Tribuna/Футбол/Блогі/Непатрэбны Крывушэнку форвард забіў у сезоне столькі ж, колькі ўвесь БАТЭ, хаця поўных матчаў яшчэ не гуляў

Непатрэбны Крывушэнку форвард забіў у сезоне столькі ж, колькі ўвесь БАТЭ, хаця поўных матчаў яшчэ не гуляў

Павысіў тэмп амаль у 5 разоў!

5 траўня, 06:00
Непатрэбны Крывушэнку форвард забіў у сезоне столькі ж, колькі ўвесь БАТЭ, хаця поўных матчаў яшчэ не гуляў

У дзень 10-годдзя «Барысаў-Арэны» БАТЭ ўпершыню ў сезоне згуляў на сваім асноўным стадыёне. У 7-м туры вышэйшай лігі барысаўцы прымалі «Іслач», якую апошні раз абыгрывалі ў афіцыйным матчы ў фінале Кубка Беларусі-2021 (2:1). Вось і ў гэтым разам падапечныя Ігара Крывушэнкі не змаглі перамагчы – сустрэча завяршылася ўнічыю 1:1, а БАТЭ падоўжыў бязвыйгрышную серыю як у вочных матчах з «ваўкамі», так і ў самым чэмпіянаце да шасці матчаў.

Забітымі мячамі ў матчы вызначыліся былыя футбалісты каманд: у БАТЭ – Алег Нікіфарэнка, які выступаў за «ваўкоў» у сезоне-2022, а ў «Іслачы» – Аляксандр Шасцюк, які правёў у Барысаве мінулы год. Абодва галы святкаваць не сталі, хоць першы ў пачатку сезона запомніўся як раз такі эмоцыямі пасля мяча, што забіў у вароты іншай сваёй былой каманды – мінскага «Дынама».

Шасцюк жа сваім мячом падоўжыў галявую серыю. Цяпер на рахунку нападніка пяць галоў у апошніх чатырох матчах запар. Да сустрэчы з БАТЭ ён зрабіў дубль «Слуцку» (3:1), забіў «Нёману» (2:0) і «Тарпеда-БелАЗ» (1:0) у першым паўфінальным матчы Кубка Беларусі.

Чатыры мячы ў чэмпіянаце дазволілі Шасцюку выйсці на другі радок у гонцы бамбардзіраў, які ён дзеліць з Міхаілам Гардзейчуком («Дынама» Брэст), Дзмітрыем Радзікоўскім («Арсенал»), Раймондам Адэолам («Дынама» Мінск) і Максімам Скавышам («Тарпеда-БелАЗ»). У лідарах спісу з пяццю выніковымі ўдарамі – абаронца «Славіі» Павел Чыкіда.

Цікава, што за ўвесь 2023 год у Барысаве Шасцюк забіў таксама пяць мячоў. Але ў чэмпіянаце – толькі «Белшыне». У Кубку – «Нёману», а яшчэ мінорным «Мёрам» і «Астраўцу». У кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў быў важны мяч у вароты «Партызані». Таксама за БАТЭ форварду ўдалося вызначыцца дзвюма галявымі перадачамі (у «Іслачы» такіх ён яшчэ не мае).

У Барысаве Шасцюку спатрэбілася 33 матчы, каб вызначыцца пяць разоў. У «Іслачы» яму хапіла для гэтага сямі сустрэч. Аднак тут усё ж больш правільным будзе звяртаць увагу на колькасць згуляных хвілін. У БАТЭ форвард звычайна выходзіў на замену, а з 33 гульняў цалкам правёў усяго два кубкавыя матчы. У выніку за сезон ураджэнец Брэста сумарна нагуляў 800 хвілін. У «Іслачы» пасля сямі матчаў, з якіх ён не правёў ніводнага цалкам, ужо набегла 388 хвілін – амаль палова ад усяго леташняга часу ў БАТЭ.

Але пакуль выніковасць Шасцюка на новым месцы ўражвае: калі ў Барысаве на гол у чэмпіянаце яму патрабавалася ў сярэднім 389 хвілін, то ў «Іслачы» хапае 82.

І яшчэ крыху лічбаў: за сем матчаў чэмпіянату БАТЭ здолеў адзначыцца чатыры разы – столькі ж, колькі ў турніры забіў Шасцюк. Нападнікі Аляксандр Шведчыкаў і Андрэй Панюкоў, якім, па словах Ігара Крывушэнкі, прайграваў канкурэнцыю Шасцюк, не такiя вынiковыя: расiянiн забiў двойчы, з гульнi i з пенальці, а беларускi форвард увогуле «маўчыць».

Сам жа Шасцюк, расказваючы пра пераход у «Іслач», пацвердзіў словы Крывушэнкі: маўляў, трэнер не бачыў асноўным нападнікам. А яшчэ зазначыў, што «БАТЭ цяпер перажывае не найлепшыя часы», i «Іслач» падалася больш перспектыўным варыянтам».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты