Усе навіны

«У нас занадта шмат матчаў». Гвардыёла падтрымлівае ідэю падаць у суд на ФІФА з-за перагружанага календара

31 снежня, 14:01

Галоўны трэнер «Манчэстэр Сіці» Пеп Гвардыёла выступіў у падтрымку ідэі падаць пазоў у суд на ФІФА ў сувязі з пашырэннем гульнявога календара, што прыводзіць да павелічэння колькасці траўмаў.

Раней пра такую ідэю заявіў кіраўнік прафсаюза футбалістаў Махета Маланга. Ён распавёў, што яго калегі гатовыя разгледзець магчымасць судовага пазову супраць ФІФА пасля таго, як планы па пашырэнні клубных і міжнародных турніраў яшчэ больш звузілі вокны паміж матчамі.

Як паведамляе Daily Mail, нядаўна Гвардыёла прапанаваў гульцам падумаць пра забастоўку, мэтай якой было б паказаць сваю незадаволенасць ростам колькасці турніраў і матчаў.

Пасля ўчорашняга матчу супраць «Шэфілд Юнайтэд» Пеп публічна выступіў з крытыкай дзеянняў ФІФА: «Толькі гульцы могуць нешта змяніць. Я ўжо шмат разоў казаў, што ў нас занадта шмат матчаў. Праблема ў тым, што летам у нас толькі тры тыдні водпуску. Гэтага недастаткова, каб аднавіцца. Паглядзіце на колькасць траўм».

У снежні «Манчэстэр Сіці» правёў 9 матчаў – шэсць у АПЛ, два на клубным чэмпіянаце свету і яшчэ адзін у Лізе чэмпіёнаў. З 2025 клубны ЧС будзе пашыраны да 32 каманд.