Усе навіны

Латвійскія і польскія каманды не будуць гуляць супраць зборных Расіі

27 верасня, 15:52

Зборныя Латвіі ўсіх узроўняў не будуць гуляць супраць расійскіх каманд, заявіла федэрацыя футбола Латвіі. Такое ж рашэнне прыняў і Польскі футбольны звяз па зборных Польшчы. Раней УЕФА прыняў рашэнне вярнуць у міжнародныя выступленні каманды U-17 з РФ.

«Федэрацыя футбола Латвіі пацвярджае, што зборныя Латвіі па футболе ўсіх узроўняў не будуць гуляць супраць расійскіх каманд незалежна ад месца правядзення такіх гульняў ці формы прадстаўніцтва расійскіх спартсменаў. Гэта супярэчыць жорсткай пазіцыі федэрацыі адносна вайны, якую Расія пачала ва Ўкраіне, і гэтая пазіцыя будзе заставацца ў сіле да завяршэння баявых дзеянняў ва Ўкраіне.

Федэрацыя яшчэ раз пацвярджае, што ёсць і будзе адзінай з Украінай і ўкраінскімі калегамі ва ўсіх наступных рашэннях. Таксама Федэрацыя цалкам паважае і выконвае працэдуры, усталяваныя латвійскім заканадаўствам, датычныя правядзення такіх гульняў ці абмежаванняў на допуск такіх спартовых каманд на тэрыторыю Латвіі», – гаворыцца ў заяве арганізацыі.

«Я быў здзіўлены ўчорашняй заявай Выканкама УЕФА. Калі расійскія зборныя будуць дапушчаныя да спаборніцтваў, то нашыя зборныя не будуць з імі спаборнічаць. Гэта адзінае правільнае рашэнне», – напісаў у сваім твітары прэзідэнт Польскага футбольнага саюза Цэзарый Кулеша.

Аналагічнае рашэнне было прынята ў Англіі. Федэрацыя футбола Чэхіі заявіла, што вызначыцца са сваёй пазіцыяй пазней. Да гэтага ўсе расійскія клубы і зборныя былі адхіленыя ад спаборніцтваў з-за агрэсіі РФ супраць Украіны.