Усе навіны
Відэа

Фанаты «Легіі» пабіліся з нідэрландскай паліцыяй пасля матча з АЗ. Двух футбалістаў затрымалі, прэзідэнт клуба атрымаў па твары

6 кастрычніка, 14:24

Матч АЗ – «Легія» ў Лізе канферэнцый завяршыўся сутычкай фанатаў гасцей і паліцыі. Клуб з Алкмара перамог дома ў гульні 2-га тура групавога этапа з лікам 1:0.

Прычынай канфлікту называецца тое, што паліцыянты яшчэ да матчу спрабавалі адабраць у заўзятараў «Легіі» сцягі.

Аўтобус з гульцамі і персаналам «Легіі» доўга не мог выехаць з тэрыторыі стадыёна.

Пасля гульні паліцыя і ахова не хацелі выпускаць гульцоў і супрацоўнікаў «Легіі» са стадыёна ў мэтах бяспекі. У выніку фаны самі паспрабавалі пакінуць арэну.

Таксама паведамляецца, што адзін з афіцэраў паліцыі страціў прытомнасць, а заўзятары адабралі ў некаторых копаў дубінкі і пярцовы газ.

Падчас сутыкнення прэзідэнта «Легіі» Дарыюша Міядускага ўдарылі па твары. Таксама збілі трэнера па фізічнай падрыхтоўцы польскага клуба і напалі на гульцоў.

Паліцыяй былі затрыманыя два гульцы «Легіі» – Радаван Панкоў і Жазуэ. Футбалісты былі ў аддзеле паліцыі. Спачатку іх павінны былі вывезці ў Амстэрдам, але ўсё паказвае на тое, што яны засталіся ў Алкмары. Астатнія члены каманды вярнуліся ў гатэль.

У справу ўмяшаўся польскі консул, але з ім не захацелі размаўляць, паколькі Панкоў – серб, а Жозуэ – партугалец.