Усе навіны

Заробак Біёнчыка ў «Славіі» – каля 12 тысяч рублёў, адзін з самых высокааплатных сярод гульцоў – малдаванін Дрос

15 лютага, 17:43

Паводле інфармацыі Tribuna.com, у параўнанні з папярэднім сезонам у «Славіі» павялічыўся памер сярэдняга заробку, некаторым гульцам падвышаныя аклады. Як кажуць нашыя крыніцы, падзеі мінулага года, калі калектыў ледзь не заскочыў у топ-4 чэмпіяната, вельмі ўразілі кіраўніцтва клуба і, самае галоўнае, кіраўніка апякунскай рады ФК і генеральнага дырэктара Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Віталя Паўлава.

Што да заробкаў гульцоў, то яны ў некаторых ужо павысіліся ў параўнанні з мінулым годам. Паводле нашай інфармацыі, сярэдні заробак у «Славіі» ў сезоне-2023 быў на ўзроўні 3-3,5 тысяч рублёў. Сёння – не менш за 4 тысячы рублёў. Пры гэтым ёсць гульцы, якія атрымліваюць максімальна магчымыя па цяперашніх лімітах грошы. У прыватнасці, малдаўскі паўабаронца Крысціян Дрос. За «Славію» ён выступае з 2021 года і правёў ужо 72 матчы ва ўсіх турнірах (2 галы, 5 перадач). Па нашых звестках, заробак 25-гадовага легіянера ў Мазыры – каля 17 тысяч рублёў плюс бонусы. У пачатку студзеня была інфармацыя, што Дрос можа апынуцца ў «Хапаэлі Кфар-Сава» з Д2 Ізраіля, аднак перадсезонку гулец праводзіць з мазырчукамі.

Што тычыцца іншых выканаўцаў, то іх аклады больш сціплыя, але ўсё роўна блізкія да максімуму. Так, па нашых звестках, Бацішчаў, Грыбоўскі і Салавей прыйшлі на заробак каля пяці тысяч рублёў (максімум не для «зборнікаў» – 5250). Чатыры тысячы рублёў прапісаныя ў кантрактах у тых, каму «даравала» рэжымная камісія і дазволіла гуляць у футбол у Беларусі, – у Паўла Чыкіды і Аляксандра Джыгеры. Абодва летась ужо гулялі за «Славію» і, паводле нашых звестак, мелі на тысячу болей.

Ёсць у Мазыры і тыя, хто мае зусім невялікія грошы. Тут гаворка ў асноўным пра маладых гульцоў, заробкі якіх знаходзяцца ў раёне тысячы-паўтары тысячы рублёў.

Галоўны трэнер атрымлівае значна больш за многіх сваіх падапечных. У верасні 2023-га ён падпісаў з клубам новы кантракт да канца 2024-га на палепшаных умовах. Цяпер, паводле нашых звестак, яго заробак знаходзіцца на ўзроўні крыху больш за 12 тысяч рублёў.