Усе навіны

Мікалай Хадасевіч: «Чэмпіёнамі Казахстана сталі гульцы, якія давалі якасць у ЧБ, прыкоўвалі да сябе ўвагу»

23 кастрычніка, 12:45
1

Журналіст Мікалай Хадасевіч на сваім YouTube-канале Hodasevich-LIVE падзяліўся думкамі адносна «Ардабасы», які пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Аляксандра Сяднёва стаў чэмпіёнам Казахстана.

«У Аляксандра Сяднёва прайшло дастаткова часу яго адаптацыі ў Казахстане. Ён зразумеў, як там усё пабудована. У гэтым сезоне сабраў калектыў, з якім можна рухацца па дыстанцыі і можна дабівацца такога поспеху.

Дарэчы, у яго быў раней кубак Казахстана выйграны. І вось хутка будзе яшчэ адзін фінальны матч, дзе можна яшчэ адзін трафей заваяваць.

У «Ардабасы» дастаткова гульцоў, якія нам добра вядомыя па чэмпіянаце Беларусі. Беларус Усевалад Садоўскі, таксама Шахбоз Умараў, Улад Васільеў, Бабур Абдзіхолікаў. Усіх гэтых футбалістаў мы ў чэмпіянаце Беларусі добра памятаем. Яны давалі якасць, яны гулялі выдатна, яны ўвогуле збіралі і прыкоўвалі да сябе ўвагу.

І вось зараз, калі «Ардабасы» становіцца чэмпіёнам Казахстана, з аднаго боку мы радуемся за гэтых хлопцаў, радуемся за беларускага трэнера. З іншага боку мы разумеем, як за апошнія гады, на жаль, у двукоссях, ачысціўся беларускі футбол ад легіянераў, ад якасці, наколькі ўпаў узровень. Усе гэтыя хлопцы, напэўна, у іншай сітуацыі маглі б па-ранейшаму гуляць на беларускіх палях», – сказаў Хадасевіч.