Усе навіны

Аляксей Кудзін: «У Шклоўскай калоніі для мяне ў прыярытэце былі кнігі і трэніроўкі»

14 лютага 2023, 10:27

Беларускі баец ММА Аляксей Кудзін, які напрыканцы 2022 года выйшаў на волю, адбыўшы свой тэрмін зняволення, расказаў пра свае заняткі спортам у Шклоўскай калоніі.

– Псіхалагічна мне было не вельмі складана ізноў адаптавацца да грамадзянскага жыцця, хаця, безумоўна, ёсць свае нюансы. Справа ў тым, што я заўсёды трэніраваўся – і да затрымання, і ў СІЗА, і ў калоніі, і зараз – пасля выхаду на волю. Таму без перапынку падтрымліваў і фізічную форму, і сувязь з сям’ёй – была такая магчымасць.

– Як вам Шклоўская калонія?

– Як ужо казаў, у мяне там была магчымасць трэніравацца. Прыемна здзівіла таксама мясцовая бібліятэка. Я адразу туды запісаўся і шмат чытаў. У тым ліку і беларускамоўных класікаў – Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Якуба Коласа, Івана Шамякіна…

Прачытаў шмат кніг на гістарычную тэматыку. Можна нават сказаць, што мінулы год я прысвяціў не толькі заняткам спортам, але і гістарычнай адукацыі. У калоніі для мяне ў прыярытэце былі кнігі і трэніроўкі.

– Які ў вас быў графік трэніровак у ізалятарах і ў Шклоўскай калоніі?

– У расійскіх СІЗА на вуліцы былі спартыўныя дворыкі, і там мне дазвалялі трэніравацца па тры, а то і чатыры гадзіны ў дзень. У 8 гадзін раніцы выходзіў у дворык і да 11.00–12.00 займаўся. Сядзеў з хлопцамі, якія таксама раней выступалі ў розных відах спорту на ўзроўні зборнай, а таму мы трэніраваліся разам. У нас нават былі пальчаткі і лапы, спартыўныя снарады для заняткаў спортам. Там атрымлівалася паўнавартасна займацца.

У СІЗА на Валадарскага, дзе я правёў не так шмат часу, каля гадзіны адводзіў трэніроўкам, а ў Жодзінскім ізалятары таксама знайшоў аднадумцаў – хлопцы раней хадзілі ў спартыўныя секцыі. Адным словам, у нас была спартыўная камера. А адзін хлопец, калі паназіраў за нашымі заняткамі, пачаў паліць па мінімуму і кінуў есці маянэз з кетчупам. У яго вага была каля 140 кілаграмаў, а за два з паловай месяцы ён скінуў больш за 20 кілаграмаў.

Гадзіну мы займаліся ў дворыку, а затым яшчэ столькі ж працавалі ў камеры. Падцягваліся на кратах, адціскаліся ад падлогі, накачвалі прэс і рабілі гіперэкстэнзію (практыкаванне для ўмацавання ніжняй часткі спіны)…

Карацей кажучы, мазгі і цела працавалі, а ў экстрэмальных умовах галава пастаянна прыдумляла нешта новае.

Што датычыцца калоніі ў Шклове, то там таксама было дзе і спортам займацца, і лёгкія прабежкі зрабіць.

Цвёрда ведаў: пасля выхаду на волю ізноў буду трэніравацца і выступаць на спаборніцтвах.

Так, не хапала за кратамі працы ў пары, але гэта я дабіраю зараз. Натуральна, адчуваецца, што даўно не працаваў, але мяркую, што праз месяц буду ў форме.

– Аляксей, а ці падтрымлівалі вы сувязь са сваім трэнерам?

– Так, праз жонку была сувязь і з трэнерам, і з менеджарам. Пяць разоў на тыдзень дазвалялася тэлефанаванне дадому, таму я быў у курсе ўсіх апошніх падзей у нашай спартыўнай сферы, – расказаў Кудзін.

Нагадаем, што Кудзін 10 жніўня 2020 года падчас акцыі пратэсту ў Маладзечне ў ліку іншых бяззбройных людзей быў атакаваны групай сілавікоў, якія распылілі газ і нанеслі шматлікія ўдары дубінкамі. Кудзін у адказ ударыў некалькіх сілавікоў. Байца затрымалі пазней у той жа дзень, кінуўшы пад колы яго машыны гранату, у яго тройчы стрэлілі з траўматычнага пісталета і збілі. Неўзабаве Кудзіну прад'явілі абвінавачанні па ч. 2 арт. 363 КК РБ (супраціўленне супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, звязанае з ужываннем гвалту або пагрозай яго прымянення), аднак праз некалькі дзён адпусцілі пад хатні арышт.

19 лістапада 2020-га Кудзін не з'явіўся на судовае паседжанне па сваёй справе, пакінуўшы краіну, і быў абвешчаны ў вышук. У пачатку 2021-га Кудзіна затрымалі ў Расіі, дзе ён знаходзіўся ў следчым ізалятары да 21 ліпеня. У той дзень Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю спартсмена ў Беларусь, аднак Кудзіна вывезлі ў Мінск, дзе таксама змясцілі за краты. 11 жніўня яго прыгаварылі да 2,5 года пазбаўлення волі.