Tribuna/Футбол/Блогі/Помніце Мантарупа – француза, які гуляў за «Дынама» Чыжа? Вось чым ён займаўся ў апошнія гады

Помніце Мантарупа – француза, які гуляў за «Дынама» Чыжа? Вось чым ён займаўся ў апошнія гады

Дапамагаў «Рэну» выхоўваць таленты на дзясяткі мільёнаў еўра.

Аўтар — bytribuna com
17 красавіка, 06:04
Помніце Мантарупа – француза, які гуляў за «Дынама» Чыжа? Вось чым ён займаўся ў апошнія гады

Арэльен Мантаруп – адзін з нямногіх прадстаўнікоў старой Еўропы, хто засвяціўся ў чэмпіянаце Беларусі па футболе. Левы абаронца з Францыі выступаў за «Дынама» Юрыя Чыжа тры з паловай сезоны (2008-2012). У 2009-м дапамог камандзе ўзяць срэбра. Усяго за мінчукоў правёў ва ўсіх турнірах 74 матчы, у якіх забіў тры мячы. У студзені 2013-га футбаліст за 300 тысяч еўра перайшоў на Радзіму ў «Кан» з Лігі 1.

Карʼера футбаліста Мантарупа працягнулася яшчэ шэсць з паловай гадоў. Апошнія два сезоны ён адгуляў у «Рэне», дзе некалі пачынаў футбольны шлях. Праўда, выступаў за другі склад у Д4 і павесіў буцы на цвік пасля сезона-2017/18.

Мантаруп застаўся ў родным горадзе і адразу атрымаў працу трэнерам у акадэміі «Рэна», якая лічыцца адной з топавых у Францыі. Шэсць гадоў ён адпрацаваў асістэнтам галоўнага трэнера каманды U-19. Якраз з моладзеўкамі «Рэна» ва ўзросце да 17 і да 19 гадоў Мантаруп, калі быў юнаком, сам выйграваў чэмпіянаты Францыі.

Паралельна спецыяліст падвышаў кваліфікацыю. Улетку 2021-га яму выдалі дыплом аб вышэйшай дзяржаўнай адукацыі ў галіне футбола пасля вучобы ў Нацыянальным футбольным цэнтры – галоўнай футбольнай акадэміі Францыі.

Моладзевыя каманды «Рэна» выбудоўваюць сваю стратэгію футбола, абапіраючыся на гульню першай каманды, якая зараз ідзе ў сярэдзіне табліцы Лігі 1. «Наша задача – давесці нашых гульцоў да пэўнай тэхнічнай сталасці», – казаў у адным з інтэрвʼю Мантаруп.

Да чэрвеня мінулага года ён дапамагаў у «Рэне» Віа Ларану – экс-паўабаронцу «Манака» і чэмпіёну Францыі-1996/97. Французская моладзевая ліга падзеленая на чатыры раўназначныя падгрупы. Іх пераможцы не гуляюць паміж сабой, а чэмпіён краіны ва ўзросце да 19 гадоў не вызначаецца. Каманды здавольваюцца поспехамі ў сваіх падгрупах.

«Рэн» на сталай аснове выступае ў падгрупе С. Ужо ў першым сезоне (2018/19) з Мантарупам у трэнерскім штабе «чырвона-чорныя» занялі першае месца, да таго ж за 26 тураў прывезлі найбліжэйшаму праследавальніку 13 пунктаў. Паўтарыць поспех камандзе пакуль не ўдалося – наступныя чатыры сезоны «Рэн» займаў месцы з пятае па сёмае.

У моладзеўцы «Рэна» Мантаруп паспеў сутыкнуцца з вялікімі талентамі. Самы вядомы на сёння – 21-гадовы паўабаронца мадрыдскага «Рэала» Эдуарда Камавінга. Улетку 2021-га «Рэн» аформіў трансфер гульца зборнай Францыі ў Ла Лігу за 31 мільён еўра.

Другі сезон за «Баварыю» праводзіць 18-гадовы Маціс Тэль. Вінгер трэнаваўся ў Мантарупа да лета 2021-га, а роўна праз год яго прадалі ў Мюнхен за 20 мільёнаў еўра.

У 2020-м за «Рэн» U-19 паспеў пагуляць Леслі Угачукву. Сёння 20-гадовы апорнік належыць «Чэлсі», які мінулым летам аддаў за яго 27 мільёнаў еўра.

Мантаруп прыклаў руку да станаўлення пяці праспектаў «Рэна», якія сёння гуляюць за першую каманду «чырвона-чорных». Гэта абаронцы Гела Дуэ, Жанюэль Беласьян, Вармед Амары, Адрыен Труфер і паўабаронца Дэзірэ Дуэ. Агульны трансферны кошт пяцёркі Transfermarkt ацэньвае ў 63 мільёны віртуальных еўра.

У топ-5 еўрачэмпіянатаў сёння знаходзяцца яшчэ чатыры выхаванцы «Рэна» U-19 часоў Мантарупа – абаронца Ларанс Асіньён («Бернлі»), паўабаронцы Андзі Дыуф («Ланс»), нападнікі Лум Чаўна («Салернітана») і Маціс Аблін (« Нант»).

Улетку 2023-га ў акадэміі «Рэна» адбыліся сурʼёзныя кадравыя змены – закранулі яны і трэнераў. Разам з Ларанам давялося сысці ўсім яго памочнікам, Мантарупу ў тым ліку. Экс-дынамаўца нават не пакінулі ў структуры акадэміі. Юніёрскую каманду «Рэна» ўзначаліў Себасцьян Тамбурэ, вядомы па працы з U-19 «Седана», «Асера», «Меца» і «Марселя». Пасля леташняга шостага месца «чырвона-чорныя» пры новым трэнеры ідуць на другім радку, адстаючы на два пункты ад лідара «Ларʼена».

Расстаўшыся з «Рэнам», Мантаруп не пакінуў футбол. Цяпер ён спрабуе сябе як менеджар гульцоў – гэта даволі папулярны напрамак ў еўрапейскім футболе. Такі спецыяліст гатовы суправаджаць карʼеры футбалістаў, перадаваць ім свой досвед і дапамагаць рабіць выбар як на полі, так і за яго межамі. Праўда, імёны кліентаў Мантарупа нам пакуль невядомыя.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты