Усе навіны

Тэн Хаг пра крытыку ў адрас Рэшфарда: «Мы павінны падтрымаць яго і дапамагчы яму вярнуцца на леташні ўзровень»

27 красавіка, 17:21

Галоўны трэнер «Манчэстэр Юнайтэд» Эрык тэн Хаг пракаментаваў спад рэзультатыўнасці форварда «манкуніянцаў» Маркуса Рэшфарда ў гэтым сезоне і крытыку балельшчыкаў у адрас нападаючага з гэтай нагоды.

Адзін з карыстальнікаў сацыяльнай сеткі твітэр напісаў на сваёй старонцы паведамленне, на якое пасля адрэагаваў форвард «чырвоных д'яблаў».

«Тое, як абыходзяцца з Маркусам Рэшфардам, проста брыдка. Гэта жорстка. Гэта гвалт», – напісаў фанат у твітары.

«Я шаную вашу падтрымку! Гэта гвалт, і ён доўжыцца ўжо некалькі месяцаў. Дастаткова значыць дастаткова», – пракаментаваў паведамленне фаната Рэшфард у твітары.

На прэс-канферэнцыі перад гульнёй супраць «Бёрнлі» галоўны трэнер «Манчэстэр Юнайтэд» пракаментаваў гэтыя словы Рэшфарда.

«Вядома, я адчуваю вялікую сімпатыю да Рэша. У мінулым годзе ён правёў бліскучы сезон. Я лічу, што гэта самы лепшы сезон у яго кар'еры, ён забіў 30 галоў, так што вы бачыце, на што ен здольны.

У гэтым сезоне ён не паказваў такіх выступаў, і людзі яго крытыкуюць. Я думаю, мы мусім падтрымаць яго.

Кожны павінен падтрымаць яго і дапамагчы яму вярнуцца да ўзроўню, на якім ён быў у мінулым годзе.

У яго ёсць усе магчымасці для гэтага. Я ўпэўнены ў гэтым на 100 працэнтаў», – сказаў тэн Хаг.

У сезоне 2023/24 Маркус Рэшфард згуляў 40 матчаў у складзе «Манчэстэр Юнайтэд», забіў 8 мячоў і аддаў 5 асістаў.