Усе навіны

Дані Алвес паўстаў перад судом па абвінавачанні ў згвалтаванні – пракурор просіць 9 гадоў зняволення

6 лютага, 09:54

Былы гулец зборнай Бразіліі і «Барселоны» Дані Алвес паўстаў перад судом у Іспаніі па абвінавачанні ў згвалтаванні жанчыны ў начным клубе.

Ён знаходзіцца ў турме без закладу са студзеня 2023-га з-за верагоднага інцыдэнту, які адбыўся 30 снежня 2022 года, калі ён нібыта згвалтаваў жанчыну.

Пракуратура патрабуе 9 гадоў турэмнага зняволення. Магчымая ахвяра просіць 12 гадоў пазбаўлення волі ў дадатак да кампенсацыі ў памеры 150 000 эўра.

Магчымая ахвяра ўжо дала паказанні ў судзе, яна выступала за шырмай, каб засцерагчы яе асобу ад ідэнтыфікацыі. Яна сцвярджае, што ён прывабіў яе ў прыбіральню VIP-секцыі начнога клуба ў Барселоне, а затым прымусіў заняцца з ім сэксам.

Стрыечны брат і сябар жанчыны, якія былі з ёй у ноч магчымага нападу, таксама далі паказанні. Яны сказалі, што Алвес фліртаваў з імі раней тым вечарам. Яны таксама сказалі, што жанчына спачатку не хацела падаваць скаргу, бо баялася, што ёй не павераць.

Судовы працэс, які, як чакаецца, працягнецца тры дні, будзе весці калегія з трох суддзяў у будынку вышэйшага суда Барселоны. У яго яшчэ ўвойдуць паказанні Алвеса і каля 30 чалавек.

Бразілец ужо тройчы мяняў адвакатаў і некалькі разоў мяняў сваю версію падзей па справе аб магчымым згвалтаванні. У судзе ён будзе настойваць, што сэкс быў па ўзаемнай згодзе. Аднак зараз ён надасць новую дэталь – быў п'яны і не ўсведамляў сваіх дзеянняў. Гэта накіравана на спробу змякчыць прыгавор.