Tribuna/Футбол/Блогі/Фінал Кубка Беларусі пройдзе без галоўных трэнераў. З Кавалевічам усё зразумела, але што нарабіў Камароўскі?

Фінал Кубка Беларусі пройдзе без галоўных трэнераў. З Кавалевічам усё зразумела, але што нарабіў Камароўскі?

Ёсць версiя, але трэнер лiчыць абвiнавачваннi паклёпам.

18 траўня, 18:00
Фінал Кубка Беларусі пройдзе без галоўных трэнераў. З Кавалевічам усё зразумела, але што нарабіў Камароўскі?

8 траўня вызначыліся фіналісты Кубка Беларусі. У Жодзіне «Іслач» здолела ў дадатковы час уратавацца ад паражэння з «Тарпеда-БелАЗ» (1:1) і забяспечыла сабе ўдзел у вырашальным матчы пасля мінімальнай хатняй перамогі. «Нёман» жа абыграў мінскае «Дынама» 2:0, і гэта дазволіла пераважыць няўдачу ў гасцях 0:1.

Абедзве сустрэчы былі звышэмацыйнымі. У Гродне галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч выказваў незадаволенасць судзействам Сяргея Сцяцурына і не саромеўся ў выразах. Асабліва яркім атрымаўся спіч пасля свістка на перапынак, які патрапіў у прамую трансляцыю.

Увага! Вiдэа нiжэй змяшчае мат. Строга 18+!

Пасля перапынку Кавалевіч не супакоіўся і, калі яго каманда забіла першы мяч, нешта сказаў рэзервоваму арбітру, за што атрымаў ад Сцяцурына прамую чырвоную картку. Кантрольна-дысцыплінарны камітэт (КДК) АБФФ пакараў коўча па артыкуле 70 «Сур'ёзныя парушэнні правілаў гульні супраць афіцыйных асоб матча» і прызначыў штраф ў памеры 800 рублёў і дыскваліфікацыю на 4 матчы.

Цікава, што «Нёман» без свайго галоўнага трэнера ўжо паспеў правесці дзве сустрэчы ў ЧБ (са «Славіяй» і «Арсеналам») і дамогся ў іх мінімальных перамог. У абодвух Кавалевіч падтрымліваў падапечных з трыбун у клубным шаліку.

Галоўнаму трэнеру «Нёмана» да канца дыскваліфікацыі засталося два матчы: 21 траўня ў ЧБ са «Слуцкам» і 25-га – кубкавы фінал з «Іслаччу».

Дарэчы, Кавалевіч ужо назіраў за матчам сваёй каманды ў фінале Кубка Беларусі з трыбуны. У 2012-м, быўшы галоўным у «Нафтане», ён занадта бурна адзначаў гол Алега Шкабары ў фінале супраць «Мінска», за што быў выдалены галоўным арбітрам той сустрэчы Сяргеем Цынкевічам. Тады камандзе Кавалевіча гэта не перашкодзіла – навапалачане перамаглі (2:2, 4:3 па пенальці).

Але цяпер i ў супернікаў «Нёмана» не будзе галоўнага трэнера на лаве запасных. Справа ў тым, што ў паўфiнале Жодзіна змагло забіць «Iслачы» на 120-й хвіліне. Аднак мяч не быў залічаны – галоўны арбітр Дзмітрый Дзмітрыеў убачыў фол у атацы з боку Дзяніса Лапцева, які эмацыйна стаў даводзіць памылковасць рашэння, за што атрымаў прамую чырвоную, а пасля 800 рублёў штрафу і пяць матчаў дыскваліфікацыі па тым жа артыкуле, што і Кавалевіч. Пасля гульні галоўны трэнер жодзінцаў Дзмітрый Молаш назваў рашэнне не залічваць мяч у канцоўцы «забойствам».

Аказваецца, эмоцыі перапаўнялі не толькі прадстаўнікоў «Тарпеда-БелАЗ». 17 траўня КДК па выніках той жа гульні пакараў галоўнага трэнера «Іслачы» Дзмітрыя Камароўскага і яго асістэнта Дзмітрыя Макара па артыкуле 69-6 «Абразлівыя паводзіны да, падчас і пасля матча ў дачыненні да супернікаў і іншых асоб» і прызначыў пакаранне ў выглядзе дыскваліфікацыі на тры сустрэчы і штрафа 400 рублёў. Але вiдэа гэтых самых паводзiнаў не аказалася. Дык што ж адбылося?

Па iнфармацыi партала «Беларускі футбол», галоўны трэнер «Іслачы» разам са сваім асістэнтам адразу пасля фінальнага свістка павярнуліся да трыбун, дзе ў асноўным былі заўзятары гаспадароў, і сталі актыўна жэстыкуляваць. Паводле паведамлення крыніцы, спачатку іх рухі былі падобныя на святкаванне Алега Нікіфарэнкі перад лаўкай мінскага «Дынама» ў чвэрцьфінале Кубка. Вось як яно выглядала.

А працягнулi коўчы «Iслачы», маўляў, «жэстам Арцёма Канцавога з 2012 года» – як мы можам паглядзець, гэта значыць кулакi ў вобласцi пахвiны, жэст з, так бы мовiць, сексуальным падтэкстам. Канцавы, якi зрабiў такое ў свой час у матчы за БАТЭ супраць «Гомеля», тады атрымаў таксама 3 матчы бана (адзнака 4:20).

Але 18 траўня прэс-служба «Іслачы» апублікавала падрабязны каментарый Камароўскага. Накот незалічанага гола жодзінцаў той сказаў, што свісток Дзмітрыева прагучаў адразу пасля фола Лапцева і такія моманты «нават VAR не разглядае». Але большая частка каментарыя Камароўскага тычылася рашэння КДК у дачыненні да яго і Макара.

Па-першае, коўч «Іслачы» абурыўся часам прыняцця рашэння – па Лапцеву разабралiся 10 мая, і калі б рашэнне па трэнерах было прынята яшчэ тады, то трохматчавая дыскваліфікацыя скончылася б да фіналу Кубка. Абурыўся Камароўскі і штрафам, заўважыўшы, што 400 рублёў ён і Макар зарабляюць «крывёй і потам».

Але ж галоўнае – Камароўскі поўнасцю адвяргае версiю «Беларускага футбола».

– Пасля фінальнага свістка я павярнуўся да сваёй лаўкі і падняў рукі ўгору. Гэта звычайны жэст радасці. Падняўшы вочы на трыбуны, я ўбачыў нашых хлопцаў, [у тым лiку] Глеба Роўду, якога «зламалі» падчас перадсезонкі ў матчы з «Тарпеда-белАЗ». Прамільгнула думка: «Глеб, гэта і для цябе, сябар». Усё гэта працягвалася 3-4 секунды. Развярнуўся і адправіўся на поле, каб падзякаваць камандзе і нашым заўзятарам, – сказаў Камароўскі.

Рапарт дэлегата Глеба Стахоўскага, якi лёг у аснову бана ад АБФФ, Камароўскi назваў хлуснёй.

У рапарце [сказана], што мы з Макарам правакавалі заўзятараў каманды-суперніка абразлівымі паводзінамі, выкрыквалі правакацыйныя словы. Пазначана, што мой памочнік дэманстраваў абразлівыя жэсты. Гэта паклёп! У рашэнні КДК напісана, што мы сваю віну не прызналі. Нам што, саміх сябе абгаварыць?! Я і падумаць не мог, што вынясуць такое абсурднае рашэнне, якое ніяк не абгрунтавана, – сказаў Камароўскі.

У канцы коўч «Іслачы» нагадаў, што як гулец выдаляўся ўсяго раз, а як трэнер наогул не атрымліваў картак і дыскваліфікацый. А яшчэ задаў гіпатэтычнае пытанне наконт таго, што фiнал таксама будзе ў Жодiне: «А калі ўявіць, што мы нейкім цудам зможам выйграць 25 траўня? Мы будзем павінны падняць трафей перад гэтай жа трыбунай у Жодзіне. Няхай патлумачаць, як правільна дзейнічаць у такой сітуацыі, бо нам не дазваляюць падымаць рукі падчас святкавання сваіх перамог».

Адзначым, гэта не першы раз, калi адразу некалькi трэнераў «валкоў» трапляюць у падобную гiсторыю. У 2023-м за адзiн матч былi выдаленыя адразу два коўчы дубля «Iслачы», якiя былi незадаволеныя судзействам.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты