Усе навіны

Карлас Алос: «Будзем старацца ўважліва сачыць за ўсімі кандыдатамі ў зборную Беларусі, каб прымаць правільныя рашэнні»

9 лютага, 09:46

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос расказаў аб планах каманды.

Нагадаем, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць дамашнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Зборная Беларусі зноў будзе праводзіць дамашнія матчы на нейтральным полі – хутчэй за ўсё ў Венгрыі.

– Такая рэальнасць, у нас не можа быць апраўданняў. Вядома, мы б хацелі гуляць дома пры падтрымцы сваіх заўзятараў. Бо заўзятары таксама могуць паўплываць на вынік у напружаных матчах. На жаль, такая рэальнасць на сённяшні дзень.

– У сакавіку зборная згуляе таварыскія сустрэчы супраць зборных Чарнагорыі і Мальты. Наколькі карыснымі будуць гэтыя гульні для падрыхтоўкі да матчаў Лігі нацый?

– Я задаволены таварыскімі матчамі. Чарнагорыя – моцная каманда, аб чым сведчаць яе вынікі. З Мальтай на выездзе таксама будзе няпроста. Гэта добрая праверка для нашых футбалістаў. Матчы ў сакавіку і чэрвені будуць мець важнае значэнне пры падрыхтоўцы да Лігі нацый, і мы павінны адказна да іх падысці.

– Што можаце сказаць наконт складу зборнай на бліжэйшыя сустрэчы? Ці будуць гэта тыя ж гульцы ці будуць унесены пэўныя змены, і мы ўбачым новыя імёны?

– Гэта нацыянальная зборная, і склад можа мяняцца. Наперадзе доўгі сезон, і мы будзем глядзець, як футбалісты з чэмпіянату Беларусі і з замежных ліг праяўляюць сябе ў клубах. Мы будзем старацца ўважліва сачыць за ўсімі, каб прымаць правільныя рашэнні. Як я ўжо казаў раней – дзверы ў нацыянальную зборную ні для каго не зачыненыя, – сказаў Алос.