Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/«Усё скончана». «ПСЖ» з'едзе з «Парк дэ Прэнс» з-за канфлікту з мэрыяй Парыжа

«Усё скончана». «ПСЖ» з'едзе з «Парк дэ Прэнс» з-за канфлікту з мэрыяй Парыжа

Адміністрацыя гораду адмовілася прадаваць стадыён шэйхам.

Аўтар — Pam-pam
9 лютага, 15:31
«Усё скончана». «ПСЖ» з'едзе з «Парк дэ Прэнс» з-за канфлікту з мэрыяй Парыжа

«Пары Сэн-Жэрмэн» пакіне хатні стадыён «Парк дэ Прэнс» у бліжэйшыя месяцы. Прэзідэнт парыжскага клуба Насер аль-Халаіфі пацвердзіў, што клуб пакіне арэну пасля таго, як гарадскі савет Парыжа прагаласаваў за забарону продажу стадыёна. «Для нас усё скончана», – сказаў ён.

Эпапея з хатнім стадыёнам «ПСЖ» доўжыцца з восені 2022-га, калі кіраўніцтва клуба вырашыла, што «перарасло» крыху састарэлую арэну і задумалася аб маштабнай рэканструкцыі. Катарцы хацелі мінімум у 1,5 раза павялічыць умяшчальнасць стадыёна (цяпер яна складае 47 тысяч) і зрабіць дах, уклаўшы ў гэта каля 500 мільёнаў еўра. Але не гатовы было інвеставаць такія ў сродкі стадыён, які не з'яўляецца іх уласнасцю.

Таму шэйхі прапанавалі гораду прадаць ім стадыён прыкладна за 40 мільёнаў еўра, аргументуючы суму тым, што ўжо ўклалі 85 мільёнаў еўра ў рэканструкцыю арэны да Еўра-2016. Такія лічбы не задаволілі мясцовую ўладу, якая ацэньвае арэну ў амаль 600 мільёнаў.

«Гэта танней, чым трансфер Парэдэса», – пажартаваў намеснік мэра Эмануэль Грэгуар, маючы на ўвазе пераход аргенцінскага паўабаронцы з «Зеніта» ў студзені 2019 г., які абышоўся «ПСЖ» у 47 млн еўра.

У студзені 2024-га мэр Парыжа Ан Ідальга ў калонцы для выдання Le Parisien паставіла тоўсты крыж на планах шэйхаў, заявіўшы што арэна не прадаецца. «Пазіцыя цвёрдая і канчатковая. Стадыён – выключная спадчына жыхароў Парыжа», – напісала яна.

Пазіцыю мэра падтрымаў віцэ-мэр Давід Бейяр:

«Гэта несумленная гульня. Паглядзім, што атрымаецца з перамоваў. Я не прыхільнік продажу важных абʼектаў культурнай спадчыны прыватным асобам, асабліва Катару. «Парк дэ Прэнс» – адзін з іх.

Нам трэба пакінуць сабе пэўную колькасць прэстыжных абʼектаў культурнай спадчыны. «Парк дэ Прэнс» не належыць Катару – ён належыць парыжанам і, у больш шырокім сэнсе, французам і францужанкам. Я хачу, каб ён застаўся агульнай спадчынай».

Пры гэтым улады былі гатовы размаўляць аб рэканструкцыі арэны. Намеснік па пытаннях спорту Пʼер Рабадан падкрэсліў, што «дзверы ўсё яшчэ адчыненыя. Продажы не будзе, але ёсць і іншыя рашэнні. У іх усё яшчэ ёсць кантракт да 2043 года... (і) яны не могуць скасаваць яго ў аднабаковым парадку».

У адказ на гэта Насер аль-Халаіфі літаральна абвінаваціў улады гораду ў расізме:

«Чаму? З-за Катара, таму што мы арабы? Не добра. Мне вельмі балюча. Мы ў Францыі, гэта свабодная краіна. Што тычыцца стадыёна, мы не робім з гэтага сакрэту. У нас зʼявіўся новы амерыканскі фундатар Arctos, адно з пажаданняў якога выкупіць наш стадыён. Сёння, калі мы сапраўды жадаем канкураваць з іншымі еўрапейскімі клубамі, у нас павінен быць свой стадыён. Для мяне «Парк дэ Прэнс», без сумневу, найлепшы стадыён у свеце. Але нашым заўзятарам трэба больш месцаў і бліжэй да поля, як у Англіі. Мы хочам адзін з лепшых стадыёнаў у свеце і гатовы ў гэта інвеставаць».

Ён нават паспрабаваў у лёгкі шантаж, падкрэсліўшы, што калі зацікаўлены інвестар сыдзе, то гэта нанясе страты для Лігі 1:

«Улады могуць праявіць да нас больш павагі, улічваючы нашыя інвестыцыі ў Парыж і ў Францыю. Калі інвестар захоча сысці, гэта нанясе вялікія страты Лізе 1. Я люблю Парыж і Францыю, і ганаруся тым, што я тут».

Трэба адзначыць, што былі сярод мясцовых уладаў і тыя, хто крытыкуе выніковае рашэнне. Жэрэмі Рэдлер, мэр 16-й акругі, у якім размешчаны «Парк» у інтэрвʼю Le Parisien заявіў, што «рашэнне, за якое прагаласавалі ў Радзе, было вельмі непрадуманым, таму што яно зачыняе дзверы – продаж – яшчэ да аднаўлення абмеркавання. Як можна абмяркоўваць нешта ў такіх умовах?»

Катарскія ўладальнікі «ПСЖ» разглядалі таксама варыянт з пакупкай стадыёна «Стад дэ Франс», які размяшчаецца ў Сен-Дэні, прыгарадзе Парыжа, аднак у апошні момант адмовіліся ад гэтай ідэі. Іх не задаволіла, што нават пасля пакупкі арэну прыйшлося б дзяліць са зборнымі Францыі па футболе і рэгбі.

Верагодна, зараз «ПСЖ» сканцэнтруецца на пошуку месца для будаўніцтва ўласнага стадыёна, а пакуль працягне выступаць на «Парк дэ Прэнс», дамова аб арэндзе якога заключаны да 2043-га.

Іншыя пасты блога

Усе пасты