Tribuna/Футбол/Блогі/Кіпер з Беларусі – спец па трафеях за мяжой: у яго іх тры за тры няпоўныя гады. А магло быць і больш

Кіпер з Беларусі – спец па трафеях за мяжой: у яго іх тры за тры няпоўныя гады. А магло быць і больш

І не скажаш жа, што Антон Чычкан шмат гуляе.

Аўтар — bytribuna com
4 траўня, 15:30
Кіпер з Беларусі – спец па трафеях за мяжой: у яго іх тры за тры няпоўныя гады. А магло быць і больш

За мяжой Антон Чычкан не гуляе і трох поўных гадоў – чэмпіянат Беларусі пакінуў у пачатку 2022-га. Але за гэты час прадэманстраваў зайздросную здольнасць збіраць трафеі за мяжой. Сярод іх кубак Польшчы – трэці ў непрацяглай легіянерскай карʼеры. А магло быць яшчэ болей.

У верасні 2022-га галкіпер на правах вольнага агента перайшоў з «Уфы» у тбіліскае «Дынама». На той момант сталічны клуб за дзесяць тураў да фінішу ішоў другім, адстаючы ад дынамаўцаў з Батумі на адзін пункт. Усе матчы да канца сезона Чычкан прасядзеў у запасе, адкуль назіраў, як яго новая каманда перахоплівае чэмпіёнства. І сваю ўзнагароду на шыю футбаліст атрымаў! Вось вам фотапацвярджэнне.

У снежні таго ж года брамнік пакінуў тбілісцаў, так ні разу за іх і не згуляўшы, і практычна адразу падпісаўся з віцэ-чэмпіёнам Грузіі, батумскім «Дынама». Беларус быў першым нумарам каманды да канца першага кола, паспеўшы правесці 16 матчаў пры 15 прапушчаных мячах. Калі Чычкан зноў шчыльна прысеў на лаву запасных, яго «Дынама» даволі ўпэўнена ішло лідарам у чатырох балах ад бліжэйшага праследавацеля. Галкіпер так больш і не згуляў у грузінскай лізе, але за два туры да фінішу батумцы ўзялі золата.

«Можна сказаць, чэмпіёнства доўгачаканае. Працяглы прамежак часу ў чэмпіянаце ў нас было «+9» адносна тбілісцаў. Як адзначылі? Спакойна. Зразумела, выплюхнулі эмоцыі пасля фінальнага свістка. Трохі пашумелі ў распранальні, схадзілі ў рэстаран усёй камандай з жонкамі і сяброўкамі», – расказваў беларускі брамнік-чэмпіён з чарговым медалём.

У другой палове 2023-га Чычкан мог заваяваць яшчэ больш тытулаў, аднак разам з клубам пацярпеў няўдачы ў двух фіналах. У ліпені па пенальці батумцы аддалі Суперкубак сталічнаму «Дынама» (1:1, 4:5). За той гульнёй з лавы запасных назіраў беларус, які ў пераможным паўфінале таксама ў серыі 11-метровых пацягнуў удар футбаліста «Тарпеда» Кутаісі (0:0, 6:5) – і сэйв стаў вырашальным. У Кубку Грузіі Чычкан адгуляў на ўсіх стадыях па 90 хвілін акрамя фіналу. У вырашальным матчы галкіпер застаўся на лаўцы, а батумцы саступілі «Сабуртала» 0:1.

Паміж апошнім чэмпіёнствам у Грузіі і перамогай у Кубку Польшчы мінула ўсяго пяць месяцаў. Фінальны матч стаў для Чычкана ўсяго другім за кракаўскую «Віслу». На мінулым тыдні легіянер дэбютаваў за каманду ў Д2 Польшчы, дзе каманда ідзе на пятым месцы ў двух пунктах ад трэцяга, – абараняў вароты ў пераможнай з «Падбескідзэ» (3:1).

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты