Усе навіны

Галоўны трэнер зборнай Ісландыі: «Не маю нічога супраць ізраільскіх футбалістаў, мяне не задавальняе палітыка Ізраіля»

24 сакавіка, 11:00

Галоўны трэнер зборнай Ісландыі Оге Харэйдэ растлумачыў свае словы па сітуацыі ў Ізраілі да і пасля матча з гэтай нацыянальнай камандай у паўфінале плэй-оф за выхад на Еўра-2024.

70-гадовы нарвежац, у прыватнасці, сказаў: «Я хацеў бы пазбегнуць гульні, улічваючы тое, што яны робяць з жанчынамі, дзецьмі і тысячамі нявінных мірных жыхароў у Газе».

«У мяне няма прычын абмяркоўваць штосьці іншае, акрамя футбола. Але я зрабіў гэта, бо спачуваў маленькім дзецям і бацькам, якія пацярпелі ад бомб. Я таксама заклікаў вызваліць заложнікаў і спыніць выбухі, і я сказаў гэта толькі таму, што я спадзяюся на мір.

Я не займаў чыю-небудзь пазіцыю. Абодва бакі рабілі тое, што рабіць не варта. Біблія кажа пра вока за вока і зуб за зуб, але гэта занадта шмат, калі гінуць тысячы.

Я быў у гэтым рэгіёне і ведаю гісторыю, я назіраў за канфліктам паміж палестынцамі і ізраільцянамі раней, і гэта ніколі не пахла мірам. Ёсць толькі нянавісць.

Людзі павінны засяродзіцца на міры, і спорт павінен дапамагчы ў гэтым. У шмат якіх нацый дрэнная палітыка і дрэнныя палітыкі.

Таму маё сумленне сказала, што я павінен выказацца. Я не маю нічога супраць ізраільскіх футбалістаў, але мушу сказаць, што мяне не задавальняе палітыка Ізраіля. Гэта маё меркаванне, і я магу яго выказаць у Нарвегіі. Мяне за гэта ніхто не адправіць у турму. Так нельга абыходзіцца з людзьмі.

Я не быў здзіўлены, калі ізраільскія журналісты пачалі задаваць мне гэтыя пытанні на прэс-канферэнцыі ў Будапешце. Я ведаў, што яны зробяць гэта, і для іх гэта была пэўная тэорыя гульні. Яны зрабілі гэта, каб адцягнуць мяне і зборную Ісландыі, адцягнуць маю ўвагу ад гульні.

Але я не дазволіў ім турбаваць мяне ці каманду, я ніколі не абмяркоўваў гэта з гульцамі. Проста размаўлялі пра футбол і больш нічога. Такая псіхалагічная вайна з'яўляецца часткай футбола, – сказаў Харэйдэ.