Усе навіны

Ковель пра кубкавы матч супраць «Тарпеда-БелАЗ»: «Хто выйграе адзінаборствы – перамагае ў матчы»

9 траўня, 12:20

Паўабаронца «Іслачы» Максім Ковель падзяліўся эмоцыямі пасля матчу з «Тарпеда-БелАЗ» (1:1), у якім яго каманда аформіла выхад у фінал Кубка Беларусі.

– Ці не збянтэжыў каманду прапушчаны гол, дзякуючы якому «Тарпеда» зраўняла лік у супрацьстаянні?

– Не-не, зусім не збянтэжыў. Мы былі эмацыйна гатовыя. Блін... Нават не ведаю, што яшчэ сказаць:) эмоцыі бяруць верх!

– У «Іслачы «была няпростая серыя ў чэмпіянаце: паядынкі з «Нёманам», БАТЭ. Як рыхтаваліся ў такім напружаным графіку да вырашальнага матчу паўфіналу?

– Рыхтуемся да кожнай каманды індывідуальна, дасканала разбіраем суперніка. Ведалі, што нас чакае.

– На апошняй хвіліне другога дадатковага тайма паўстала гарачая разборка з гульцамі «Тарпеда». Эмоцыі пасля незалічанага гола жодзінскай каманды ці нешта іншае адбылося?

– У абедзвюх каманд эмоцыі зашкальвалі, усе хацелі выйграць. Думаю, гэта больш момант драйву.

– Здалося, што «Іслач» грубавата гуляла ў першым тайме...

– Хто выйграе адзінаборствы – перамагае ў матчы.

– Што першае зрабілі гульцы «Іслачы» ў распранальні пасля матчу?

– Усё было спакойна. У нас яшчэ фінал наперадзе, трэба падысці ў поўным узбраенні! Аднаўляем эмоцыі.

– Днямі «Іслач» даведалася сваіх патэнцыйных апанентаў па першым раўндзе кваліфікацыі Лігі канферэнцый. Ці сочыце за гэтым?

– Не, у камандзе мы пакуль нават пра гэта не казалі. У нас цяпер тут – Кубак і чэмпіянат краіны, рыхтуемся да іх.

– Ці будзе «Іслач» неяк адзначаць пуцёўку ў фінал?

– Пакуль усе думкі накіраваны на падрыхтоўку да наступных няпростых гульняў, – сказаў Ковель.