Усе навіны

Пеп Гвардыёла: «Мы заўсёды змушаныя пераплачваць за гульцоў 10-15 млн фунтаў толькі таму, што мы – «Ман Сіці»

5 жніўня, 19:14

Галоўны трэнер «Манчэстэр Сіці» Пеп Гвардыёла заявіў, што хацеў бы захаваць у камандзе абаронцы Кайла Уокера і хаўбека Бернарду Сілву з-за таго, што будзе цяжка знайсці ім замену.

«Мы заўсёды змушаныя пераплачваць за гульцоў 10-15 млн фунтаў толькі таму, што мы – «Ман Сіці». Калі камусьці патрэбны нашы важныя футбалісты – нам павінны зрабіць прапанову, але пакуль гэтага не адбылося. Але калі гэта ўсё ж такі адбудзецца, мы будзем змагацца за тое, каб захаваць іх у камандзе. Так было з усімі гульцамі «Сіці» з першага дня.

У выпадку з Бернарду і Уокерам мы шмат разоў на працягу апошніх месяцаў і нават гадоў казалі аб тым, наколькі важныя яны для нас, як моцна мы іх жадаем бачыць у камандзе. Мы працягнем рабіць усё магчымае, каб яны засталіся з намі.

Не ведаю, што будзе далей, але калі клубы не прыйдуць да згоды – нічога не адбудзецца, таму што яны – вельмі важныя для нас. Калі мы губляем такіх футбалістаў, нам даводзіцца шукаць ім замену на рынку, і, каб яе знайсці, нам трэба будзе выдаткаваць не 10, не 20, не 30, не 40 і не 50 млн фунтаў – а значна больш.

Але нам гэтыя грошы патрэбныя для таго, каб падпісваць гульцоў, якія зробяць каманду як мага мацнейшай і гатовай абараняць усе здабытыя намі тытулы», – сказаў Гвардыёла.

Раней паведамлялася, што Кайл Уокер сказаў Гвардыёле, што хоча перайсці ў «Баварыю».

Была таксама інфармацыя, што Сілва часова перастаў разглядаць прапановы «ПСЖ» і саудаўскіх клубаў, каб сфакусавацца на трансферы ў «Барселону».