Усе навіны

Аляксей Кудзін: «У гэтым годзе ў маіх планах правесці як мінімум тры баі. У мяне ёсць вялізнае жаданне гэта ажыццявіць, тым больш што адчуваю сябе проста цудоўна»

14 лютага 2023, 11:57

Беларускі баец ММА Аляксей Кудзін, які напрыканцы 2022 года выйшаў на волю, адбыўшы свой тэрмін зняволення, падзяліўся спартыўнымі планамі.

– Чым вы займаліся месяц пасля вызвалення?

– У асноўным была кросавая падрыхтоўка, праца на турніку і з гірамі. Таксама ў спартыўным дыспансеры праходзіў паўнавартаснае абследаванне, бо трэба ведаць пра свой сённяшні рэальны фізічны стан. Дык вось па выніках абследавання сёння мой фізічны стан па пяцібальнай сістэме можна ацэньваць на чатыры.

Вечарам я каля гадзіны гуляю на вуліцы з сабакам, таму гэта такая дадатковая кардыяпраца. Таксама, як ужо казаў, пачаў працаваць у парах.

– Якія ў вас планы на гэты год? На рынг, відаць, яшчэ не выйдзеце?

– У гэтым годзе ў маіх планах правесці як мінімум тры баі. У мяне ёсць вялізнае жаданне гэта ажыццявіць, тым больш што адчуваю сябе проста цудоўна.

– Сакрэт, з кім збіраецеся выйсці на рынг?

– Пра гэта рана казаць, бо пакуль усё знаходзіцца на стадыі перамоваў. Таму няварта нічога загадваць.

– Напэўна, да баёў з вашым удзелам будзе дадатковая цікавасць, і іх арганізатары на гэтым могуць нядрэнна зарабіць. Анонсы будуць такога кшталту: «Чэмпіён свету выйшаў з турмы і збіраецца вярнуць свой тытул!»

– Магчыма, той факт, што я пабываў у калоніі, будзе надаваць матчам нейкі дадатковы інтарэс, і заўзятары захочуць убачыць, у якой я зараз форме пасля двух гадоў у зняволенні. Ды і маім сапернікам, напэўна, будзе цікава паглядзець, ці моцна мяне змянілі абставіны.

– Дарэчы, пра абставіны… Не шкадуеце пра тое, што зрабілі ў 2020 годзе, праз два гады за кратамі?

– Па жыцці я – жорсткі аптыміст, таму ні пра што не шкадую. Калі было наканавана так здарыцца – нічога не зробіш. Гэта ўжо стала гісторыяй і майго жыцця, і маёй сям’і.

Але сёння трэба глядзець у будучыню і крочыць далей. У мяне ўжо ёсць чатыры чэмпіёнскія паясы. Таму для круглай лічбы чаму б не ўзяць і пяты? – падзяліўся Кудзін.

Нагадаем, што Кудзін 10 жніўня 2020 года падчас акцыі пратэсту ў Маладзечне ў ліку іншых бяззбройных людзей быў атакаваны групай сілавікоў, якія распылілі газ і нанеслі шматлікія ўдары дубінкамі. Кудзін у адказ ударыў некалькіх сілавікоў. Байца затрымалі пазней у той жа дзень, кінуўшы пад колы яго машыны гранату, у яго тройчы стрэлілі з траўматычнага пісталета і збілі. Неўзабаве Кудзіну прад'явілі абвінавачанні па ч. 2 арт. 363 КК РБ (супраціўленне супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, звязанае з ужываннем гвалту або пагрозай яго прымянення), аднак праз некалькі дзён адпусцілі пад хатні арышт.

19 лістапада 2020-га Кудзін не з'явіўся на судовае паседжанне па сваёй справе, пакінуўшы краіну, і быў абвешчаны ў вышук. У пачатку 2021-га Кудзіна затрымалі ў Расіі, дзе ён знаходзіўся ў следчым ізалятары да 21 ліпеня. У той дзень Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю спартсмена ў Беларусь, аднак Кудзіна вывезлі ў Мінск, дзе таксама змясцілі за краты. 11 жніўня яго прыгаварылі да 2,5 года пазбаўлення волі.