Tribuna/Футбол/Блогі/Якія замежнікі ехалі ў ЧБ 10 і 5 гадоў таму, а якія едуць цяпер – дзікая розніца і ў якасці, і ў колькасці

Якія замежнікі ехалі ў ЧБ 10 і 5 гадоў таму, а якія едуць цяпер – дзікая розніца і ў якасці, і ў колькасці

Калі дачакаемся новых Младэнавіча і Бангуру?

Аўтар — bytribuna com
8 сакавіка, 14:19
Якія замежнікі ехалі ў ЧБ 10 і 5 гадоў таму, а якія едуць цяпер – дзікая розніца і ў якасці, і ў колькасці

Беларускі футбольны сезон пачаўся – прайшоў матч за Суперкубак, першыя гульні чвэрцьфіналу Кубка. У каманд яшчэ могуць быць трансферы, але ў асноўным пераходы ў Д1 ужо адбыліся. І яны адпавядаюць цяперашняму статусу лігі – ужо не адзін чалавек услых нагадаў, што моцныя замежнікі ў Беларусь больш амаль не едуць праз ліміт на заробкі, ды і проста праз збядненне клубаў.

Раней у белфутболе былі зусім іншыя часы. Прычым нават не трэба ўспамінаць самыя сытыя канец 2000-х – пачатак 2010-х.

Вернемся на 10 і 5 гадоў таму, каб параўнаць трансферныя зімы з цяперашняй у плане таго, якія гульцы звонку папаўнялі лігу.

2014: топ-серб БАТЭ, дарагая пакупка «Дынама», нямала ўкраінцаў

Пасля сезона-2013, у якім БАТЭ ўпершыню за шэсць гадоў не выйшаў у групу еўракубкаў, чэмпіёны Беларусі ўзмацняліся кропкава і ў асноўным беларускімі гульцамі. Адзіным выключэннем стаў серб Філіп Младэнавіч – заўважны гулец «Црвены Звезды», які пасварыўся з клубам праз адмову адпускаць у Францыю і некалькі месяцаў правёў без практыкі, пакуль разрываў кантракт. Агенты пераканалі яго «перазагрузіцца» ў, як тады справядліва называлі БАТЭ, «сярэднім еўрапейскім клубе» – атрымалася выдатна (а клуб у тым жа годзе вярнуўся ў групу ЛЧ).

Бронзавы прызёр ЧБ-2013 мінскае «Дынама» ў чарговай спробе пацягацца з Барысавам (чэмпіёнства не ўзялі, затое ў 2014-м і 2015-м гулялі ў групе ЛЕ) запрасіла адразу трох памятных легіянераў. Адзінай пакупкай той зімой для ўсёй лігі стаў івуарыйскі нарвежац Адама Дыямандэ – чэмпіёну Нарвегіі «Стрэмгадсэту» (дзе футбаліст аформіў 8 мячоў за 25 матчаў) заплацілі 350 тысяч еўра. Зрэшты, у «Дынама» форвард толкам нічога не паказаў – затое праявіўся пазней у ЗША.

Прадстаўніка Сьера-Леонэ Умару Бангура дасталі таксама з Нарвегіі – быў асноўным у складзе бронзавага прызёра «Хёугесуна». Два гады абаронца цэментаваў цэнтр абароны «Дынама» – і трапляе ў падборкі найлепшых легіянераў ЧБ за гісторыю.

Форвард з Нігерыі з балгарскім пашпартам Чыгозэ Удоджы быў узяты пасля грэчаскага «Арыса» (5 мячоў за 13 матчаў сезона-2013/14, сышоў праз фінансавыя праблемы клуба). За два гады таксама добра запомніўся «Дынама» – праўда, пад канец, хутчэй, сваім нежаданнем гуляць за мінчукоў, але да таго рабіў прыгажосць.

«Нёман», які ў «вышцы» ў 2013-м стаў чацвёртым, падпісаў пару латвійцаў – Ігар Тарасаў прыйшоў з чэмпіёнскага «Вентспілса», дзе быў асноўным, Гіртс Карлсанс з інданезійскай «Пра Дуты» з Д2. Яшчэ клуб узяў выхаванца «Штутгарта» панамца Эктара Робінсана з нямецкага «мінора», але ўжо пасля першага збору ў Турцыі разарваў кантракт.

У «Мінск» прыйшлі два сербы – Прэдраг Ранджэлавіч, які страціў месца ў старце «Ягодзіны» (трэці радок да сярэдзіны сербскага сезона-2013/14), і Марка Мірыч з 94 хвілінамі за «Црвену Звезду» (другая пазіцыя). «Белшына» з іспанскага «мінора» выпісала мясцовага форварда Мануэля Бледу – праўда, той не ўразіў.

У «Дняпро» прыйшоў Эдгарас Масцяніца з пераможцы літоўскага Д2 «Гранітаса», а з сістэмы грузінскай «Дзілы» прыехалі Ніка Мнатабішвілі і Атары Арвеладзе (другі ў Магілёве амаль не гуляў). Таксама ў Грузіі знайшоў сабе гульца віцэ-чэмпіён 2013-га «Шахцёр» – з «Зестафані» (ішоў трэцім у сезоне-2013/14) прыйшоў Аляксандр Гурулі.

Арцём Старгародскі

Астатнія новыя для ЧБ гульцы былі ўкраінцамі – 13 чалавек без гучных імёнаў у розных клубах. Найбольш запомніліся ў Беларусі двое. Арцём Старгародскі прыйшоў з кіеўскага «Арсенала» (быў унізе ўкраінскага Д1) у «Шахцёр», у траўні прынёс «гарнякам» Кубак Беларусі голам у фінале, правёў у Салігорску тры сезоны (а потым яшчэ гуляў за «Віцебск»).

Андрэй Якаўлеў, які паўгода быў без клуба, аказаўся найлепшым з «пакетнага» ўкраінскага ўзмацнення навічка «вышкі» «Слуцка» – і ўжо ўлетку зʼехаў у БАТЭ, згуляў у групе ЛЧ, але следам пакінуў Беларусь.

2019: «Шахцёр» адгадаў з Анцічам, «Іслач» – з двума афрыканцамі, балканец нават у бядовым «Дняпры»

Пасля сезона-2018 замежнікаў у ЧБ прыбыла пад 70 чалавек – прыкметна больш, чым за пяць гадоў да таго. Нямала было расіян – яны тады маглі гуляць без абмежаванняў (дагэтуль не легіянеры, але ў рэгламенце даўно ліміт па мінімуму беларусаў на полі), а асабліва стараўся «Гомель». У «Слуцк» завезлі новы пачак юных афрыканцаў расійскага агента Дзмітрыя Селюка – без вялікіх поспехаў. А з астатніх трансфераў вылучым самыя прыкметныя прыходы – і тое іх набярэцца на доўгі спіс.

За яшчэ чэмпіёнскі БАТЭ паспеў згуляць у 1/16 ЛЕ супраць «Арсенала» серб Неманя Міліч (163 хвіліны за «Црвену Звезду» ў чэмпіянаце-2018/19). У выніку форвард, набыты за 150 тысяч еўра, затрымаўся на чатыры сезоны і забіў 26 мячоў за 126 сустрэч за барысаўцаў.

Паглядзеўшы матч з «Арсеналам», пагадзіўся на прапанову БАТЭ ісландзец Вілум Вілумсан, чый пераход з віцэ-чэмпіёна Ісландыі «Брэйдабліка» каштаваў 250 тысяч еўра. За тры з паловай гады ў Барысаве Вілумсан правёў 79 матчаў пры 14 забітых мячах.

Таксама БАТЭ папоўніў нарвежац Эміль Ёнасэн – прыйшоў з тады серадняка «Будэ-Глімта», але абаронца ў Барысаве выйшаў на поле ўсяго сем разоў. Зрэшты, падпісаны расіянін Амір Натха, які калісьці выступаў у юнацкай ЛЧ за «Барселону», увогуле згуляў за БАТЭ толькі аднойчы.

«Срэбны» ў ЧБ-2018 «Шахцёр» ужо быў узяты ў абарот расійскім агентам Яўгенам Култаевым, праз якога праходзілі вельмі каламутныя трансферы. Але з парай падпісанняў у Салігорску адгадалі. Сярод такіх – серб Нікола Анціч, у пачатку 2019-га набыты за 50 тысяч еўра ў «Вайводзіны», з якой ішоў у сярэдзіне табліцы. Абаронца правёў у «Шахцёры» чатыры гады, за 121 матч забіў 14 мячоў і ўзяў два чэмпіёнскія тытулы (трэці постфактум анулявалі).

Нядрэнна паказаў сябе ў Салігорску і басніец з аўстрыйскім пашпартам Дарка Бодул, які сышоў з аўтсайдара РПЛ «Енісея». У «Шахцёры» Бодул адгуляў два гады і 15 мячамі ў 54 сустрэчах уклаўся ў тым ліку ў чэмпіёнства-2020.

У «бронзавым» мінскім «Дынама» падпісалі запаснога «Малацьяспора» (ішоў у сярэдзіны табліцы чэмпіянату Турцыі) ганца Салі Муніру – ён затрымаўся ў Мінску толькі на пару месяцаў. А вось бразілец з грамадзянствам Бельгіі Даніла (выпаў са складу яшчэ аднаго турэцкага серадняка «Аланьяспора» і на месяц заехаў у ААЭ) прабыў у Беларусі паўтара гады – 40 матчаў, 8 галоў.

Пад украінскага трэнера з досведам працы ў Расіі Рамана Піліпчука прыехала некалькі «ўсходніх суседзяў». Найбольш запомніўся – не з найлепшага боку – Віталь Дзьякаў, які да таго паўгода правёў без клуба, а ў Мінску адзначыўся рукапрыкладствам у дачыненні да партнёра і неўзабаве пакінуў «Дынама».

«Віцебск» з чацвёртага месца ЧБ-2018 падпісаў пяток замежнікаў з блізкага замежжа. Сярод іх быў і Данііл Чалаў – расіянін з паўгадавой паўзай у карʼеры. У «Віцебску» атрымалася 60 матчаў і творчыя поспехі – прадзюсаванне формы, натхнёнай супрэматыстамі.

«Іслач» сярод дзясятка замежнікаў арандавала двух афрыканцаў, якіх потым выкупіла і добра на гэтым зарабіла. Гвінеец Мамо Янсане забіў 23 разы за 57 матчаў, і ў канцы другога сезона быў прададзены «ваўкамі» за 255 тысяч еўра ў малійскі «Блэк Старс» (здаецца, гэта была такая юрыдычная асоба для нейкага агента). Нігерыец Годфры Стывен з пазіцыі абаронцы вызначыўся 8 разоў за 58 сустрэч і ў пачатку 2021-га за 250 тысяч еўра зʼехаў у польскую «Ягелонію».

«Тарпеда-БелАЗ», якое было закранутае ўплывам Култаева, узяло шведа Дэніса Ольсана з серадняка «Сундсваля» (як аказалася, на паўсезона з сямю гульнямі) і двух сербаў: Марка Абрадавіча з «Енісея» са дна РПЛ і Штэфана Букараца з сербскага серадняка «Пралетэра» (абодва пратрымаліся сезон).

Марка Абрадавіч

Новы серб прыехаў і ў «Гарадзею» – з лідара чэшскага Д2 «Чэске-Будзеёвіцы» Лазар Саічыч. Ён гуляў за «цукровых» да іх развалу (48 матчаў, 9 галоў), а затым сышоў у «Гомель». Была сербская гісторыя таксама ў «Дняпры» – Зоран Марушыч сышоў з аўтсайдара Д2 «Слабады», а пасля амаль «бясплатнага» сезона ў Магілёве яшчэ год адгуляў у «Нёмане».

«Нёман» знайшоў у Кыргызстане Гулжыгіта Алыкулава – гулец без досведу на дарослым узроўні выдатна ўпісаўся ў каманду Ігара Кавалевіча і праз год быў прададзены за 180 тысяч еўра ў «Кайрат», а ў 2023-м вярнуўся ў Гродна.

Брэсцкае «Дынама» да, як акажацца, чэмпіёнскага сезону ўзмацнялася ў асноўным беларусамі, але падпісала і грэчаскага абаронцу Георгіяса Кацыкаса – зрэшты, той за паўтара года згуляў толькі восем матчаў. Таксама з сістэмы італьянскага «Эмпалі» брастаўчане ненадоўга арандавалі шведскага форварда Махамеда Адану – мэта засталася няяснай (нуль гульняў за аснову).

2024: Расія, Казахстан і яшчэ тры чалавек

Цяперашняй зімой усё красамоўна нават проста па колькасці. Новым досведам ЧБ стане ўсяго для 16 замежнікаў, з якіх больш за палову – расіяне. Чатыры прыехалі на «абкатку» з маскоўскага «Лакаматыва» па дамове з «Арсеналам».

Павел Мялёшын

Расію прадстаўляюць яшчэ пяць навічкоў «вышкі». Мінскае «Дынама» ўзяло запасных «Спартака» Паўла Мялёшына і маскоўскага «Дынама» Ігара Школіка. Брэсцкае «Дынама» падпісала Макса Дзіова з армянскага аўтсайдара «Вест Арменіі». «Нафтан» узяў Арсена Джыоева з аўтсайдара сваёй зоны расійскага Д4 «Сцяг працы» і арандаваў Уладзіміра Марухіна, які амаль не гуляў у «Нафтахіміку» з расійскага Д2.

Чатыры гульцы прыехалі з Казахстана, які 10 і 5 гадоў таму ўвогуле не быў рынкам для ЧБ. У «Іслач» – Мірас Кабееў, які некалькі месяцаў як пакінуў сістэму «Кайрата», у «Слуцк» – запасны «Атырау» Віталя Жукоўскага Аралхан Аміртаеў, у «Смаргонь» – асноўны гулец серадняка Д2 «Экібастуза» Мікаэль Аскараў, у «Дняпро » – футбаліст абоймы аўтсайдара літоўскай эліты «Джугаса» Даніл Анкудзінаў (рос і навучаўся ў Іспаніі).

На ўсе астатнія краіны – усяго тры новыя для Беларусі легіянеры! Двое з іх прыехалі ў Магілёў – у расійскіх «Хімак» арандаваны івуарыец Боні Амʼян (у мінулым годзе гуляў у Д2 Малдовы за «Саксан»), а з «Саліна» (Д2 Харватыі) прыйшоў бельгійскі кліент Селюка Ібраім Каргбо, які толькі аднавіўся пасля траўмы.

«Нёман» жа падпісаў Леанарда Гвета – камерунец заканчваў 2023-ы ў БФА з Д2 Літвы, але, у адрозненне ад яшчэ пары такіх афрыканцаў, прайшоў прагляд у Кавалевіча.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты