Tribuna/Футбол/Блогі/Былы памочнік Лукашэнкі па спорце, які пагарэў на туалеце, знайшоўся – у расследаванні пра гіганцкі хабар дыктатару

Былы памочнік Лукашэнкі па спорце, які пагарэў на туалеце, знайшоўся – у расследаванні пра гіганцкі хабар дыктатару

Цікавая кампанія Цяцерына.

Аўтар — bytribuna com
18 красавіка, 06:54
Былы памочнік Лукашэнкі па спорце, які пагарэў на туалеце, знайшоўся – у расследаванні пра гіганцкі хабар дыктатару

14 красавіка абʼяднанне былых беларускіх «сілавікоў» BELPOL выпусціла расследаванне пра жыллёвы комплекс «Усход», што размешчаны на беразе Мінскага мора. У відэа на падставе «злітых» з сістэмы дакументаў выбудоўваецца выразная сувязь: «Усход» – на самсправе адна з раскошных рэзідэнцый у карыстанні Аляксандра Лукашэнкі, пабудова і забеспячэнне якой, па сутнасці, сталі хабарам за стварэнне жылога комплексу «Мінск-Свет» у цэнтры беларускай сталіцы.

Спачатку «Мінск-Свет» (яшчэ пад назвай «Мінск-Сіці») асвойвала даччыная структура кампаніі «Ітэра», якой тады валодаў даўні сябар Лукашэнкі, расійскі мільярдэр з захапленнем веласпортам Ігар Макараў. Але потым вялікую будоўлю перадалі «Дана Холдынгс» іншых добрых знаёмых дыктатара – цяпер падсанкцыйных сербскіх братоў Карычаў. І да моманту здачы «Усходу», у 2014-м, яго валоданне ад структур, звязаных з «Ітэрай», перайшло да кампаніі, звязанай з «Данай» – такое вось «супадзенне».

Паводле паказаных BELPOL дакументаў, «Дана» да гэтага часу выдзяляе вялікія грошы на ўтрыманне «Усходу» – нібыта за пэўныя паслугі, якіх насамрэч не прадстаўляюцца. Дзякуючы даверанасцям дакументы з некалькіх бакоў увогуле можа падпісваць адзін чалавек. Але ёсць і іншыя фірмы – іх для імітацыі дзейнасці з вывядзеннем грошай у афшоры выкарыстоўваецца нямала. І сярод іншага ў відэа паказалі дамову з 2016 года аб перадачы рознай тэхнікі ў якасці «спонсарскай дапамогі» на адрас ТАА «Усход проперціз менеджмент», якое непасрэдна валодае рэзідэнцыяй, з боку асабліва цікавага нам ТАА «БелПакСнаб».

Сузаснавальнікам «БелПакСнаба» зʼяўляецца адна са структураў набліжанага да Лукашэнкі экс-кіраўніка беларускай тэніснай федэрацыі Сяргея Цяцерына. Гэтая кампанія ў 2016-м збіралася прадаваць у Пакістан трактары вытворчасці МТЗ, але ў выніку ў сувязі з гэтым у азіяцкай краіне разгарэўся карупцыйны скандал, і супрацу хутка згарнулі.

У той час дырэктарам «БелПакСнаба» значыўся Алег Качан – «міністр спорту» Лукашэнка з 2009 па 2012 гады. А пасля таго, як у 2017-м Цяцерын узначаліў БТФ, Качан вельмі хутка перайшоў у тэнісныя структуры.

А цяпер BELPOL выдаў яшчэ адну вельмі цікавую дэталь пра «БелПакСнаб» – аказваецца, яе заснавальнікам у дакументах значыцца Ігар Заічкоў, «палкоўнік» «МУС» Лукашэнкі. Карʼеру ён рабіў у БФСТ «Дынама», дзе падняўся да першага намесніка старшыні. А ў 2010-м Лукашэнка прызначыў «сілавіка» сваім памочнікам «па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму». Неўзабаве Заічкоў стаў і першым віцэ-прэзідэнтам «НАК» Лукашэнкі. Тым самым устаў нараўне з бацькам – Мікалай Заічкоў у пачатку 1990-х быў віцэ-прэзідэнтам НАК і намкіраўніка камітэта па спорце пры міністэрстве культуры (правобраза мінспорту), але з абедзвюх пасад сышоў у 1995-м праз канфлікт з Уладзімірам Рыжанковым, які ўзначальваў абедзве арганізацыі.

На АГ-2012 беларускія спартсмены ўзялі «ўсяго» 12 медалёў – што вельмі не спадабалася Лукашэнку. Ён да таго моманту даўно зрабіў «НАК» сваім, але адказнасць на сябе браць не збіраўся – а зладзіў разнос іншым на «алімпійскім сходзе» у кастрычніку 2012-га. Са словамі пра тое, што «настаў момант, калі трэба адказваць», Лукашэнка ва ўсім звінаваціў сваіх чынуш – віцэ-прэзідэнтаў «НАК» Генадзя Аляксеенку і Цяцерына плюс Заічкова і Качана. Неўзабаве ўсе чацвёра пазбавіліся пастоў, а Заічкоў заадно перастаў быць асабістым памочнікам дыктатара. Іранічна, што на гэтае месца Лукашэнка паставіў Максіма Рыжанкова – сына таго Рыжанкова, з якім некалі не спрацаваўся бацька Заічкова.

Ну а калі нехта з чынушаў Лукашэнкі становіцца яму непажаданым, то ў іх тут жа пачынаюцца праблемы праз справы, на якія раней сістэма заплюшчвала вочы. І на тым жа сходзе, калі слова дайшло да кіраўніка РЦАП па конным спорце Віктара Міхадзюка, дыктатар разгневаўся: «[Качан] прамаўчаў, памочнік [Заічкоў] таксама. Можа, вы раскажаце, як пілаваць, вазіць, будаваць. Хто даваў каманду асабнякі будаваць для службовых асоб? Качан кажа: «Мяне здымуць, дык давайце Міхадзюка паставім». Камбінацыя нармальная – можна далей будаваць асабнякі. Калі нешта пацвердзіцца, адразу кайданкі купляйце».

Пад усіх траіх згаданых у прамове людзей тут жа пачалі «капаць» – і цалкам паспяхова. У лютым 2013-га на Міхадзюка завялі «крыміналку» за «злоўжыванне паўнамоцтвамі» – спачатку са шкодай на дробную суму, якая да канца года значна вырасла. Ну а іншыя двое патрапілі ў вельмі дзіўную «справу»: дзве службовыя асобы лясгаса ва Уздзе былі «абвінавачаныя» ў тым, што ўзялі вырабленыя арганізацыяй для коннага цэнтра ў Ратамцы два драўляныя вулічныя туалеты і па ўказанні Міхадзюка даставілі замест пункту прызначэння на дачныя ўчасткі Качана і Заічкова, што было расцэнена як «крадзеж».

Аказалася, што гэтая сітуацыя толькі прыадчыняе вельмі каламутную схему, у якой разабралася выданне «Штодзённік». Качан, Заічкоў і Міхадзюк мелі ўчасткі ў адным месцы – яны нават былі абнесеныя адзіным плотам. Месца гэтае знаходзілася пад Мінскам і называлася садовым таварыствам «Мая ўсцеха», утвораным толькі ў пачатку 2012-га. Да гэтага с/т неверагодна хутка падвялі дарогі і электрычнасць – звычайна пры рэжыме такія працэсы доўжыліся гадамі, а тут усё было зроблена за лічаныя месяцы. Нядзіўна – як высветлілася, «Мая ўсцеха» быў створаны выканкамам Лукашэнкі па Мінскай вобласці, а зямлю ў таварыстве цалкам бясплатна атрымалі «чынушы» гэтага «ведамства» плюс некаторыя «патрэбныя людзі». Прыватызаваць такі ўчастак і пабудаваць на ім шыкоўны катэдж для сталага пражывання замест звычайнай дачы было ўжо справай тэхнікі.

«Калі справу [па крадзяжы прыбіральняў] пачыналі, меркавалася высветліць факты карупцыі Качана, Заічкова і Міхадзюка. Тады б адбылася звычайная ракіроўка абвінавачаных. Тым больш, што ўжо ёсць санкцыя [Лукашэнкi]. Але справа прыняла занадта круты абарот. Соль тут не столькі ў прозвішчах вакол зямельнай кармушкі, колькі ў іх колькасці. Тут пасуцца ўсе, павязаны кожны з кожным», – канстатаваў «Штодзённік».

У выніку на ўчастках Качана і Заічкова адразу пасля публічнага разносу проста хутка згарнулі ўсе працы (заадно павезлі прыбіральні). А зямлю працягнулі ціха прадаваць, запэўніваючы, што як толькі скандал уляжацца, да ўчасткаў хутка правядуць газ і ваду. Міхадзюк увесь час «расследавання» знаходзіўся на волі і нават уладкаваўся намдырэктара ў адну з дзяржструктур – а пра «суд» над ім ніякай інфармацыі знайсці не атрымліваецца. «Туалетную справу» на працаўнікоў лясгаса закрылі – потым «расследаванне» з гэтай нагоды двойчы аднаўлялі, але яно так ні да чаго і не прыйшло.

З таго часу Качан, паводле яго слоў, «памяняў некалькі месцаў працы», пра якія казаў толькі, што яны звязаныя з «камерцыйнай дзейнасцю, і гэта не вельмі проста, увесь час бʼе па кішэні». У 2020-м Качан адмовіўся расказваць «Трыбуне», чым займаецца. Вядома, што з 2018-га ён быў старшынём аддзялення БТФ па Мінскай вобласці, але ў канцы 2020-га сышоў з гэтай пасады «з прычыны змены асноўнага месца працы». Пра Заічкова ж з таго часу чуваць трэці раз – і другі ў кантэксце медыярасследавання: у 2016-м TUT.BY паведамляў, што экс-памочнік Лукашэнкі засвяціўся ў яшчэ адной кампаніі Цяцерына «БелГлобалСтарт». У 2017-м Заічкоў зʼяўляўся на прызначэнні Цяцерына кіраўніком БФТ, але ў якасці каго – ні адна крыніца не паведамляла.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты