Tribuna/Футбол/Блогі/Virus Spartovy/Раналду зноў трапіў у непрыемную гісторыю: прарэкламаваў брэнд, які нахлусіў пра ўласцівасці прадукту (так лічыць гастранамічнае іспанскае выданне)

Раналду зноў трапіў у непрыемную гісторыю: прарэкламаваў брэнд, які нахлусіў пра ўласцівасці прадукту (так лічыць гастранамічнае іспанскае выданне)

Але ніякіх наступстваў, здаецца, не будзе.

Блог — Virus Spartovy
Аўтар — Alex Zagorski
12 ліпеня, 16:04
Раналду зноў трапіў у непрыемную гісторыю: прарэкламаваў брэнд, які нахлусіў пра ўласцівасці прадукту (так лічыць гастранамічнае іспанскае выданне)

7 чэрвеня ў сацсетках Крышціяну Раналду з'явілася рэклама брэнда вады URSU9. І тут панеслася.

У маркетынгавай кампаніі прадукту распавядалася пра некаторыя яго ўласцівасці – маўляў, вада, якую рэкламуе Крыш, станоўча ўплывае на здароўе спажыўца, з'яўляецца шчолачнай, а яе pH складае 9 і гэтак далей.

Але, як піша іспанскае выданне El Comidista (яно спецыялізуецца на пытаннях гастраноміі), далёка не ўсё тое, што распавялі пра URSU9, з'яўляецца праўдай. Па-першае, вада пад брэндам Раналду ніяк не ўплывае на здароўе, не з'яўляецца шчолачнай ды заяўлены pH не адпавядае рэчаіснасці.

Акрамя таго, у якасці ўласцівасцяў гэтай мінеральнай вады называлася тое, што яна з'яўляецца антыаксідантам, але «гэта не мае сэнсу, паколькі вада не валодае антыаксідантнымі ўласцівасцямі і выкарыстоўваецца ў навуковых эксперыментах у якасці кантрольнага сродку для вымярэння акісляльнай здольнасці іншых прадуктаў».

Таксама сцвярджалася, што вада здабываецца ў іспанскай Авіле і не падвяргаецца знешняму ўздзеянню і розным забруджванням. El Comidista піша, што ў URSU9 няма свідравін у раёне Авілы, а вада, хутчэй за ўсё, здабываецца ў Партугаліі.

Ну і на дабівачку: El Comidista піша, што вада, якая па сутнасці нічым не адрозніваецца ад аналагаў, каштуе ў два разы больш за іх.

Але ніякіх наступстваў для Раналду і брэнда, здаецца не будзе. Адзначаецца, што ў Іспаніі няма законаў, якія абмяжоўваюць выкарыстанне недакладных заяў аб станоўчым уплыве прадукта на стан здароўя спажыўца, чым і скарысталіся вытворцы мінеральнай вады URSU9.

Іншыя пасты блога

Усе пасты