Усе навіны

Рэжым прызначыў чэмпіёнцы свету Калінінай штраф больш за тысячу долараў, яна пратэрмінавала падатковую справаздачу з-за вятранкі ў дзіцяці

15 ліпеня, 12:35

Двухразовая чэмпіёнка свету па тайскім боксе Марына Калініна атрымала ад падатковай інспекцыі штраф каля 4 тысяч рублёў (прыкладна 1,3 тысячы долараў) за тое, што ў 2022 годзе пратэрмінавала справаздачу па падатках з-за хваробы дзіцяці, паведамляе «Зеркало».

У снежні 2021 года да Калінінай прыйшлі з рэжымнай падатковай. Супрацоўнікаў гэтай арганізацыі цікавіла, на якія сродкі жыве спартоўка. Калініна патлумачыла, што была ў дэкрэце. Аднак неўзабаве ёй прыйшло патрабаванне прадставіць справаздачу пра даходы за апошнія 10 гадоў.

Спартсменка справаздачу склала, але ў падатковую не з'явілася з-за таго, што яе дзіця захварэла ветраной воспай, і яна была вымушана сядзець з ім у ізаляцыі. Пра гэта Калініна паведаміла ў падатковую рэжыму, пасля чаго спартсменцы сказалі зʼявіцца 5 красавіка. Аднак, калі Калініна гэта зрабіла, ёй заявілі, што тэрмін падачы справаздачы скончыўся раней, і прызначылі штраф.

Калініна спрабавала абскардзіць штраф, аднак ад прадстаўнікоў рэжымнай падатковай розных узроўняў атрымлівала адказ, што яе тлумачэнні былі прадстаўленыя пасля ўсталяванага тэрміну, таму не могуць быць прынятыя. Абставіны з хваробай дзіцяці да ўвагі не прымалі

Пасля да Калінінай з ператрусам прыйшлі з КДБ Лукашэнка, дзе «падазравалі» яе ў здзяйсненні непажаданых рэжыму дзеянняў, і спартсменка была вымушаная пакінуць Беларусь.