Усе навіны

Яраслаў Пісарэнка: «Алос паспрабаваў дастаць футбалістаў са дна дэпрэсіі»

23 лістапада, 15:40
1

Вядучы ютуб-канала «Часнок» Яраслаў Пісарэнка выказаўся пра поспехі зборнай Беларусі ў кваліфікацыі Еўра. У лістападаўскіх матчах беларусы абгулялі Андору (1:0) і Косава (1:0).

«Калі раней мы лічылі серыі з паразамі і нічыімі, зараз ужо наадварот. Гэта праўда вельмі забытае адчуванне.

Пры Карласе Алосе сітуацыя з камандай стала значна лепшай. Я не думаю, што памянялася гульня зборнай. Не думаю, што іспанец прынёс нейкую чароўную пілюлю з маладзёжкі «Барселоны», дзе некалі працаваў ці нешта там яшчэ такое. Калі паглядзець статыстыку пасля матчу з Косава, яна ж увогуле ні разу не пераможная. Перамагчы хутчэй павінна было Косава. Але не перамагло. І тут мне падаецца згуляў фактар трэнера. Так, прызначэнне іспанца адразу выклікала пытанні, але ён набраў 8 ачкоў у 4 матчах. Вынік проста фантастыка.

Алос проста не робіць тупых рашэнняў у сваёй працы. Усё максімальна зразумела, гэта пра склад і тактычныя рашэнні. Нават у сітуацыі з Іллём Шкурыным Алос дастаткова пісьменна адказаў. Сапраўды, выклік ці не выклік Іллі ад іспанца зусім не залежыць. Хаця ён сказаў, што хацеў бы яго бачыць у складзе. Ну, дакладней не яго, а тамака «аднаго футбаліста».

Самае галоўнае, ён спрабуе хоць неяк перазагрузіць ментальнасць гульцоў. Бо раней на зборніках было проста шкада глядзець. Ніхто з іх, здаецца, увогуле не разумеў, навошта наогул ён едзе ў зборную Беларусі.

Ну і мне казалі, што мікраклімат у камандзе вельмі палепшыўся. Што Алос спрабуе размаўляць з футбалістамі. І неяк іх разняволіць, падбадзёрыць і гэтак далей.

Ну вось, ён наразняволяў, што ў двух матчах, дзе перамогі павінны былі быць далёка не факт, зборная перамагла. Бо раней зборная прайгравала там, дзе па футбольных метрыках павінна была, напэўна, перамагчы.

Фіналізуючы, Алос не зрабіў нічога выбітнага. Ён проста зрабіў тое, што зрабіў бы ўвогуле любы нармальны трэнер. То бок, ён паспрабаваў дастаць на футбалістаў са дна дэпрэсіі, неяк прывіць хоць нейкі менталітэт пераможцаў.

Напрыклад, цытата Алоса, што ён не бачыць у групе кваліфікацыі Еўра ніводнай каманды мацнейшай. Звычайна я з такіх заяваў жартую. Маўляў, рабят, у гэтым з глузду з’ехалі, давайце неяк больш рэальна глядзець на рэчы. Але тут я жартаваць не буду, таму што, на маю думку, вельмі правільны стратэгічны ход.

Ведаеце, былога галоўнага трэнера зборнай Георгія Кандрацьева я часта называў адзіным у свеце трэнерам-дэматыватарам. І вось ён бы так не сказаў. Ён бы сказаў бы пра чацвёртае месца ў групе, той склад, які ёсць, скачок вышэй за галаву.

Складана сказаць, што са зборнай будзе далей, але 2023 год яна завяршае дакладна на ўздыме», – сказаў Пісарэнка.