Думаеце, хакей – гэта дорага? Беларуская пяціборка распавяла пра амуніцыю ў яе спорце – лік ідзе на тысячы еўра
Больш за 10 сярэдніх заробкаў беларуса.
Некаторыя лічаць, што спорт для мажораў – гэта хакей. Маўляў, дарагая форма, не кожны можа сабе дазволіць. Але нават калі не браць тэхнічныя дысцыпліны кшталту розных гонак, ёсць спорт, які па дарагавізне можа канкураваць з хаккем. У тым ліку – па выдатках на экіпіяванне. Гаворка пра пяціборства, дзе атлеты змагаюцца ў канкуры, фехтаванні, стральбе, бегу і плаванні. Пад кожны від трэба адмыслова экіпіявацца.
19-гадовая беларуская пяціборка Марыны Гнедчык у інтэрв'ю часопісу лукашэнкаўскага алімпійскага камітэту выклала калькуляцыю на свой спорт:
Фехтаванне
Спецыяльны касцюм (маска, штаны, куртка, «набочнік») – 2500 еўра
Пластмасавая абарона, гетры, красоўкі – 285 еўра
Плаванне
Гідракасцюм – 370 еўра
Акуляры і шапачка – 85 еўра
Верхавая язда
Боты для канкура – 1000 еўра
Рэдынгот (касцюм для верхавой язды) – 700 еўра
Брыджы – 50 еўра
Жакейка – 42 еўра
Пальчаткі – 23 еўра
Лазэр-ран
Красоўкі – 185 еўра
Пісталет – 500 еўра
Агулам: 5740 еўра
І гэта далёка не ўсё неабходнае: ёсць яшчэ шпага, шнуры, казырок і іншыя дробязі.
Пры гэтым сярэдняя заработная плата ў Беларусі ў 2023 годзе склала 1902,3 рублёў ці прыкладна 541 еўра. Атрымліваецца, каб набыць экіпаванне для пяцібор'я, сярэднестатыстычнаму беларусу патрэбныя 10,5 поўных заробкаў (на што яму жыць – пытанне без адказу). Праўда, гэты спорт не вельмі папулярны ў нашай краіне, таму і такой праблемы, калі казаць сур'ёзна, няма.
Гнедчык зазначае, што шмат чаго з экіпіявання ёй выдаюць у зборнай, аднак уласныя выдаткі ўсё роўна досыць сур'ёзныя.