Tribuna/Футбол/Блогі/Хто чакае Беларусь у Лізе нацый (на коне стыкі за ЧС): крыўдзіцелі «Чэлсі» і Салігорска плюс не карлік Люксембург

Хто чакае Беларусь у Лізе нацый (на коне стыкі за ЧС): крыўдзіцелі «Чэлсі» і Салігорска плюс не карлік Люксембург

Яны не аднойчы рабілі нашым трэнерам балюча.

Аўтар — bytribuna com
9 лютага, 11:29
Хто чакае Беларусь у Лізе нацый (на коне стыкі за ЧС): крыўдзіцелі «Чэлсі» і Салігорска плюс не карлік Люксембург

8 лютага футбольная зборная Беларусі даведалася супернікаў па групе ў дывізіёне С Лігі нацый – імі сталі Люксембург, Балгарыя і Паўночная Ірландыя. Усе шэсць матчаў пройдуць восенню 2024-га – па два ў верасні, кастрычніку і лістападзе. Каманды, якія зоймуць апошняе месца ў групах дывізіёна С, параўнаюць паміж сабой: дзве горшыя адразу панізяцца ў класе, а дзве лепшыя згуляюць стыкі з супернікамі з другіх месцаў дывізіёна D – ужо не атрымаецца пазбегнуць іх зусім, як гэта ўдалося Беларусі зусім нядаўна.

Зборная з другога месца новай беларускай групы згуляе ў стыках ужо за месца ў дывізіёне B – з кімсьці з трэціх месцаў яго квартэтаў. Ну а пераможца паднімаецца ў дывізіён B наўпрост – а яшчэ можа патрапіць у плэй-оф еўрапейскага адбору да ЧС-2026. Туды адправяцца чатыры самыя рэйтынгавыя пераможцы сваіх груп з усёй ЛН, якія не ўвойдуць у лік 24 каманд, якія зоймуць першыя і другія месцы ў групах непасрэдна адбору на ЧС. Што будзе, калі з 14 пераможцаў груп ЛН у топ-2 груп адбору патрапяць 11 і больш, УЕФА і ФІФА не ўдакладняюць.

Карацей кажучы, выйгрыш групы дасць зборнай Беларусі вельмі добрыя шанцы на месца ў стыках за ЧС. Мы ж раскажам, хто будзе гэтаму перашкаджаць.

Паўночная Ірландыя

Вынікі за апошнія гады. Адна з чатырох футбольных зборных Вялікабрытаніі выйшла ў 1/8 фіналу на ЧЕ-2016 – гэта яе ў прынцыпе адзіны ўдзел у фінальнай стадыі Еўра і адзіны вялікі турнір пасля 1986 года. На ЧЕ-2020 паўночнаірландцы маглі патрапіць дзякуючы Лізе нацый – прама як Беларусь. Але калі каманда нашай краіны восенню 2020-га прайграла першы ж з двух матчаў, якія трэба было выйграваць, то ў брытанцаў усё было больш крыўдна – у вырашальным паядынку яны прайгралі Славакіі ў дадатковы час.

У адборы на ЧС-2022 паўночнаірландцы сталі трэцімі з вялікім адставаннем ад Швейцарыі і Італіі, а ў кваліфікацыі на ЧЕ-2024 занялі перадапошняе месца ў групе, да заключнага тура прайграўшы ўсім, акрамя Сан-Марына (напрыканцы выйгралі ў Даніі, якая ўжо аформіла выхад на Еўра). У Лізе нацый у 2022-м брытанцы гулялі ў дывізіёне С – у сваім квартэце двойчы саступілі Грэцыі, абмяняліся перамогамі з Косавам і звялі ўнічыю абодва матчы з Кіпрам, заняўшы ў выніку трэцяе месца.

Галоўныя зоркі. Лідары зборнай Паўночнай Ірландыі гуляюць у чэмпіёншыпе – англійскім Д2. Самым дарагім лічыцца 20-гадовы апорнік Шы Чарльз – ацэньваецца ў 11 млн еўра. У цяперашнім сезоне ён у ратацыі (11 матчаў у старце, 15 з замен) «Саўтгемптана», які ідзе на другім месцы чэмпіёншыпа. «Сандэрлэнд» пакуль восьмы, але там незаменны 21-гадовы абаронца Трэй Хʼюм, які ўваходзіць у топ-3 лігі па выйграных адзінаборствах. 28-гадовы цэнтрдэф Пэдзі Макнейр, які калісьці правёў 27 матчаў за «МЮ», апраўляецца ад траўмы, да якой заставаўся асноўным у «Мідлзбра» з 12-й пазіцыі Д2 Англіі.

Асноўным брамнікам зборнай у 2023-м быў 27-гадовы Бэйлі Пікок-Фарэл, які цяпер нестабільна гуляе ў «Орхусе» з 4-га радка чэмпіянату Даніі, а галоўным бамбардзірам з трыма мячамі – 28-гадовы форвард Дыён Чарльз з «Болтана», за які забіў у цяперашнім сезоне 13 разоў у 27 матчах Д3 Англіі. Вялікія надзеі падае 20-гадовы Конар Брэдлі – яго цяпер падпускаюць да асновы «Ліверпуля», і 31 студзеня ў матчы АПЛ супраць «Чэлсі» (4:1) правы абаронца нечакана аформіў 1+2.

Узначальвае зборную Паўночнай Ірландыі мясцовы 54-гадовы коўч Майкл О’Ніл – гульцом ён правёў за яе 31 матч, а трэнуе там з 2012-га (сыходзіў у 2020-м дзеля «Сток Сіці», але ў 2022-м вярнуўся).

Матчы з Беларуссю. Гулялі тры разы – першым быў таварняк у 2016-м, калі каманду Аляксандра Хацкевіча разграмілі 3:0 у Белфасце. Трэці мяч забіў Уіл Грыг, які стане героем заўзятараў сваёй зборнай на Еўра ў тым годзе.

Яшчэ дзве сустрэчы былі афіцыйнымі – у адборы да Еўра-2020. У сакавіку 2019-га падапечныя Ігара Крывушэнкі на выездзе прайгралі 1:2 – забіў прыгожым «парашутам» Ігар Стасевіч, гаспадары забралі перамогу на 87-й хвіліне.

У чэрвені ж на «Барысаў-Арэне» гаспадары прайгралі 0:1, прапусціўшы на 86-й ад Макнейра. Пасля гэтага матча Крывушэнку са зборнай звольнілі.

Балгарыя

Поспехі за апошнія гады. Апошні вялікі турнір каманды – Еўра-2004, дзе былі прайграныя ўсе тры матчы ў групе. І гэтая зборная гуляла ў плэй-оф Лігі нацый у 2020-м, але адразу саступіла Венгрыі (1:3). У адборы да ЧС-2022 Балгарыя фінішавала чацвёртай у групе – адразу за Паўночнай Ірландыяй. У 2023-м жа ўсё аказалася зусім сумна – у кваліфікацыі Еўра-2024 Балгарыя не змагла выйграць ні ў каго і з чатырма пунктамі стала апошняй. Зрэшты, трэба адзначыць, што ў дамашніх гульнях з Сербіяй і Венгрыяй балгары ўпускалі перамогі праз мячы, што былі прапушчаныя ў глыбокі дададзены час (а на выездзе з Чарнагорыяй гэтак сама страцілі нічыю).

У ЛН-2022 Балгарыя гуляла ў дывізіёне С – і прымудрылася ўдома прайграць 2:5 Грузіі, а на выездзе падзяліць пункты з Гібралтарам, камандай з самага дна рэйтынгу ФІФА. Зрэшты, ўдома «карлікаў» разграмілі 5:1, згулялі ўнічыю ў Грузіі і набралі чатыры пункты з Паўночнай Македоніяй – атрымалася другое месца ў квартэце.

Галоўныя зоркі. З 4,5 млн еўра лідар зборнай па ацэначным кошце – яе 27-гадовы капітан Кірыл Дэсподаў, ён жа з трыма мячамі галоўны бамбардзір каманды ў адборы ЧЕ-2024. Гуляе ён за лідараў чэмпіянату Грэцыі ПАОК, дзе ўмудрыўся набраць 9+7 за сем матчаў сезона (наогул правёў 18, але ў 11 нічым не вызначыўся). А ў 2021-м Дэсподаў за «Лудагорац» забіў мяч, які «дапамог» вылецець з ЛЧ салігорскаму «Шахцёру».

Практычна незаменны ў зборнай 22-гадовы апорнік Ілля Груеў, які ў гэтым сезоне прабіўся ў аснову «Лідса» з трэцяга месца англійскага Д2. На другім месцы ў італьянскай Серыі Б ідзе «Крэманэзе», дзе стабільна гуляе 23-гадовы цэнтрдэф Валянцін Антаў.

Асноўнага брамніка ў зборнай Балгарыі няма – у адборы Еўра-2024 пароўну матчаў правялі 24-гадовы Іван Дзюлгераў з лідара чэмпіянату Балгарыі «Чорна Мора» і 25-гадовы Даніэль Навумаў з ЦСКА-1948. Надзеяй зборнай, мяркуючы па ацэнцы ў 4 млн еўра, можа лічыцца 22-гадовы паўабаронца Філіп Красцеў. Другую палову 2023-га ён правёў у «Лос-Анджэлесе» з МЛС – гуляў трохі, але ў пачатку верасня паспеў выйсці ў канцоўцы матчу супраць «Інтэра» Маямі роўна ў патрэбны момант, каб ужо з поля назіраць галявую атаку супернікаў з асістам Ліянэля Месі.

Узначальвае зборную Балгарыі 55-гадовы Іліян Іліеў – яго прызначылі толькі ў канцы 2023-га, пры гэтым ён паралельна застаўся галоўным у «Чорна Моры». Сам Іліеў як гулец правёў за зборную Балгарыі 34 матчы, а цяпер у зборную выклікаецца яго сын, 24-гадовы таксама Іліян Іліеў.

Матчы з Беларуссю. З балгарамі гулялі восем разоў, першы – у 2000-м у Сафіі: каманду Сяргея Бароўскага разграмілі 4:1 пры голе Вадзіма Скрыпчанкі. У 2007-м Беларусь прайграла Балгарыі абодва спараныя матчы адбору да Еўра-2008 (0:2 у Мінску і 1:2 у Сафіі) пры чутках аб «дзіўным характары» гульняў, пасля чаго ў АБФФ знялі трэнера Юрыя Пунтуса (фармальна ён падаў у адстаўку сам, але да размовы з функцыянерамі публічна планаваў далейшую працу з камандай).

У 2011-м прыйшла першая перамога – у таварняку ў Мінску каманда Бернда Штанге выйграла 1:0 з голам Сяргея Кісляка. У 2014-м Балгарыя выйграла 2:1 дамашні спарынг у каманды Георгія Кандрацьева, а ў 2016-м перамагла 1:0 і ў матчы адбору ЧС-2018 – пасля гэтага Аляксандру Хацкевічу прапанавалі зніжэнне трэнерскага заробку, вынікам чаго стала расстанне са зборнай.

У чэрвені 2017-га ўжо пад кіраўніцтвам Крывушэнкі Беларусь абгуляла Балгарыю ў Барысаве (2:1) – прыгожы пераможны мяч забіў Павел Савіцкі.

Нарэшце, у лютым 2020-га Беларусь гуляла з Балгарыяй у эксперыментальным складзе праз скандал з клубамі, якія не хацелі адпускаць гульцоў па-за акном ФІФА. Пры ўсяго 350 гледачах у Сафіі госці тым не менш выйгралі 1:0 з голам Дзмітрыя Падстрэлава.

Люксембург

Поспехі за апошнія гады. Зборная Люксембурга ніколі не гуляла на ЧС і Еўра, але ў апошнія гады паказвае рэальную гатовасць туды патрапіць і ўжо зусім не выглядае проста яшчэ адным футбольным «карлікам». У адборы да ЧС-2022 каманда выйграла небывалыя для сябе тры матчы (у Ірландыі і двойчы ў Азербайджана), а летась рэальна паказала барацьбу за пуцёўку на Еўра: так, атрымала 0:6 і 0:9 ад Партугаліі, але ў астатніх васьмі матчах выйграла пяць разоў, а саступіла толькі Славакіі (0:1) і ў выніку заняла трэцяе месца ў групе.

У Лізе нацый у 2022-м Люксембург у дывізіёне С узяў нічыю з Турцыяй (прычым суперніку тройчы давялося адыгрывацца), набраў чатыры пункты з Фарэрамі і шэсць з Літвой – і стаў найлепшым з другіх каманд груп. Дзякуючы гэтаму, калі Турцыя выйшла на Еўра-2024 праз прамы адбор, Люксембург заняў яе месца ў плэй-оф за яшчэ адну пуцёўку на ЧЕ: 21 сакавіка каманда ў Тбілісі згуляе з Грузіяй, а ў выпадку поспеху ўдома прыме пераможцу пары Грэцыя – Казахстан. Два выйгрышы – і месца на топ-турніры стане рэальнасцю.

Галоўныя зоркі. Менавіта за Люксембург гуляе самы дарагі футбаліст беларускага квартэта – Леандра Барэйра ацэнены ў цэлых 14 млн віртуальных еўра. Апорнік – асноўны гулец аўтсайдара Бундэслігі «Майнца». Цэннік у 4,5 млн еўра мае калега па амплуа 26-гадовы Крыстафер Марцінс Перэйра, які незадоўга да пачатку вайны ва Украіне зʼехаў у расійскі «Спартак» і так там і застаўся (заплацілі за трансфер масквічы наогул 7 мільёнаў), сёння зʼяўляючыся гульцом ратацыі.

Незаменны ў зборнай 34-гадовы цэнтрдэф Максім Шано – асноўны ў «Аяча» з восьмага месца французскага Д2. Як і 33-гадовы брамнік Антані Марыс, які ў ролі першага нумара стараецца дастаць золата чэмпіянату Бельгіі з «Юніёнам» (цяпер з запасам лідаруе ў табліцы).

5 мячоў у адборы да ЧЕ-2024 забіў 28-гадовы Жэрсан Радрыгеш – левы вінгер кіеўскага «Дынама», які ад пачатку вайны адмаўляецца вяртацца ва Украіну і ездзіць па арэндах, у пачатку лютага падпісаўшы кантракт са «Слованам». Таксама футбаліст вядомы сваім загульным характарам – біўся з аднаклубнікам, у чэрвені не прыйшоў на пару трэнінгаў зборнай, за што быў адхілены на адзін матч, а ў кастрычніку паведамлялася аб прадʼяўленні Радрыгешу абвінавачванняў у нанясенні цялесных пашкоджанняў у розны час некалькім людзям, у тым ліку былой дзяўчыне.

Тры мячы ў кваліфікацыі на рахунку 26-гадовага Данэла Сінані – у лідары нямецкага Д2 «Санкт-Паўлі» паўабаронца праседжвае ў запасе, а вось у зборнай мае давер. Малады талент – аўтар двух галоў у адборы 19-гадовы Івандра Боржас, які крыху паспрабаваў Бундэслігу ў «Барусіі» Менхенгладбах, а цяпер зʼехаў у арэнду ў нідэрландскі НЕК.

Трэнуе зборную Люксембурга 54-гадовы Люк Хольц – ажно з 2010 года. Яшчэ 55 матчаў за каманду ён у свой час правёў як гулец.

Матчы з Беларуссю. Супраць Люксембурга было 12 гульняў. Упершыню з гэтай камандай Беларусь сустрэлася ў адборы да ЧЕ-1996 у 1994-м у сваім першым у гісторыі афіцыйным дамашнім матчы – і перамагла 2:0 з галамі Міраслава Рамашчанкі і Сяргея Герасімца (першымі беларускімі ў афіцыйных сустрэчах наогул). Праўда, ужо ў 1995-м у сябе ўдома «карлік» абараніў нічыю 0:0 з камандай Бароўскага.

Наступная сустрэча была ў 2007-м – у адборы да ЧЕ-2008 зборная Пунтуса ў гасцях выйграла 2:1. А вось ужо каманда Штанге ў кастрычніку шакавала гледачоў у Гомелі – прапусціла на 90+5-й і прайграла 0:1.

У адборы да ЧЕ-2012 у 2010-м Беларусь змагла выйграць у Францыі – а вось у Люксембургу праз месяц згуляла 0:0. Добра яшчэ, у 2011-м у Мінску выйгралі 2:0. Карціна паўтарылася ў кваліфікацыі да Еўра-2016: у 2014-м каманда Кандрацьева ў гасцях згуляла 1:1, а ў 2015-м ужо пры Хацкевічу ў Барысаве гаспадары перамаглі 2:0.

Люксембург трапіўся і ў адборы да ЧС-2018 – і тут усё было яшчэ горш: у 2016-м у Барысаве згулялі 1:1, а ў 2017-м у гасцях Беларусь пры Крывушэнку прайграла 0:1.

Толькі ў 2018-м у дывізіёне D Лігі нацый Беларусі ўдалося выйграць у Люксембурга абодва матчы цыкла – 1:0 у Мінску і 2:0 на выездзе.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты