Tribuna/Футбол/Блогі/Нэймар – галоўны страчаны талент пакалення. Мог кінуць выклік Месі і Крышу, але абраў жыццё ў карнавале

Нэймар – галоўны страчаны талент пакалення. Мог кінуць выклік Месі і Крышу, але абраў жыццё ў карнавале

У 31 з'ехаў у Саудаўскую Аравію.

16 жніўня, 11:42
Нэймар – галоўны страчаны талент пакалення. Мог кінуць выклік Месі і Крышу, але абраў жыццё ў карнавале

У пачатку студзеня 2012-га у Цюрыху ад колькасці футбольных зорак можна было аслепнуць. 9 студзеня праходзіла гала-цырымонія ўручэння прызоў ад ФІФА. «Залаты мяч» Месі быў настолькі відавочным, што Раналду і Маўрынью нават не паехалі ў Швейцарыю. Але і без іх там было на каго паглядзець: Зідан, Пеле, бразілец Раналда, Гуліт, Руні, Відзіч, Хаві, Іньеста – толькі невялікая частка вялікіх імёнаў.

Легенда «Мадрыда» Уга Санчэс атрымаў канверт з прозвішчам пераможцы «Прэміі Пушкаша» за самы прыгожы гол года. Мексіканец абвясціў, што юны Нэймар абышоў Месі і Руні і атрымае прыз. Камера выхапіла Пеле, які апладзіраваў свайму земляку. Усё выглядала як абрад ініцыяцыі ў сусветныя зоркі.

Бразілец тады афіцыйна ўвайшоў у кагорту сусветных зорак, хоць прэмію атрымаў не самую прэстыжную, а яе пераможцамі ў розныя гады былі далёка не топы. Але ў той вечар пачаўся адлік часу да моманту, калі Нэймар будзе гэтак жа паднімацца ўжо за галоўным прызам вечара, а пакуль – хай Месі і Крыштыяну яшчэ паваююць паміж сабой.

З часоў Нэя яшчэ ніводнага футбаліста з Лацінскай Амерыкі так не чакалі ў Еўропе, ён быў адзіным у тым годзе ў спісе найлепшых ФІФА не са Старога Свету, а 10-е месца выглядала як аванс і запрашэнне на футбольную вечарынку. Пазней увесь свет даведаецца, што куды-куды, а на вечарынкі Неймара клікаць двойчы не трэба.

Ёй нібы рабіў усё правільна: перайшоў у адзін з самых медыйных клубаў свету, стаў сябрам Месі, выйграў трэбл і забіў гол у фінале ЛЧ. На гала-вечары ФІФА-2015 ён сядзеў ужо побач з Раналду і Месі (з Леа іх падзяляла толькі непераўзыдзеная Антанэла Ракуца). Здавалася, застаўся ўсяго адзін крок, каб дагнаць гэтых двух іншапланецян – і менавіта Нэймар з усіх на планеце самы блізкі да таго, каб гэта зрабіць.

Нэймар стаў поп-іконай у футболе, але спартыўныя таленты пастаянна спаборнічалі з цёмным бокам Нэя. Сябры і сям'я стваралі вакол футбаліста пастаянны карнавал – і добра, будзь гэта паездкі раз на год праз акіян на дзень нараджэння сястры (і карнавал у Рыа), але здавалася, што самбадром у асяроддзі Нэймара быў 365 дзён у годзе. Бацька, за трансфер у «Барсу» выгандляваў сабе оргію ў Лондане, маці не проста жадала быць шчаслівай жанчынай, але побач з 23-летнім геем, сястра-тусоўшчыца і куча сяброў дзяцінства (parcas) ездзяць за ім па ўсім свеце і атрымліваюць за гэта грошы. Нэймар далёка не першы з бразільцаў, хто цягаў за сабой такую світу, за Адрыяна ў Мілан прыехалі 44 сваякі і сябры, але ўзровень спартыўных чаканняў ад Нэя быў значна вышэйшы.

І хаця сам Нэймар кажа, што сябры дапамагаюць яму вытрымліваць псіхалагічны ціск, але відавочна, што такое фестывальнае жыццё не спрыяе карʼеры. Асабліва калі параўноўваць з такімі гікамі спартыўнага рэжыму, як Леа і Крыш. Таму не варта дзівіцца, што паміж варʼяцкімі амбіцыямі і варʼяцкімі грашыма бразілец выбіраў другое.

Неверагодны запас таленту і футбольны інтэлект дазваляў Нэю быць у кагорце найлепшых. У 2017-м ён ізноў быў у топ-3 намінантаў на «Залаты мяч», а ў кавідным 2020-м менавіта яго бліскучая форма шмат у чым дазволіла парыжанам выйсці ў такі жаданы фінал ЛЧ. Дзе-нідзе ён выглядаў чалавекам з іншай эпохі, і будзь ён сучаснікам Раналда-феномена, які таксама быў майстрам спалучэння геданізму і футбола, можа быць, яго спадчына была б куды большай, але часы ўжо зусім не тыя.

Магчыма, Нэймар – апошні топавы прадстаўнік Joga Bonita у чыстым выглядзе. Ён сам атрымлівае асалоду ад гульні і дазваляў атрымаць асалоду ад іншым. Імкненне вярнуцца ў «Барселону», каб працягнуць справу Раналдыньё, так і засталося на старонках газет. Рэальнасць такая, што Нэймар будзе казачна багатым чалавекам, хутчэй за ўсё, абыдзе самога Пеле па галах за зборную, але застанецца тым, хто мог кінуць выклік найлепшым у гісторыі, але так гэтага і не зрабіў.

У тым, што нават самыя топавыя бразільскія футбалісты на зыходзе карʼеры едуць пакараць экзатычныя чэмпіянаты, няма нічога дзіўнага. Успомніць хаця б Рывалда з «Бунедкорам», Кака ў «Арланда» ці Раналдыньё ў Мексіцы.

Але Нэймару ўсяго 31, а ён ужо паставіў крыж на спартыўных амбіцыях.

Колькі б грошай урад Саудаўская Аравіі не вылучаў на трансферы сваім клубам, але гэта ўсё яшчэ выглядае як найбагацейшы ў міры пенсійны фонд, да якога едуць з кірмаша футбалісты. Застаецца толькі падзякаваць Нэю за прыгажосць і парадавацца за ягоных сяброў – на гэтыя грошы можна будзе тусіць яшчэ некалькі пакаленняў.

Фота: The Times, Francisco Guerra/Global Look Press, Paulo Liebert/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты