Tribuna/Футбол/Блогі/БАТЭ вызначыў склад на сезон: вось хто і куды сышоў – і хто цяпер ёсць узамен

БАТЭ вызначыў склад на сезон: вось хто і куды сышоў – і хто цяпер ёсць узамен

Чаго чакаць ад сёлетняй каманды?

Аўтар — bytribuna com
25 лютага, 08:02
БАТЭ вызначыў склад на сезон: вось хто і куды сышоў – і хто цяпер ёсць узамен

У белфутболе вось-вось стартуе новы сезон – у апошнія выходныя лютага некаторыя каманды праводзяць заключныя «таварнякі». 24 лютага два спарынгі згуляў і БАТЭ, паміж асновай і дублем і супраць «Іслачы» – з «ваўкамі», здаецца, гуляў найбольш аптымальны склад на сёння. Пасля матча памочнік Ігара Крывушэнкі Уладзімір Нявінскі заявіў, што пакуль новых імёнаў у камандзе не будзе – і БАТЭ ўваходзіць у сезон «з гэтай абоймай».

Самы час падсумаваць, хто і куды сышоў з БАТЭ за міжсезонне і хто ёсць з і замест ранейшых гульцоў, а таксама вывучыць, чаго чакаюць ад цяперашняй каманды.

Брамнікі

Канчаткова сышоў асноўны кіпер барысаўчан 20-летні Андрэй Кудравец, яшчэ ўлетку выкуплены маскоўскім «Дынама». Каманда экс-трэнера брэсцкага «Дынама» Марцала Лічкі пасля 18 тураў РПЛ ідзе на трэцім месцы, але адразу пяць праследавацеляў адстаюць на чатыры і менш ачкі. У новым клубе Кудравец стаў адным з чатырох варатароў асноўнага складу на зборах у Турцыі. Дэбютаваў у спарынгу з карэйскім «Канвонам», дзе да 8-й хвіліны прапусціў двойчы, аднак матч завяршыўся 2:2 (варатара не мянялі). Зрэшты, у наступных матчах кіпер на поле не з’яўляўся.

Пакінуў БАТЭ і 34-гадовы Аляксандр Гутар, якому «пакаяльная» прэс-канферэнцыя не дапамагла выйсці з няміласці рэжымнага «міністра спорту» Сяргея Кавальчука. Зрэшты, у канцы студзеня Гутару «даравала» спецыяльная рэжымная «камісія». Аднак кіпер і ў БАТЭ не вярнуўся, і ў іншых камандах не з’явіўся – і нават чутак з гэтай нагоды ніякіх няма.

Нікога з брамнікаў звонку барысаўчане не падпісвалі. Цяпер на месца асноўнага кіпера БАТЭ прэтэндуюць 22-гадовы Вячаслаў Дзергачоў і 21-гадовы Уладзіслаў Ігнацьеў. Дзергачоў гуляў у апошніх сямі сустрэчах БАТЭ ў ЧБ-2023, калі Кудравец траўмаваўся, прапусціў 10 мячоў пры трох «сухіх» матчах. Ігнацьеў у 2023-м згуляў у арэндзе 14 сустрэч «вышкі» за «Гомель», прапусціў 21 мяч з пяццю паядынкамі «на нуль». Таксама ёсць 18-гадовы Арсеній Скапец, але ў паядынку двух саставаў БАТЭ 24 лютага юнака прызначылі ў дублёры (якія прайгралі 0:6).

Абаронцы

У гэтай лініі БАТЭ страціў 24-гадовага Данілу Нячаева. Гулец «чорнага спісу», якога на другую палову 2023-га вярнулі ў склад аднабаковым рашэннем клуба, пасля гэтага правёў за барысаўчан 23 матчы без вынiковых дзеянняў. Пасля сезона не стаў працягваць кантракт, у канцы студзеня 2024-га быў «дараваны» «камісіяй», а неўзабаве заключыў дамову з «Тарпеда-БелАЗ», дзе хочуць стаць чэмпіёнамі Беларусі.

Адмовіўся заставацца ў БАТЭ і 19-гадовы Уладзіслаў Мялько – абаронца, які правёў мінулы сезон у арэндзе ў «Тарпеда-БелАЗ», падпісаў паўнавартасны кантракт з жодзінцамі, але пакуль аднаўляецца ад траўмы. Пакінуў барысаўчан і 21-гадовы Аляксей Шалашнікаў – у мінулым сезоне ён амаль не гуляў у арэндзе ў «Славіі», а зараз спрабуе прайсці прагляд у «Нёмане».

Акрамя Нячаева, усе абаронцы асноўнай абоймы БАТЭ-2023 засталіся ў Барысаве: 27-гадовы івуарыец Шэрыф Жымо (36 матчаў), 19-гадовы Аляксандр Мартынаў (35 матчаў, адзін забіты мяч), 20-гадовы сенегалец Сідзі Банэ (29 матчаў, 5 галоў, канцоўку сезона прапусціў з-за траўмы), 30-гадовы Руслан Хадаркевіч (прыйшоў у сярэдзіне года, 18 матчаў, два галы).

Таксама Крывушэнка найграе 19-гадовага Мацвея Свідзінскага, якому Кірыл Альшэўскі давяраў у канцоўцы мінулага сезона (шэсць поўных сустрэч – і Андрэй Капскі назваў Свідзінскага найлепшым футбалістам Беларусі), і даваў шанцы рэзервісту Віктару Сотнікаву (усяго тры выхады на поле ў 2023-м пасля паўгадавой арэнды ва ўзбекскі «Бунядкор»). Нават у апошніх матчах атрымлівалі час дублёры – 18-гадовы Мікіта Нескаромны і 19-гадовы Арсеній Блоцкі.

Апошнія два гады ў «Энергетыку-БДУ» правёў Павел Пашэвіч, у 2023-м адыграўшы 30 матчаў за клуб. Барысаўчанін вярнуўся ў БАТЭ пасля 3,5 года арэнды і фармальна лічыцца паўабаронцам, але Крывушэнка ставіць гульца справа ў абароне.

Як вы можаце бачыць, ніякіх новых падпісанняў няма і ў гэтай лініі.

Паўабарона

Тут у БАТЭ ў міжсезонне былі вялікія страты. Капітан і лідар па гульнявым часе ў 2023-м (41 матч, 3 галы), 23-гадовы апорнік Валерый Бачароў сышоў ва «Урал» да Віктара Ганчарэнкі.

Туды ж адправіўся яшчэ адзін ключавы гулец – найлепшы паўабаронца ЧБ-2023 24-гадовы Арцём Канцавы (38 матчаў, па 12 галоў і асістаў).

«Урал» пасля 18 тураў РПЛ з 19 ачкамі займае 12-е месца з 16 каманд – наперадзе барацьба за выжыванне. На сёлетніх зборах екацярынбургскай каманды ў ААЭ Канцавы і Бачароў атрымлівалі пастаянную практыку, звычайна выходзячы на спарынгі ў асноўным складзе, пра іх вынiковыя дзеянні клуб не інфармаваў.

У казахстанскі «Жэніс» з’ехаў 24-гадовы Дзяніс Грачыха (30 матчаў з 8 асістамі ў БАТЭ-2023), які ў апошнія месяцы мінулага сезона аднаўляўся ад траўмы. Але гэта толькі арэнда – барысаўчане захавалі правы на гульца. А вось 25-гадовы апорнік Сяргей Волкаў у тым жа «Жэнісе» прайшоў прагляд і падпісаў паўнавартасны кантракт. Зрэшты, гулец быў не настолькі важны для БАТЭ-2023 – уваходзіў у ратацыю, у сярэднім на поле за 27 матчаў праводзіў каля тайма.

«Жэніс» у мінулым годзе заняў трэцяе месца ў казахстанскім Д2, што дазволіла выйсці ў эліту, дзе каманда хоча замацавацца. Каманда базуецца ў Астане, але там праблема са стадыёнамі – хатнія матчы каманда будзе праводзіць у Карагандзе, у 220 км. Грачыха паспеў з’явіцца на полі ў некалькіх «таварняках» без паведамленняў аб галявых поспехах, Волкаў прыехаў ужо пасля збораў.

Пакінуў БАТЭ і Дзмітрый Падстрэлаў – за паўсезона ў камандзе ён паспеў правесці 20 матчаў з трыма галамі і пяццю асістамі, але на полі праводзіў, як і Волкаў, толькі каля тайма (а яшчэ сварыўся з Альшэўскім і ссылаўся ў дубль). Падстрэлаў растаўся з клубам у канцы 2023-га, а ў студзені падпісаўся з мiнскім «Дынама», якое збіраецца абараняць тытул чэмпіёна Беларусі.

Таксама з’ехаў з Барысава серб Сеад Ісламавіч, але гэта быў проста няўдалы трансфер – цэнтральны паўабаронца хоць і правёў за БАТЭ ў 2023-м 31 матч, але гуляў у сярэднім 34 хвіліны, а забіць змог толькі «Мёрам» у Кубку. Ісламавіч вярнуўся ў «Нові-Пазар», адкуль і прыязджаў у Беларусь, і ў 2024-м ужо паўдзельнічаў у двух матчах сербскага Д1.

Ёсць у БАТЭ і падпісанні паўабаронцаў, прычым дасведчаных. У апорную зону прыйшоў 33-гадовы Ілля Алексіевіч – у 2023-м ён быў лідарам «Гомеля» (26 матчаў, 5 мячоў).

28-гадовы атакуючы паўабаронца Аляксандр Ануфрыеў за той жа «Гомель» правёў 29 матчаў у 2023-м і забіў восем разоў. У спарынгах ён ужо не раз засмучаў і супернікаў БАТЭ – 24 лютага адзіным голам прынёс перамогу над «Мінскам».

24-гадовы крайні Андрэй Патапенка – яшчэ адзін гулец асновы «Гомеля»-2023: за 29 сустрэч забіў двойчы. Як і Алексіевіч з Ануфрыевым, Патапенка ўжо быў гульцом БАТЭ – ездзіў па арэндах, а ў 2022-м сышоў свабодным агентам у «Гомель», але цяпер гэтак жа вярнуўся.

На левым флангу ў апошніх матчах трэнер ставіў Алега Нікіфарэнку. 22-гадовы навічок у 2023-м правёў усяго 15 матчаў за мінскае «Дынама», ды і тое гуляў менш за тайм (паспеў забіць два мячы). Нядаўна Нікіфарэнка аформіў пераможны гол у спарынгу з «Нёманам», а вось «Мiнску» не забіў пенальці.

Застаўся ў БАТЭ 21-гадовы атакуючы паўабаронца Кірыл Чарнавок – прыйшоўшы ў сярэдзіне мінулага года, ён паспеў правесці 13 матчаў з двума галамі. Крывушэнка звычайна давярае гульцу правы фланг.

Канкурэнцыю на флангах у міжсезонне складаў 20-гадовы Раман Пілецкі, які мінулы сезон правёў у арэндзе ў «Нафтане», адыграўшы ўсе 28 матчаў ЧБ. У апорнай зоне часам узнікаў Ягор Осіпаў – 21-гадовы гулец другую палову 2023-га правёў у «Макслайне», з якім у Д2 правёў 17 матчаў і забіў адзін мяч. Зрэшты, Крывушэнка рухаў яго і ў абарону.

Вярнуўшыся з леташніх арэнд, атрымлівалі свой час у міжсезонне таксама 20-гадовы Захар Гіцалеў (30 матчаў і па 5 мячоў і асістаў за «Баранавічы» ў Д2), 19-гадовы Даніла Жульпа (выйграў Д2 з «Арсеналам», за 25 матчаў дапамог пяццю мячамі і трыма асістамі) і 22-гадовы Уладзіслаў Русенчык (19 матчаў і тры мячы за той жа «Арсенал). А вось 23-гадовы запасны БАТЭ-2023 Мікіта Някрасаў быў прызначаны ў дублёры ў свежай клубнай «двухбакоўцы».

Нападаючыя

32-гадовы Дзяніс Лапцеў вёў рэй у атацы леташняга БАТЭ – 17 галоў і 6 пасоў за 34 матчы. Але ў канцы 2023-га пакінуў клуб – і адразу ж падпісаўся з «Тарпеда-БелАЗ».

26-гадовы Дзмітрый Анцілеўскі ў 2023-м за БАТЭ аформіў 11 мячоў і 8 асістаў, а зімой з’ехаў у ізраільскі «Хапаэль» з Хайфы. Паўдзельнічаў ужо ў чатырох матчах мясцовага чэмпіянату, 24 лютага ўпершыню выйшаў у старце, але пакуль не забіваў.

23-гадовы флангавы нападаючы Ілля Васілевіч быў не вельмі запатрабаваны ў леташнім Барысаве – 18 матчаў, у сярэднім менш за тайм на полі (два забітыя мячы). Аднак жа спатрэбіўся «Тарпеда-БелАЗ», што ў цяперашніх умовах можна назваць сыходам на павышэнне.

Галоўнае ўзмацненне атакі БАТЭ – 29-гадовы расіянін Андрэй Панюкоў, які стаў найлепшым бамбардзірам другога круга ЧБ-2023 з «Нафтанам». У першым жа спарынгу за барысаўчан навічок забіў «Нёману».

Застаўся ў клубе 21-гадовы Аляксандр Шасцюк, які ў 2023-м паўдзельнічаў у 32 матчах БАТЭ, але сярэдні час гульні складаў толькі 25 хвілін (аднак форвард паспеў забіць пяць мячоў).

Атрымлівалі час у спарынгах 20-гадовы Аляксандр Шведчыкаў, які ў 2023-м гуляў у арэндзе ў Д2 за «Маладзечна» і за 30 матчаў правёў 7 галоў, і 18-гадовы дублёр БАТЭ Мікалай Мірскі. А вось адзін з найлепшых для Андрэй Капскага гульцоў Беларусі, найлепшы бамбардзір БАТЭ ў маладзёжным першынстве-2023 Вадзім Кісялёў для Крывушэнкі застаўся дублёрам.

У сярэдзіне лютага на прагляд у БАТЭ прыехаў 21-гадовы нігерыйскі форвард Самуэль Ндуквэ, які выступаў у малдоўскім Д2 за «Дынама-Аўта» і забіў сем разоў за 7 матчаў. У спарынгах за барысаўчан Ндуквэ не адзначаўся, пра заключэнне кантракта БАТЭ не паведамляў.

Ростар

Крывушэнка звычайна гуляе з чатырма абаронцамі, адным апорнікам і адным яўным «наканечнікам» атакi. Ролі флангавых паўабаронцаў пры гэтым могуць змяняцца. На расстаноўцы пазначаны прыкладныя пазіцыі, зыходзячы з апошніх матчаў.

Задачы і прагнозы

Крывушэнка адмаўляецца казаць пра медальныя мэты БАТЭ і спадзяецца на «падтрымку ў любой сітуацыі».

Гульцы настроены больш канкрэтна. Патапенка сказаў, што «БАТЭ заўсёды мусіць змагацца за тройку», а Панюкоў падзяліўся: «Размаўляў з хлопцамі. Задачу паставілі: трэба ў тройцы быць. Па складзе гэта рэальна».

Вакол у гэта не вельмі вераць. Напрыклад, гулец мінскага «Дынама» Раман Бягуноў думае, што ў Барысаве толькі «паспрабуюць залезці ў пяцёрачку». А Мялько пасля раставання з БАТЭ ацаніў яго перспектывы ўсяго ў сярэдзіну турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі.

Экс-бамбардзір барысаўчан Віталь Кутузаў і зусім не думае пра месцы, а бачыць мэту БАТЭ экзістэнцыйнай.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты