палiцыя Стамбула. Але пасля дачы паказанняў футбаліста адпусцілі.

Тым часам турэцкія карыстальнiкi сацсетак абрынулі на Карцава сваё абурэнне, паказваючы, як абразіліся яго рэпостам. Гулец нават перабраўся на тэрыторыю спартыўнай базы клуба ў мэтах бяспекi. Наўрад цi хтосьцi з абураных «заўзятараў» у гэты момант успамiнаў, як на самым пачатку свайго этапу ў «Iстанбуле» Карцаў, негледзячы на рэлiгiёзную прыналежнасць, быў сярод тых, хто дапамагаў Турцыi пасля страшнага землятрусу, які забраў жыцці больш за 50 тысяч чалавек.

Хаця карʼера 23-летняга ізраільцяніна магла ўвогуле не прывесцi яго ў Турцыю. Пасля добрага сезона-2021/22 у «Макабі» з Нетанні, з якой заняў чацвёртае месца ў чэмпіянаце Iзраiля, Карцаў быў за крок ад пераходу ў маскоўскае «Дынама» на правах арэнды з правам выкупу за 2,6 мільёна еўра, а зарплата гульца павінна была скласці каля 500 тысяч еўра ў год. Футбалiст нават паспеў прыехаць у Расію і правесці пару трэніровак з камандай. Карцава не спыняла вайна, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украiне з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi. Гулец падкрэсліваў: «Я на сто працэнтаў хачу гуляць у Расіі. Як толькі зʼявілася інфармацыя пра зацікаўленасць «Дынама», адразу сказаў, што хачу перайсцi».

Але ўсё ж вайна перашкодзіла пераходу Карцава. Менавіта з-за яе на Расiю наклалі шматлікія санкцыі, у тым ліку ў фінансавым сектары – і «Дынама» не змагло забяспечыць своечасовы перавод грошай за арэнду ў Ізраіль. Тады «Макабі» Нетання адклікаў Карцава, што засмуціла гульца, які распавёў, што ўжо паспеў стаць часткай новай каманды.

Цяперашняя ж гісторыя завяршылася тым, што 18 студзеня «Істанбул» заявіў: Карцаву выпісаны штраф і прапанавана «працягнуць кар'еру за межамі краіны». І футбаліст тут жа аказаўся арандаваны лідарам чэмпіянату Ізраіля «Макабі» Тэль-Авіў, выхаванцам якога з'яўляецца. Аднак у каментарах пад пастом сталічнай каманды аб гэтым таксама шмат незадаволеных – уся справа ў тым, што перад сыходам у Турцыю Карцаў заяўляў, што ў Ізраіль збіраецца вярнуцца толькі ў «Макабі» Нетанія. Фанаты адтуль цяпер і згадваюць футбалісту нявыкананае абяцанне (аўтапераклад недакладны, але прыкладна зразумелы).

Іншыя пасты блога

Усе пасты