Tribuna/Футбол/Блогі/У рэжыма на футболе заела кружэлку – знайдзіце адрозненні ў прэтэнзіях Лукашэнкі і адказах Кавальчука з розніцай у год

У рэжыма на футболе заела кружэлку – знайдзіце адрозненні ў прэтэнзіях Лукашэнкі і адказах Кавальчука з розніцай у год

Тытаны думкі.

Аўтар — bytribuna com
1 сакавіка, 06:38
2
У рэжыма на футболе заела кружэлку – знайдзіце адрозненні ў прэтэнзіях Лукашэнкі і адказах Кавальчука з розніцай у год

29 лютага ў Аляксандра Лукашэнкі прайшло слуханне рэжымнага «даклада аб развіцці беларускага футбола». Прыйшлі намеснік кіраўніка так званага кабінета міністраў Ігар Петрышэнка (ён быццам «курыруе» спорт, але на справе амаль у ім не ўзнікае), так званы «міністр спорту» Сяргей Кавальчук, кіраўнік алімпійскага камітэта Лукашэнкі Віктар Лукашэнка, старшыня АБФФ Мікалай Шарснёў і чамусьці экс-хакеіст, забанены ІІХФ на пяць гадоў, Дзмітрый Баскаў. Перад сустрэчай запрошаныя чамусьці радаваліся – такое адчуванне, што Кавальчука павесяліла гарбата.

Баскаву ў выніку давялося ківаць на сцвярджэнне Лукашэнкі, што футбол – «самы любімы від спорту» ў Беларусі, дзе ім можна займацца, раптоўна, «у любы час сутак». Зрэшты, дыктатар казаў і пра ўвесь спорт агулам – і заявіў, што «нашы спартыўныя дасягненні пры ўкладаннях дзяржавы нікуды не годныя, сорамна глядзець, часам брыдка», таму ў сферы, дзе, маўляў, «дзяржава зʼяўляецца асноўным спонсарам», не павінна быць «шалёных грошай», а «клубы на сваіх чыноўнікаў павінны зарабляць самі» (хоць «кабмін», зрэзаўшы ліміты заробкаў для футбалістаў, павялічыў іх якраз для кіраўніцтва клубаў). Ва ўмовах міжнароднага бана Лукашэнка загадаў спартсменам «выйграваць ва ўсіх відах у расіян», назваўшы Расію «самай спартыўнай, наймацнейшай дзяржавай нашай планеты» (такая відавочная хлусня, што няма чаго і абвяргаць: у расіян было пятае месца ў заліку АГ-2020 і дзявятае – на АГ-2022).

Пра футбол Лукашэнка сказаў: «Мы некаторыя каманды з суседніх дзяржаваў раней проста не заўважалі, а сёння?» (якіх яшчэ суседзяў можна было «не заўважаць», незразумела). Скончылася ўсё так: «У гэтым годзе не будзе па відах спорту прагрэсу значнага і нармальных паказнікаў – на пасады і крэслы не разлічвайце» (гэта сказана ў тым ліку на адрас кіраўніка АБФФ, які наогул не павінен залежаць ад Лукашэнкі – але ФІФА і УЕФА гадамі паспяхова заплюшчваюць на гэта вочы). Заадно ў кадр патрапіла тэчка з лагатыпам «мінспорту», якое нібы «наводзіць парадак» у белфутболе.

Зрэшты, нічога новага Лукашэнка не сказаў. Ёсць у яго такая традыцыя – раз у год з невялікім «разносіць» спартыўных чынуш прыкладна аднымі і тымі ж словамі.

Так, 3 верасня 2021-га Лукашэнка правёў «нараду па пытаннях развіцця футбола і спартовай галіны ў цэлым»: заявіў, што дзяржава ўкладае ў спорт «каласальныя грошы, а спартсмены сядзяць на дзяржаўных плячах», паскардзіўся, што не бачыць вынікаў «у футболе і іншых відах спорту», а тое, што адбываецца ў федэрацыях, назваў «недапушчальным» – і дадаў, што «шалёных грошай больш не будзе» (чаму ж цяпер іх трэба зноў абмяркоўваць – загадка).

У снежні 2022-га Лукашэнка прадʼяўляў Кавальчуку і іншым падчас «дакладу аб асобных пытаннях развіцця спорту» – сцвярджаў, што «футбол і многія іншыя віды спорту ў жахлівым становішчы», і задаваўся пытаннем, «за што спартсменам грошы плацім» (зрэшты, тады быў акцэнт на правале ўлюбёнага дыктатарам футбольнага мінскага «Дынама»).

Што яшчэ весялей – рэакцыя тых, каго «разносяць». Кавальчук, якога ўсе пагражаюць зняць з рэжымнай пасады і ўсё не здымаюць, ужо навастрыў свае адказы на аднолькавыя прэтэнзіі.

Вось напрыканцы 2022-га пасля «нарады» распавёў рэжымным СМІ: «Справядлівая крытыка з боку Лукашэнкі. У тым жа футболе выніку не паказалі. Але ёсць віды спорту, якія дастойна прадстаўляюць нашую краіну. Задача заключаецца ў тым, каб мы бачылі рэзерв, каб у нас была выбудаваная сістэма. Гэтыя тэмы ўздымаліся на нарадзе, Лукашэнка даў указанні. Тыя віды спорту, дзе няма выніку – там трэба падганяць, у тым ліку кадравымі перастаноўкамі».

Параўнайце з тым, што Кавальчук гаворыць па выніках свежага «дакладу»: «Лукашэнка правільна крытычна ацаніў працу і галіны, і шмат якіх відаў спорту. Сёння не ўсе віды спорту паказваюць вынік. Але ў многіх відах вынік ідзе ў нагу з часам. Стаіць задача да ліпеня перагледзець сістэму падрыхтоўкі спартсменаў. У кожным відзе спорту трэба правесці рэвізію». Карацей, падкрэсліваюцца асобныя поспехі, прымаюцца задачы і ўказанні па «сістэматызацыі» – але сістэму ўсё будуюць-будуюць, але ніяк не збудуюць.

Зрэшты, неяк прэтэндавалі на сістэмны падыход у футболе, які так хвалюе Лукашэнку. На «нарадзе» ў 2021-м тагачасны кіраўнік АБФФ, артылерыст Уладзімір Базанаў расказваў дыктатару, што ў першы год свайго знаходжання ў федэрацыі выявіў, што ў клубах «не даюць нават шанцу маладым гульцам» і заахвочваюць «засілле замежнікаў» (таму ў АБФФ пастрожылі ліміт на легіянераў і ўвялі ліміт на маладых). Адказам стаў «руплівы аналіз стану спраў», стварэнне ў 2021-м «працоўных груп» і зацвярджэнне ўзгодненай з псеўдамінспорту «канцэпцыі развіцця футбола да 2028 года» з акцэнтамі на «развіццё дзіцяча-юнацкага спорту, удасканаленне інфраструктуры з упорам на рэгіёны, падрыхтоўку трэнерскіх кадраў». Мы ў свой час разбіралі тую «канцэпцыю» – было і смешна, і сумна.

Праз пару дзён пасля «нарады» Базанаў дадаваў на рэжымным ТБ наконт падрыхтоўкі дзяцей: «Звярнуліся ў Расійскі футбольны саюз, адаптавалі іх праграмы. Правялі з усімі ДзЮСШ семінары. Самае галоўнае – дзіцячыя трэнеры. Зоркі будуць».

У 2023-м кіраўніком АБФФ стаў заатэхнік па адукацыі Шарснёў – і цяпер пасля «дакладу» ў Лукашэнкі сказаў такое, што стала зразумела: «канцэпцыя» да 2028-га не перажыла і 2024-га. Шарснёў растлумачыў, што пасля ўступлення ў федэрацыйную пасаду ў яго ўзнікла задача «разабрацца з сістэмай падрыхтоўкі футбаліста, супаставіць з ранейшай элітнай сістэмай, часам СССР». У выніку, маўляў, «убачылі шэраг хібаў» – і цяпер «неабходна адрадзіць найлепшыя практыкі».

«Пастаўленая задача цягам паўгода навесці парадак. То-бок выбудаваць сістэму падрыхтоўкі футбалістаў. Наперадзе паўгода плённай працы, аднаўленне страчанага за шматлікія гады. Трэба ўсё рабіць у адпаведнасці з тым, куды рухаюцца сёння па развіццю футбола ў свеце і Еўропе. Цяпер сістэма [футбола ў Беларусі] як бы ёсць, але разбалансаваная. І калі мы яе роўна збяром, махавік закруціцца, і не трэба будзе кіраваць. Трэба будзе падпраўляць і дапамагаць, але махавік будзе сам працаваць», – распісаў Шарснёў вясёлкавыя перспектывы.

Паводле свежага сцвярджэння цяперашняга старшыні АБФФ, «сістэма, якую мы створым, будзе асноватворнай на доўгія гады». Застаецца яшчэ раз нагадаць, што ў 2021-м сістэму стваралі таксама на доўгія сем гадоў. Але яе «натхняльнік» Базанаў, які застаецца намеснікам старшыні федэрацыі, сёння маўчыць.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты