Усе навіны

Экс-гімнаст Букін: «Ужо недзе пасля 1996 года з Беларусі пачалі з’язджаць трэнеры і гімнасты. Справа была ў заробках»

19 кастрычніка 2022, 10:26

Экс-гімнаст і артыст Cirque du Soleil Сямён Букін у інтэрв’ю «Трыбуне» распавёў аб прычынах заняпада у беларусскай спартовай гімнастыцы.

– Некалі ў спартовай гімнастыцы беларусы ўсіх рвалі. Калі ўсё змянілася?

– У 2001 годзе беларуская зборная выйграла чэмпіянат свету, гэта быў фурор, і дзесьці пасля гэтага пачаўся спад. Але ўжо недзе пасля 1996 года з Беларусі пачалі з’язджаць трэнеры і гімнасты, вельмі шмат хто аказаўся ў ЗША.

– Чаго ім не хапала ў Беларусі?

– Справа ў заробках, яны былі вельмі маленькія. Фінансаванне і да гэтага было не лепшае, той жа [трэнер] Уладзімір Ваткін з’ехаў за мяжу раней. Яму абяцалі і добрыя заробкі, і кватэру, [а ў выніку] ён працаваў толькі за кошт велізарнага жадання. А потым Ваткіну гэта надакучыла, і толькі калі ён сабраўся з’ехаць, яму сказалі, маўляў, заставайся, мы даем табе кватэру. Не дапамагло, ён з’ехаў.

Ведаю, што ў Савецкім Саюзе быць трэнерам было вельмі паважана, а потым стаўленне да прафесіі пачало пагаршацца. Так што прычына заняпаду – у кадрах: толькі трэнеры рабілі гімнастыку.

– Што ж трымала спартовую гімнастыку ў Беларусі да пачатку нулявых? Савецкая спадчына?

– Так. У Савецкім Саюзе нікому не плацілі шмат, а ў 90-я краіна перарадзілася, з’явіліся багатыя людзі. Трэнеры пабачылі, што яны могуць пакінуць краіну і пачаць зарабляць, таму і з’ехалі. Думаю, што калі б у Савецкім Саюзе людзі маглі з’язджаць, гімнасты з’ехалі б раней, і не было б славутай савецкай зборнай па спартовай гімнастыцы. Людзі ў тыя часы працавалі толькі на энтузіазме, – расказаў Букін.