Усе навіны

Прадпрымальнік Кныровіч: «У Беларусі такое стаўленне, што спартсмен – не галоўны, ён абслуга»

25 лютага, 09:40

Беларускі эканаміст і прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч расказаў пра сваё бачанне стану спорту ў Беларусі.

– Чаму шмат украінскіх футбалістаў гуляюць у Еўропе, а з Беларусі і Расіі амаль нікога няма?

– Па-першае, гэта азначае, што павінна быць школа. А па-другое, гэта павінна быць камерцыйным праектам. Ва Украіне гэта ўсё былі нармальныя камерцыйныя праекты. Калі былі грошы дзяржавы, то яны былі невялікія.

А ў Беларусі адзіным нармальным камерцыйным праектам быў БАТЭ. Усё астатняе – гэта зліванне грошаў беларускіх грамадзян. Калі «Шахцёр» фінансуецца за кошт «Беларуськалія», то гэта азначае, што ён фінансуецца за кошт беларускіх грамадзян. Калі мінскае «Дынама» фінансуецца з бюджэта, то гэта таксама грошы беларускіх грамадзян.

І канешне Лукашэнка шкадуе грошай на гэта, усталяваў гэтыя ўзроўні, вышэй за якія не маюць права атрымліваць беларускія футбалісты. Таму узровень спадае, таму мы зараз знаходзімся, як і Расія, у тым моманце, калі нейкія адзінкавыя асобы могуць гуляць вельмі добра. Можна ўзгадаць Арыну Сабаленку. Можа выстраліць такі расіянін Галавін у «Манака», добры гулец. У нас зараз ёсць Ілля Шкурын, які з'яўляецца другім бамбардзірам чэмпіяната Польшчы.

Ведаеце, я цалкам ганаруся Шкурыным, Кацяй Сныцінай, Крысцінай Ціманоўскай, з якой я асабіста знаёмы. Яна зараз найлепшая бягуха Беларусі. Яна зараз другая ў Польшчы, і ў Беларусі няма нікога, хто хутчэйшы за яе. На жаль, Беларусь яе згубіла з-за тых самых чыноўнікаў, якія як бараны ставіліся да спартсменаў. Гэта цалкам беларускае стаўленне, і зараз расійскае, калі да людзей ставяцца як да абслугі. Спартсмен, які бяжыць ці гуляе, ён не галоўны, ён абслуга, а галоўны – гэта чыноўнік у [так званым] мінспорта.

Таму пакуль не будзе школы, пакуль не будзе нармальнага камерцыйнага падыхода, пакуль трэнер у дзіцячай школе будзе атрымліваць 150 долараў заробку, мы будзем там, дзе будзем. Спорт у Беларусі будзе гульнёй для чыноўнікаў і не больш за тое, – сказаў Кныровіч.